1 чэрвеня споўнілася 70 гадоў Генрыху Далідовічу. Прапануем вашай увазе аўтабіяграфічнае апавяданне-імправізацыю пісьменніка, ураджэнца Янкавічаў.
ПРА АЎТАРА
Генрых Далідовіч нарадзіўся 1 чэрвеня 1946 года i 15 гадоў жыў на хутары Амшарок, што быў паблізу сенняшняй вёскі Янковічы Стаўбцоўскага раёна. Гэта паспрыяла яму змалку спазнаваць палі, сенажаці i лес Налібацкай пушчы, жыццё хутаранцаў i вяскоўцаў i
па-свойму суадносіць усвядомленае з іншым светам - спачатку блізкім,
усябеларускім, а потым i з вялікім.
Скончыў Дзераўнянскую дзесяцігодку (1963), філфак Белдзяржуніверсітэта (1968), служыў у арміі i настаўнічаў на Барысаўшчыне (1968-1973), працаваў у аддзеле прозы часопіса «Полымя» (1973-1979), намеснікам галоўнага рэдактара (1979-1991) i галоўным рэдактарам (1991-2002) часопіса «Маладосць».
З 2003 года намеснік галоўнага рэдактара «Краязнаўчай газеты».
Генрых Далідовіч |
Навагрудку), літаратурна-гістарычнага эсы «БНР. БССР» (2002) i інш.
Многія творы перакладзеныя на мовы свету.
ВЯСНА
Генікаў дзед, Уладзіслаў Дойлід, услед за сваімі прадзедамі жыў у вёсцы, у Янкавінах, дзе за Радзівіламі, на ўскрайку, у Глінішчы, капалі гпіну i была майстэрня для шклозаводзіка ў суседніх Налібаках. Янкавіны з незапомных часоў аселі на выкарчаваным i выпаленым вялікім прагале паміж лесу Налібацкай пушчы, пасля, «пры паляках» (пасля 1921 года) іхнюю адзіную досыць працяглую, больш за вярсту, вуліцу забрукавалі, каб абладзіць больш чым за шэсцьдзесят вёрст гасцінец з Кляцішча, пушчанскай глыбіні, у Стоўбцы, да чыгункі. А па ёй быў праезд у царскую i савецкую Маскву, у царскую, потым «буржуазна-польскую», затым «народную» Варшаву.
Калі пасля першай сусветнай, грамадзянскай i савецка-польскай войнаў, урэшце за Рыжскім мірам ды вяртаннем з бежанства з расійскіх глыбінь той Уладзіслаў ажаніўся, адлучыўся ад бацькоў i з маладой жонкаю пры такой-сякой падрукоўцы польскіх улад пера- браўся на хутар Амшарок. Недалёка ад вёскі, за вярсты дзве (а польскія ўлады спрыялі аддзяліцца таму, каб «шчаслівец» высільваўся, абрабляў сваім потам паслялесавае поле, каб ужo абробленае перадаць асад- нікам - найперш тым прыезджым з Польшчы, хто дабіўся «цуду на Вісле»: «адбіў савецкі наступ на Варшаву i Еўропу, каб у той учыніць «сусветную рэвалюцыю» i ix абальшавічыць»).
У першую сусветную вайну царскія войскі янкавінскі люд пагналі ўглыб Раcii, у другую, у блакаду ў жніўні 1943-га, немцы i дапаможныя ім славяне з суседніх да Беларусі краёў вёску i хутары папалілі, учы- ніўшы «санітарную зону» для партызан: яны, як тады казалі, атаба- рыліся ў пушчы.
Пазней, калі фронт пакаціўся на Захад i гэтыя мясціны на нейкі час сталі безуладныя, вольныя, Генікаў бацька-бежанец першы вяр- нуўся дамоў з маладзенькай жонкаю, але сумеўся сяліцца на дзе- даўшчыне - на папялішчы ў пустэльнай, адзічэлай, па начах нават прывіднай вёсцы, падаўся, як раней i ягоныя бацькі, на хутар, у Амшарок. Там зладзіў зямлянку - выкапаў яміну, абклаў яе пад- валінамі, абставіў жэрдкамі, абкрыў ix галлём, кавалкамі з цёмна- зямлістага дзірвана. З ацалелай цэглы былой печы зляпіў грубачку з плітой, змайстраваў з плашак стол, ляжак, на ім матрац з сенам - вось першы іхні, Дойлідаўскі, хутаранскі «палац», што спрыяў выцерпець гора, выжыць i па-свойму непаўторна цешыцца маладосцю. У тым «хутарскім хораме» i нарадзіўся Генік - першае дзіця ў адроджаных яго бацькамі Янкавінах i іхніх хутарах. Ягоныя дзве сястры i два браты пабачылі свет ужо не ў землякопцы, a ў цывілізацыі - побач, у хатцы (пад адной саламянай страхой з хлевам, гумном i дрывотняй), а самая малодшая сястрычка - ужо зусім сучасна-культурная, нарадзілася ў вёсцы, пры электрычнасці). Зямлянка, калі пакінулі яе, доўгі час заставалася як склеп-спрат, пакуль не абсунулася сама па сабе.
