Сёння запрашаем у падарожжа па забытых пушчанскіх дарогах. Мы наведаем былы фальварак Крычаты альбо, як цяпер прынята называць мясцовасць, Крачаты. 300 гадоў таму гэты кавалачак Налібацкага краю лічыўся элітарным. Радзівілы арандавалі Крычаты нямецкім майстрам, якія працавалі ў Налібацкай шкляной мануфактуры і Шліфавальні каштоўных камянёў у Янкавічах. А як Крычаты выглядаюць сёння?
Энцыклапедыя падказвае, што назва мясцовасці можа паходзіць ад крэчата - птушкі з атрада сокалападобных сямейства сакаліных. Яе назва паходзіць ад праславянскага слова Krečetъ, якое, у сваю чаргу, узыходзіць да гукапераймальнага дзеяслова krekati.
Трапіць у Крычаты на аўтамабілі можна з некалькіх напрамкаў - з Прудоў, Хатавы і Янкавіч. Ровар альбо ногі даюць больш варыянтаў дабрацца ў вёску і гарантуюць больш маляўнічыя краявіды. Але мы сёння едзем машынай. Едучы па шашы з Налібак у Стоўбцы, мінуўшы Янкавічы, трэба павярнуць налева ў напрамку былога асфальтнага завода.
Мясцовыя называюць гэты лес крычатоўскім альбо Ваўкавенькай. З Янкавіч трапіць у Крычаты можна і карацейшым шляхам, павярнуўшы ўлева на вышыні дому, дзе нарадзіўся пісьменнік Генрых Далідовіч. Проста спытайцеся ў любога мясцовага - вам падкажуць.У Крычаты трэба кіравацца адтуль у бок ракі Шуры, да ракі гэтую тэрыторыю называюць Ляйтаркамі.
Знаёмцеся з нашым сённяшнім правадніком. Гэта Вікенцій Ключнік, ураджэнец Янкавіч. Спадар Вікенцій - ваенны журналіст. Шмат гадоў ён вёў перадачу "Арсенал" на Беларускім тэлебачанні, працаваў прэс-сакратаром Савета Бяспекі Беларусі і намеснікам рэдактара газеты "Звязда". Цяпер ён жыве ў Мінску, але пра родныя мясціны не забываецца. У Янкавічах жыве яго мама пані Катажына. У вольную хвіліну сп. Вікенцій спяшаецца ў родныя Янкавічы.
Надвор'е - любата. Паветра - свежае. Неба - чыстае, як сляза. Рушым лясной дарогай. Час ад часу спыняемся, каб агледзецца, ці не схаваўся выпадкова дзе грыб пад дрэвам. Неўзабаве дарога макрэе, пераходзячы ў лужыны. Шкада машыны. А мо і да лепшага. Пройдземся ды падыхаем.
Праз пару дзесяткаў метраў ад "паркінга" нас сустракае лясная рачулка. Яна імчыць на поўнач, каб праз некалькі сотняў метраў уліцца ў Шуру.
Кожная мясціна ў Налібацкім краі дыхае гісторыяй. Вельмі часта, на жаль, трагічнай. Дакладна ў гэтым лесе 8 жніўня 1943 года быў забіты пробашч Дзераўнянскай парафіі кс. Павел Должык. Яго арыштавалі падчас аперацыі "Герман", якую немцы пачалі для таго, каб расправіцца з партызанамі. З польскім падполлем супрацоўнічаў дзераўнянскі вікарый Мечыслаў Сувала. 8 жніўня нацысты прыехалі ў плябанію па яго, але вікарыя не было на месцы. "Адказваць" за партызана-святара давялося кс. Должыку.
Яго прывезлі сюды, у крычатоўскі лес і застрэлілі непадалёк ад дарогі. Парафяне самастойна арганізавалі пошукі свайго пробашча. Дзясяткі людзей штодзённа прачэсвалі лес. Праз некалькі дзён яго знайшла мясцовая жанчына, якая прыйшла ў Ваўкавеньку па ягады. Ксяндза пахавалі ля сценаў дзераўнянскага касцёла, зафундаванага Мікалаем Радзівілам у 1590 годзе.
Па традыцыі, пры ўездзе ў вёскі і на раздарожжах, вернікі ставяць крыжы. Для нас гэта яшчэ і знак, што мы набліжаемся да Крычатоў. Дарэчы, з Крычатамі ў жыхароў Налібацкай пушчы звязаны пэўны моўны каламбур. Калі нехта пытаецца - А куды гэта ты ідзеш? - то вельмі часта можна пачуць адказ: - Куды, куды, у Крычыты. Дык мы сёння як раз туды. Нам - улева.
Першае, што кідаецца ў вочы, дык гэта парэшткі былых будынкаў. Да вайны ў Крычатах было больш за 100 двароў і жыло каля 350 чалавек.
