Побач з касцёлам у Хатаве стаіць помнік былому пробашчу мясцовай парафіі ксяндзу Люцыяну Хвецьку. Старажылы хатаўскіх ваколіц памятаюць гэтага святара і яго трагічную смерць 70 гадоў таму. Для хатаўчан кс. Хвецька быў іх душпастырам цягам пяці гадоў. А ў гісторыі нашай краіны ён застаўся адным з пачынальнікаў беларускага каталіцкага руха.
Люцыян Хвецька нарадзіўся 22 лістапада 1889 г. у вёсцы Малышоўка Сакольскага павета Гродзенскай губерні ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў народнай школе ў Дуброве і гарадской вучэльні ў Саколцы. У 1907 г. паступіў у духоўную семінарыю ў Пецярбурзе і пасля яе заканчэння працягваў тэалагічную адукацыю ў Пецярбургскай рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі, якую закончыў у 1915 г. са ступенню магістра тэалогіі. 31 мая 1914. г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Працаваў выкладчыкам літургікі і аканомам у духоўнай семінарыі, а пасля яе закрыцця бальшавіцкімі ўладамі з 1918 г. выконваў абавязкі вікарыя і адміністратара петраградскай пракатэдры.
Люцыян Хвецька быў адным з пачынальнікаў беларускага каталіцкага руху: заснаваў беларускі гурток у Акадэміі, супрацоўнічаў з віленскім каталіцкім штотыднёвікам «Беларус» (1913 — 1914 гг.) і петраградскім часопісам «Светач» (1916 г.), у якіх пад псеўданімам Л. Малышэвіч змяшчаў свае папулярныя артыкулы. Ва ўмовах пэўнай лібералізацыі палітычнага жыцця ў Расіі ў маі 1917 г. заснаваў сумесна з кс. Фабіянам Абрантовічам Хрысціянска-дэмакратычную Злучнасць, якая запачаткавала шматгадовую дзейнасць беларускай хадэцыі, быў суарганізатарам з’езду беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (24 — 25.05.1917 г.), летам 1917 г. заснаваў у Петраградзе выдавецтва «Люцыян Хвецька и суполка», якое пачало выпускаць беларускамоўную каталіцкую літаратуру і часопіс «Крыніца». Вядомыя дзве кніжкі, выдадзеная гэтай суполкай у 1917 г. Абедзве надрукаваныя лацінкай. Гэта былі "Касцёльныя песні / Сабраў Вінцэнты Гожэльняскі" (30 старонак з нотамі). Аўтарам другой быў ксёндз Аляксандр Астрамовіч: "Зязюля А. Слова праўды аб мове і долі беларуса (пасвячаю беларускай моладзі): [Верш(ы)]". Яна мела 16 старонак.
У сакавіку 1923 г. кс. Хвецька быў арыштаваны і ў маскоўскім працэсе арцыбіскупа Яна Цепляка і групы петраградскіх святароў асуджаны на 10 гадоў турэмнага зняволення. У выніку савецка-польскага пагаднення аб абмене палітычных вязняў быў датэрмінова вызвалены і ў лютым 1925 г. дэпартаваны ў Польшчу. У 1925-26 выкладаў Закон Божы ў мясцовасці Шыманова пад Варшавай. У канцы 1920-х гадоў, дзякуючы падтрымцы біскупа Эдварда Ропа, працаваў рэктарам Місіянерскага інстытута ў Любліне (1920-31). Займаўся між іншым унійнай працай сярод праваслаўных. У 1926 — 1931 гг. працаваў рэктарам Місіянерскага інстытута ў Любліне, адкуль быў пераведзены ў Пінскую дыяцэзію. Пачаткова служыў пробашчам у Ставах, а з 1933 г. працаваў у дыяцэзіяльнай курыі і Пінскай духоўнай семінарыі, у якой выкладаў пастаральную тэалогію, чытаў лекцыі па беларускай і рускай мовах.
У верасні 1939 г. ён прыехаў працаваць у Хатаву. Тут падчас нямецкай акупацыі ён стаў аб’ектам нападаў і пабояў мясцовых рабаўнікоў, якія называлі сябе партызанамі. У лютым 1944 г. падчас аднаго з такіх нападаў ксёндз Люцыян уцёк з плябаніі ў бялізне і босы, моцна прастудзіўся, захварэў і 28 красавіка 1944 г. памёр у стаўбцоўскім шпіталі. Пахаваны пры хатаўскім касцёле.
Паводле Юрыя Туронка, часопіс "Наша вера", 2004.
Адзіная захаваная выява кс. Хвецькі. |
Так кс. Хвецьку паўстагоддзя таму ўзгадваў айцец Віталіс Хамёнак.
"Кс. Пралат Люцыян Хвецька – народжаны 22.XI.1889 – паходзіць із так званай «ксяндзоўскай бацькаўшчыны», якой называлася мясцовасьць Дуброва ў Горадзеншчыне: адтуль бо шмат выйшла каталіцкіх сьвятароў і наагул духоўных дастойнікаў, кожная амаль сям’я ганарылася там сваім родным ксяндзом. Із калежэнскае мянушкі «Мацюк» можна дагадвацца, што гэтак называлася яго родная вёска «Мацюкі». Дуброва ўраджайная была ня толькі наагул на духавенства, але – на тыпы арыгінальныя, чыста беларускія духоўніцкія. Адным з такіх тыпаў фактычна й быў Дастойны Кс. Пралат Люцыян (сын Антося) Хвецька: скромная, простая, шчырая, паўстрымна-спакойная, амаль заўсёды зраўнаважаная, душа. Гэныя дадатнія прыкметы (свомасьці) характару хіба шмат залежалі й ад ягонай здаровай моцнай ды прыстойнай натуры фізычнай: стройны рослы сьветла-русы сымпатычнага выгляду мужчына. Старанная й высокая адукацыя яго (у Сэмінарыі й Дух. Акадэміі Петраградзкай) давяршала гэтыя добрыя натуральныя кваліфікацыі яго дастойнасьці, ды апраўдывала асьпірацыі...
Па здабыцьці навуковай ступені Магістра Тэолёгіі ў ва ўспомненай Акадэміі, атрымоўвае ён становішча Прафэсара Літургікі ў Дух. Сэмінарыі і Эканома. Аўтар гэтых слоў меў гонар праз два годы слухаць ягоных выкладаў. Не энтуз’язмавалі, праўда, яны аўдыторыі надзвычайна, аднак давалі веду дастатковую. Абавязак Эканома ў тыя рэвалюцыйныя й ваенныя часы ў так вялікім ды неспакойным горадзе, як тагдышні Петраград, дык сапраўды вымагаў неабыякога спрыту й гэраізму. Гэты абавязак шмат перашкаджаў і прафэсуры ды іншай ідэйнай працы. Трэба ведаць, што кс. Хвецька ад ранніх студэнцкіх сваіх гадоў быў сьведамым і дзейным патрыётам беларускім. Належаў ён да таго, ведамага ў беларускай гісторыі, кружка духоўных акадэмікаў, зь якога выйшла многа выдатных дзеячаў хрысьціянскай нацыянальна-грамадзкіх, піянераў беларускага адраджэння. (Часопіс «Źnič». 1965. № 81. )
No comments:
Post a Comment