Урэшце яе, каб не падалі туды i не калечыліся дзеці, зраўняў з зямлёй бацька, зусім па-сялянску не падумаўшы, што для кагосьці i чагосьці тут, на хутары, мог бы пасля быць музейны куточак. Дык, выходзіць, тая зямлянка i не была. Засталася толькі ў Генікавай паўсвядомай дзіцячай памяці. Больш - у сталых снах, якіх не заўсёды зразумееш i ад якіх, бывае, часамі вельмі цяжка - як ад памяці, што ты аднекуль з цяжкога выблытаўся i ўцалеў... Тая зямлянка з усіх Дойлідавых дзяцей засталася ў памяці, можа, найперш, Геніка-першынца. Малодшыя яе, тое паў- драўлянае, паўземлевае адмысловае жытло амаль не помняць. Так што i Генік - хутаранец-бывалец, «дзікун» Налібацкай пушчы». Так, ён - сын Яе Вялікасці Налібацкай Пушчы, хоць спазнаць у ёй шмат чаго не спазнаў.
Дарога з Янкавіч на Амшарок. |
Зямля яшчэ не адталая, вада без яе сокаў, але ўсё роўна настойваецца водарны пах; у вадзе, што здолела выбіцца наверх, весела купаюцца чарнаватыя (любілі зімою грэцца ў цёплым коміне, дык абпэцкаліся сажаю) вераб'і. Яе, гэтую ваду, з задавальненнем першы п'е певень ды кліча асвяжыць горла i курэй. Па тым, калі ганаркі курыны цар апусціць сваю свяшчэнную дзюбу ў вясновую вільгаць, многае значыла: калі ён рана нап'ецца вадзіцы, то i рана вол ускубе, наесца травіцы. Першыя вясновыя сакавітыя травінкі - паратунак для жывёлы, а з яе выжываннем, моцаю - ужо не надзея, a мажлівасць акрыяць i селяніну...
Яшчэ праз некалькі дзён поле абапал Амшарка стракацее: вакол чэзлы снег, а сярод яго, на ўзвышках, праталіны. У такія часіны, блізка каля Звеставання (Дабравешчання), бывала па-рознаму: здаралася, першыя з далёкіх, як старыя людзі казалі, цёплых турэцкіх берагоў прыляталі сюды пажыць, вывесці дзетак буслы, а то i нечакана, калі вясна зацягвалася i змрочыла больш, чым зімой, праніклівым холадам, зляталі з непрытульнага краю. Ды не, мабыць, зусім нечакана i самымі першымі заяўляліся жаўранкі. Адзін з ix, ледзь бачна хвалюючыся крылцамі, адзінока нізка вісеў над праталінамі і... не тужлівіў, a ўзбуджана спяваў!.. «Абспеўвае поле!» - радасна казала маці, што тады Геніку было зусім не зразумела, што такое - «абспеўваць поле?» Ён толькі пазней зразумее, што ў словах малаадукаванай маці - розум Сялянскай Энцыклапедыі... Вось, да слова, яна казала такое: да не адспяванага жаўронкамі поля нельга было чапаць зямлю, бо «яна пры родах». Як i нельга было ў рукі браць насенне: на тое прыйдзе свой час. Альбо: «Ой, якое маладое неба!» Гэта - яшчэ зімой, калі яно пачынае хораша выблакітнівацца i напаўняцца лёгкімі вандроўнымі абла- чынкамі. Адкрытая зямля, першая зелянота вельмі цешылі: за асабліва белую на хутары зіму засумоўвалі вочы па яркасці.