Карэнных жыхароў у Крычатах засталося двое. Гэта дом адной з іх, 90-гадовай пані Макасіхі, жонкі мясцовага лесніка. Пагаманіць з самой гаспадыняй нам, на жаль, не ўдалося.
У школьныя гады сп. Вікенцій катаўся гэтымі сцежкамі на ровары. Ён прыгадвае, што некалі праз Крычаты нават ішла брукаванка паабапал якой стаялі вялізныя дрэвы. Сёння па ёй няма і следу.
А гэта, магчыма, рэшткі тых дрэваў, якія некалі ўпрыгожвалі гасцінец праз Крычаты.
Мы ідзем галоўнай вуліцай Крычатоў і амаль увесь як левы бок адгароджаны невялічкім каменным плотам, які паступова пераходзіць у метровы цагляны мур. Але гэта ўжо сучасная спаруда, сэнс якой не да канца зразумелы.
- О, Крычаты, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цвет, у ветры дзікім не загінеш, чарнобылем не зарасцеш - перафразуючы нашага класіка Ўладзімера Дубоўку хочацца сказаць і пра гэтую вёсачку. Але, на жаль, Крычаты ўсё больш зарастаюць.
Але пакуль у Крычатах жывуць тутэйшыя жыхары, мы не маем права так казаць. Мы крочым да Вікторыі Чарняўскай, адзінай крычатоўкі з якой нам пашчасціла сустрэцца.
Яе дом стаіць акурат пасярод вёскі. З вуліцы не цяжка пазнаць, што пані Вікторыя жыве менавіта тут. З дарогі бачна, што дом дыхае і мае гаспадыню.
Пані Вікторыю мы знаходзім за працай. Яна нешта майстравала ў падпаведцы, нягледзячы на век - ёй 85 гадоў. Ад дапамогі спадара Вікенція яна з усмешкай адмаўляецца і кажа, што на сёння ўжо ўсё пароблена.
Зазіраем праз плот, а там ажно сем вулеяў. Але пчолы ёсць толькі ў адным, кажа пані Вікторыя. Раней усім займаўся гаспадар, але чатыры гады таму яго ня стала. Цяпер бортніцтвам займаецца сын, які прыязджае з Дзераўной.
Спадар Вікенцій размаўляе з гаспадыняй двара так, нібыта ніколі і не выязджаў з вёскі і не пражыў большасць жыцця ў горадзе. Яго беларуская мова такая ж чыстая як і ў пані Вікторыі. Магчыма таму яны ў момант злавілі супольную хвалю, гамоняць пра супольных знаёмых, вясковыя клопаты. Пані Вікторыя, хаця і бачыць госця ўпершыню (можа хіба бачыла, як ён малым хлопцам гойсаў побач на ровары і шастаў па калгасным гароху ці кукурузе насупраць яе хаты), імгненна прызнала ў сп. Вікенціі свайго.
А вось, дарэчы, і тое поле, дзе некалі расла кукуруза і гарох. Наш праваднік не змог ані пацьвердзіць, ані абвергнуць інфармацыю пра тое, што некалі частаваўся калгасным ураджаем. Адчуваецца, што чалавек не дарма працаваў прэс-сакратаром :-)
А мы, тым часам, просім гаспадыню дазволу прайсці праз яе двор да рэчкі Шуры. Яна дзівіцца нашаму пытанню, паказвае рукою на лес і выбачаецца, што трава не скошаная. - Уперад, пару год таму, яшчэ была сіла, дык сама касіла. А цяперака ўжо не той дух, не дам рады, - кажа пані Вікторыя.
А вось і Шура. Даўжыня рэчкі - 27 км., а плошча басейна - 99 км2. Пра Шуру мы ўжо пісалі вось ТУТ.
Сп. Вікенцій прызнаецца, што плаваць навучыўся менавіта ў Шуры. Гэтае ўменне не раз спатрэбілася падчас службы ў войску на Далёкім Усходзе. Дзякуючы майстар-класам на Шуры, сп. Вікенцій без вялікага высілку даваў рады выкупацца і ў Ціхім акіяне.
Усё неабходнае ў Крычаты прывозіць аўталаўка. Сваёй крамы ў вёсцы ніколі і не было. Нават электрычнасць сюды правялі не так даўно, недзе напачатку 1980-ых. Але сёння Крычаты маюць усе выгоды цывілізацыі. На слупах вісяць рэкламы па ўсталяванні спадарожнікавых антэн.
Вяртаемся з Шуры і пані Вікторыя ласкава запрашае нас у сваю хату. Як жа гэта так, каб абмінуць хату, ды тым больш у такога гасціннага гаспадара.
Сёння такія фіранкі і такія вокны робяцца рэдкасцю. На замену аўтэнтыцы прыходзяць пластыкавыя вокны і ралеты. Кожнаму сваё, як той казаў, але нам гэта прыйшлося вельмі да спадобы.
Пані Вікторыя сапраўдны радыёаматар. Тэлевізара яна не мае, пра усе навіны па-за Крычатамі - распавядзе прымач.
Як і амаль усе пушчанцы, пані Вікторыя вельмі набожная асоба.
Пані Вікторыя распавядае нам пра сваё дзяцінства. Яна паходзіць з Рудні Пільнянскай, гэта вёску пару кіламетраў ад Крычатоў. Некалі там працавала філія налібацкай гуты шкла, да вайны там было больш за сотню двароў, нават свая капліца. А сёння і Рудня ўсё больш нагадвае Крычаты. Пасля вайны ў Крычаты яе забраў муж.
Зазіраем адным вокам на куханьку. Яна, як і ўся хата, паліцца дровамі. Усё вельмі натуральна.
Гэта шыкоўная шафа дасталася пані Вікторыі ў пасаг. Яна яшчэ з "польскіх часоў". Яе гісторыя магла б скончыцца трагічна. Шафу некалі разбілі партызаны, бо шукалі ў ёй каштоўнасці, але тата нашай гаспадыні падмайстраваў яе дык так, што яна служыць ужо больш за 70 гадоў.
Ад нашага пільнага вока не схавалася і швейная машынка "Кайзер". Раней гаспыдыня часта на ёй шылы. - А сёння ўжо і вочы не бачаць - скардзіцца пані Вікторыя.
На пачэсным месцы ў гасцёўні - радыёла. Бяда толькі - што ўжо не гудзіць, але і выкідаць яе гаспадыня не хоча. Шкада.
Грэць печы ля стаяка - адзін з улюбёных заняткаў старэйшых людзей. А зімы ў пушчы ўсё яшчэ ўмеюць здзівіць.
Лаву некалі рабіў гаспадар. Крычатоўскаму мінімалізму маглі б пазайздросціць і скандынавы.
А мы дзякуем гаспадыні і не хочучы крочым далей. Пані Вікторыя яшчэ доўга пазірае нам услед, усміхаецца і махае на развітанне.
Такое вясёлае дрэва "вырасла" ля наступнага двара. Гаспадар - сапраўдны эстэт і вясёлы чалавек. Дэпрэсіўны характар сённяшніх Крычатоў ён разбаўляе колерамі.
А двор дык мог бы выкарыстаць для аднаго са сваіх фільмаў Кустурыца. Тым больш ён збіраўся нешта там здымаць у Беларусі, ці не пра партызанаў. Лепшае месца для такіх тэм, чым Налібацкая пушча, цяжка ўявіць.
З іншага боку вуліцы нашу ўвагу прыцягвае сімпатычнае лецішча. Брама адчыненая, а значыць гаспадар мо па набыткі ў краму паехаў.
Цікава, што раней пушчанцы будавалі свае склепы далей ад хаты. Логіка падказвае, што такая будыніна мае быць бліжэй каля хаты, каб было бліжэй ў міскай па капусту ці гурок скочыць. Але калі так будавалі многія, значыць быў сэнс і кропка. Дарэчы, некалі ў Крычатах гналі дабротны самагон. Нам распавялі смешную гісторыю, як аднойчы мужчыны вярнуліся з лесу, прывязалі каня да плоту і паставілі на ганку вядро з самагонкай. Самагоншчыкі былі, відаць, стомленыя пасля працы і не заўважылі, што каня прывязалі слабавата. Той падыйшоў да вядра і ўсунуў у яго сваю мызу, трэснуўшы пушчанкі.
Сёння большасць двароў у Крычатах скупілі гараджане. Тут яны зрабілі сабе лецішчы, а некаторыя ўжо на стала пераехалі жыць у лес. Дбаюць пра птушак, разводзяць пчол, дыхаюць свежым паветрам і купаюцца ў Шуры. Яна ж пад бокам.
Нехта будуе лецішчы ад асновы. І выходзіць вельмі сімпатычна. Мясціны тут такія, што кожны пазайздросціць.
Крычатоўская вуліца пераходзіць у дарогу на Пруды, а адтуль можна па асфальце даехаць да Налібак. А з Налібак па асфальце можна хоць да Лісабона.
А мы вяртаемся на "зялёны паркінг". Наш праваднік Вікенцій Ключнік не спашяецца заводзіць машыну, просіць пастаяць ля яе пару хвілін і падыхаць свежым паветрам. Адчуваецца, што гэты чалавек зжыты з гэтай зямлёй, атрымлівае асалоду ад шпацыраў па лесе і адчувае сябе тут, як шчупак у Шуры.
Ён ведае назвы лагчын, пагоркаў, лясных дзялянак. Распавядае гісторыю за гісторыяй пра мясцовых жыхароў, пра школьныя прыгоды, раз-пораз устаўляючы ў сваю гутарку мясцовыя сакавітыя слоўцы.