А яшчэ праз колькі туманіста-парнаватых начэй - ужо не руча- інкі, што цяклі з пагорачкаў уніз, a ў лагчынах на полі там i там вока вады, а на самым нізкім сярод ворыўнай зямлі поплаве, на старым, яшчэ асеннім лёдзе, - возера. Па ім, куды з розных бакоў збеглася вада-таліца, пры ветры нават адна за адной бягуць хвалі, i для палевіка-лесавіка Геніка - гэта дзівоснае мора (адзін з яго сваякоў жыў «за морам»). Не адзін i не два разы Генік з хутарскімі сябрамі спрабаваў па ім паплаваць (якое гэта вялікае жаданне для вясковага хлопчыка - пакатацца па вадзе i ўзляцець у неба!) Плавалі ў начоўках - дык не адзін раз i перакульваўся з ix у сцюдзёную ваду, за што строга ўшчувала нават маці (яна ніколі на ix, дзяцей, не падымала рукі, самае вялікае магла толькі хлістануць ручніком). Бярог Бог. Не прастуджаўся, хоць іншыя хваробы прычэпліваліся часта.
Ажыўлены бацька - рослы, з кучмай не зусім паслухмяных грэбе- ню русява-рыжаватых валасоў (яны, сыны, удаліся ў чарнявую маці), негаваркі, звыклы думаць-разважаць сам-насам i слухаць іншых - у адзін дзень пакідае работу ў кузні, i яны ладуюць новую шпакоўню. Якая радасць там, дзе бацька пазначыць вугалем ці крэйдай, пілаваць нажоўкай, хоць яна не слухаецца, скача ці рэжа крыва, а пасля забіваць цвікі ў дошчачкі малаточкам, што таксама непаслухмяны - то цвік гне, то па руцэ, якой трымаеш цвік, смаляне! Потым бацька прыб'е на бярозе той домік - колькі не глядзі, шпакоў няма i няма. Ажно крыўдна, a назаўтра яны ўжо тут - збіраюць па агародзе, што пахне цвілым, плесневым холадам, сухую траву, пер'е, носяць у сваё жытло, a неўзабаве яна - усярэдзіне, а ён сядзіць побач i падбадзёрвае свіс- там-песняй.
Цяплее. Поле сушэе, шарэе i ўсмоктвае ў сябе ваду; выпырсквае каля плота маладзенькая, яшчэ не пякучая крапіва (хутка з яе i буракоў ды костачкі з кубельца будзе спажыўное варыва), на заплесненых узгорках імкнуцца ўвысь дзьмухаўцы, падбел i ўжо хутка зацвітаюць, спрасоння лётае, басавіта гудзе адзінокі бухматы, ахаладнелы i агаладалы за зіму чмель. Пасля дажджу змываюцца цвіль i плесень, а тыя прасторы, дзе жыта, нібы накрытыя зялёнай коўдрай, ажно ўпіваешся вачыма той зеленню. Ужо не толькі курэй, але i авечак, карову i цяля, каня не ўтрымаць у цесным хляве, усе рвуцца на сонечны двор, а з яго на загуменне i не хочуць вяртацца ў цесныя, з утаптаным, але ўсё роўна з высокім подсцілам загарадкі.
Ды не заўсёды за яснотай i прыгрэўкам выцепліваецца. Бывае, раптоўна хмурэе, сцюдзёнее i ашмоццем падае мокры снег, а то нават i закружыць, замяцеліць ім. Пасля можа задоўжыцца яшчэ сіверны дождж, а з ім i непрыемны сыры холад. Перастае цурчэць бярозавы сок, нават абвісае ледзяшамі, пакутуюць паўраскрытыя, прыбеленыя пупышкі-кветкі на слівах, a яблыні ўвогуле застылыя - як i зімой, ні кветак, ні лісця. Паніклі не толькі прылётныя на першы цёплы подых шпакі, але i перазімаваныя тут вёрткія (асабліва каля курынага карытца), гавэндзістыя вераб'і. Як толькі ўз'юшаная непагадзь усё ж мусіць здацца, зноў, але больш падвысіцца, паблакітнее неба, зала- скавее, заярчыць i пальецца цяплом сонца, абкінецца празрыста- зялёненькім вэлюмам i пачне апушвацца лісцем наша бяроза, - маці (невысокая, бацьку па плячо, рухавая, рупная, гаваркая i пры добрым настроі жартаўлівая i песністая), Генік і яго сястрычка Ганначка (па-янкавінскаму Гандзя, Гандзячка) з узнёслым настроем ідуць у гародчык. Сястра яшчэ малая, але, як тая мурашачка, нязграбна ды ўвішна турзае да сябе i ад сябе граблі, ссоўвае леташняе лісце i бадыллё, ён з маці рыдлёвяць яшчэ ўвосень угноеную, цяпер пасыпаную попелам, пакуль што цяжкаватую зямлю, ускапанае маці раўняе, выгладжвае, выбірае затоеныя ў зіму белыя карэньчыкі, якія пазней ажывуць, пырснуць сваёй недагледжанай, але магутнай пустазелістай сілай... Вецер абвявае раллю i яна зверху сушэе.
У «добры» (спрыяльны) дзень» матуля дае ім, дзецям, апускаць у загадзя падрыхтаваныя ёй раўчучочкі днямі замочанае i цяпер крыху падсушанае насенне морквы, буракоў, гароху, а пазней летняга часнаку, цыбулі, агуркоў i гарбузоў. Маці ведае «ўрадныя» дні, як бацька знае, калі араць, сеяць увосень жыта, а вясной - авёс, садзіць бульбу.
Лецее. Вакол - на зямлі, на кустоўі i дрэвах - ужо ўгусцелая зелянота. Поплаў высахнуў i на ім усё больш шчодрыцца мурог, а ля копанкі, дзе ўвечар заліваліся сваімі спевамі жабы i дзе хутка будзе шмат хвастатых апалонікаў, малажаданая дружная асака (яе, жорст- кую, з неахвотай есць жывёла). Па баках поплава шыкуюць дзьму- хаўцы, ад ix у вачах ажно жаўціць. Абліліся бела-ружовай квеценню яблыні, i пры ix удзень ажно гул ад галодных пчолаў. Геніку i Ганначцы - строгі наказ: «пасвіць» ад катоў, варон i ястраба куранят. Па-сапраўднаму пасвілі i свіней. Бывала, на рахманай мацёры Генік i катаўся. А якая была радасць, калі аднойчы іхняя кошка ім, дзецям, на велізар- ную ўцеху выносіла з цёмнага гумна на светлы двор сваіх кацянят. Яны былі непрывыклыя да прасторы i яркасці, нязграбна тыцкаліся, блы- таліся нават у траве пры плоце i жаласна мяўкалі! I якія былі шчырыя дзіцячыя слёзы, калі бацька пакідаў самае «лоўчае» на мышэй кацяня (кошка выносіла яго першым), a астатнія раздавалі...
Генік i Ганначка праполвалі i праполвалі грады, вырывалі друж- нае, невядома адкуль узніклае пустазелле, каб яно не глушыла тое, што яны садзілі.
Першая, часамі ўжо i ў траўні (маі) навальніца - як удзень, дык пры ахмурэнні, а потым пры ацемніванні, пасяродку ажно счарнелае неба, плыве свежы подых, падаюць першыя цёпльм кроплі, прыпыр- сквае лёгкі дожджык, высвечваюцца першыя амаль бачныя маланкі i чуецца далёкі няблізкі рахманы гром, а потым у гэтую часіну альбо пазней яны набліжаюцца, i вось ужо дзіўны агонь жагнае неба, a дзіўны грукат грыміць, а пасля хлынае дождж. Калі навальніца ўночы, то - перасцярожлівы пошум дрэў яшчэ з маладой лістотай, блакітнае блісканне ўвысі і, можа, першы грозны перуновы ўдар, ад якога кудысьці далёка коцідца рэха. Могуць быць першыя неспакойныя, перасцерагальныя штуршкі прыгаршч вады ў шыбіны.
Пасля той першай страшнай ночы прырода нібыта ўлягалася, цішэла. Прыпя- кала, прыпарвала, а за тыдзень - трава па пояс, летняе рознаквецце. Значыць, наступае часіна для сенакосу. У Амшарку i далей дастаюць загорнутыя ў розныя прамасленыя анучкі косы i пачынаюць кляпаць ix. Генік любоўна назіраў, як бацька з пашанотай клаў на вострую бабку трошкі ўжо сточаную касу i не проста біў па яе вастрыі малатком, a выводзіў сваю музыку. Не кожны мог музыканіць - значыць, i не кожны здольваў дагледзець Яе Вялікасць Сялянскую Касу, якая ва ўмелых руках вытварала цуды, калі выбрывала да карэньчыкаў траву i спрыяла назапасіць харч для жыццёдайных для селяніна Божых стварэнняў, якіх чамусьці вырашылі назваць жывёлінамі!..
ЛЕТА
Для Геніка яно найперш запомнілася тым, што аднойчы ўдзень становіцца горача - значыць, грэба падымацца на світанні. Каб чым раней выгнаць на пашу карову, цяля i авечкі, далучьщь ix да суседскіх, напасвіць да прыпёку, да нападу на жывёлу аваднёў i сляпнёў.