Сядаем у самаход і імчым у Налібакі, нашу сталіцу. Спадар Вікенцій кажа, што ён ведае нямала цікавых месцаў, якія неўзабаве пакажа нам. Ахвотна верым! Ён жа КЛЮЧНІК, хто як не ён павінен ведаць усе хады-выхады.
Фота Юліі Гурневіч, тэкст Дзмітрыя Гурневіча.
во первых кречеты тоже сожгли во время войны вот рудню пильнянскую нет
ReplyDeleteвсе дома в сюжете новоотстроенные
Дзякуй за ваш допіс. Пра ваенны лёс гэта не словы Вікенція Ключніка, гэта дадзеныя з архіва, бо на жаль нікога з мясцовых нельга пра гэта спытаць. У архіве ў дакуменце 1943 года ў спісе спаленых вёсак Крычатоў няма, а Рудня Пільнянская ёсць. http://www.db.narb.by/files/E4879E26-A2BA-11E3-9EA5-5535016DDE87.pdf
DeleteАле іншыя кнігі, як напрыклад Адама Сінякевіча, узгадвае, што Крычаты былі спаленыя і што да вайны там было 80 двароў і каля 350 жыхароў. Тое самае там гаворыцца і пра Рудню Пільняскую, што і яна была спаленая ў 1943 годзе.
Дзякуй за вашу заўвагу. Будзем высвятляць.
и про погреб
ReplyDeleteвы знаете что такое уровень грунтовых вод
так вот погреба поэтому и ставили у леса на горке
так как весною даже колодцы были полные воды
У прынцыпе Вы маеце рацыю, што на горцы трэба было б ставіць. Але там на здымку ён на тым жа ўзроўні, што і дом.
DeleteДзякуй, што адгукнуліся на маю просьбу і напісалі пра Крачаты! Я сам вырас у Крачатах і часта там бываю, ды ведаю ўсіх людзей, пра якіх Вы напісалі, асабіста. Што тычыцца брукаванкі, то яна на сам рэч нікуды не знікла, поверх яе проста паклалі гравейку. Кароткая дарога да Янкавіч пачыналася за домам Макасіхі. Там быў мост праз Шуру, ды такі моцны, што праз яго яшчэ ў 90-я праязджалі машыны! Спадзяюся, што калі-небудзь атрымаецца з Вамі сустрэцца, ды напісаць цікавы працяг пра Крачаты. Я дадаў Вас у фб.
ReplyDeleteДзякуй Вам за ідэю і Вікенцію Ключніку за дапамогу ў яе рэалізацыі. Дык значыць бук усё яшчэ ляжыць пад гравейкай на галоўнай вуліцы?
DeleteЯ гэтую гісторыю ведаю толькі па роспаведах жыхароў, бо гравейку вырашылі пакласці ў 80-х, а дагэтуль была, як тут кажуць, каменка. Дык поверх гэтый каменкі проста і паклалі новую дарогу. Крачаты сапраўды спалілі ў Другую Сусветную, а яе жыхароў вевезлі на працу ў Германію. Пасля вайны дадому вярнулася толькі меншая частка, таму колькасць жыхароў так значна зменьшылася.
DeleteThis comment has been removed by a blog administrator.
ReplyDeleteРознакаляровае дрэва - наша вынаходства! Мы вельмi удзячны за Ваш артыкул. Месца незвычайна прыгожае, а адсутнасць сталiчнага шуму робiць яго яшчэ i крынiцай натхнення!
ReplyDeleteДзякуй Вам за прыгожае дрэва. Аўтар фотаздымкаў Юлія была ў захапленні, што нехта ў Крычатах мае такі адметны погляд і добры настрой. Спадзюся, што некалі пабачымся ў Крычатах.
DeleteМiж iншым рознакаляровае дрэва - гэта дрэва жаданняу. Праверына на практыцы: усё сдзейснiваецца! Адзiнае правiла - загадваць добрыя жаданнi! Завiтайце.
ReplyDeleteВедаю аднаго крачатоуца якому ужо 90 гадоу.Гэта Адам Чарняускi. Яшчэ працуе загадчыкам вытворчасцi на невялiкай фабрыцы, ездзiць сам самаходам. Наведаць малую радзiму i родныя Крачаты здауна адмауляецца. Яшчэ s.p. Вацлау Грыгарцэвiч звау яго разам, але ён не хацеу: " Нiкога родных i знаёмых там не засталося."
ReplyDeleteДзякуй. пару разоў на год праязжаю праз Крачаты (звычайна з боку Хатавы на Пруды), але ніколі не затрымліваюся
ReplyDeleteадначасова і прыемна было прачытаць, і балюча, - як напамін пра няспынную дэградацыю налібоцкіх вёсак :-(