На хутарскі статак ёсць свой «камандзір» - пастух дзядзька Пятро. Акалечаны, аднарукі i аднавокі, не можа як след працаваць на гас- падарцы, дык з ранняй вясны да позняй восені кожны год наймаецца пасвіць статак, узімку (о, дзіва!) i адной рукой ды цурбэлкам другой майструе. Робіць - люба паглядзець! - цабэркі, бочачкі, маслабойкі, вокны - усе, хто што папросіць. Генік па калейцы (чарзе) бывае ў яго падпаскам. Toe, што трэба нехаця падымацца на досвітку, не бяда: пазней будзе ўцеха. Дзядзька Пятро - бывалы чалавек, служыў у польскай арміі, адбіваў у Польшчы напад немцаў, быў у палоне ў Германіі, пасля зведаў Сібір, дык ён, хоць звычайна маўчун, можа i ўмее шмат расказваць цікавага. «Я люблю пагаварыць з вашым старэйшым хлопцам, - не раз гаварыў той яго бацькам. - О то кемна слухае!» Ёня шчэ ўмеў паказаць схаванае птушынае гняздо, злавіць зайчыка ці вожыка, навесці на паляну з салодкімі суніцамі, на сівамохавы барок з красунамі-баравікамі. А якія вабныя былі раскла- дзеныя цяпельцы, смачнае сала, сасмажанае на ражончыку, спра- жанае калоссем жыта альбо спечаная ў прысаку бульба!
Лета - канечне ж, i сенакос. Люба паглядзець, як лёгка, хораша шахкае касой бацька - не спяшаецца, пасоўвае ўперад ногі марудна, але захоплівае шырока i ажно выцінае траву да зямлі. Скошаная, без каранёў трава хутка прывяльваецца, пачынае саладжава пахнуць. A калі ён з маці разварушыць яе грабільнам, то ўсё больш ад яе ідзе водарны сухі пах, становячыся сенам, каб хутка трапіць у гумно, у застаронак, i ўлегчыся там (якія пазней смачныя сагрэтыя i падгнілыя ў сене дзічкі!) Калі ўжо хадзіў у школу, бацька купіў i для яго невялікую касу, наладзіў па яго росце кассе i рульку. Смех i гора было ад той яго першай касцовай навукі: каса то зарывалася ў зямлю, то скакала паверсе травы, то пакідала шмат космаў. Бацька i смяяўся, i злаваў з-за яго няўмельства, a Генік плакаў ад роспачы. Прытуліўшы, суцешвала маці: «Любы мой касец! Не бядуй, навучышся, будзеш касіць лепш за бацьку». Налаўчыўся, у старэйшых класах школы на саўгасным лузе ішоў у мужчынскім гурце не апошні ў калейцы, але за бацьку лепш не спраўляўся. Ды i ў таго доўга быў непераможац, дзядзька Мікалай - стаць паперадзе яго ніхто не асмельваўся: «каб не падрэзаў пяткі». Наладзіўся Генік i раздзімаць мяхі ў кузні, зубіць сярпы, араць.
Лета гарачэе, пячэ. Ажно мітусіцца-пераліваецца воддаль павет- ра; а пасля цяжэе, тускнее i парыць. Авадні i сляпні проста даймаюць быдла. Яно «гізуе» - церпіць-дерпіць крывапійцаў, а пасля ўжо не баіцца ні Пятровага вокрыку, ні яго доўгай пугі i сабакі, бяжыць дахаты з пашы. I не паслухмяна, ні на крок не збочваючы з дарогі, a сігае праз жыта, бульбу або грэчку.
Жыта вышэе i вышэе, шарэе, палавее і, як самае высокае на полі, гайдаецца ад ветру хвалямі. Найперш па ім відаць, як ад воблака, што засланяе сонца, бяжыць па зямлі цень, a калі сонца выплыве на несакаўны, прымлелы блакіт, то - побег святла па полі. Дзіўнае неба ў ясныя дні, калі па ім паволі, ледзь заўважна паўзуць лёгкія кучмы аблачын. Ляж на спінку, зірні ўгору: вунь статак кароў i авечак, сабака, воўк, які падкрадваецца да ix! Вунь абрыс дзядзькі Пятра! Праўда, прывіды тыя рухаюцца, расплываюцца i замест ix - штосьці казачна дзівоснае.
Двор у Янкавічах. |
Спачатку здалося, што гэта - дзядзька Мікалай (яго баяліся ўсе хутарскія дзеці нават за тое, што ён па «скарзе» маці мог прыстрашыць: «Ну, калі ты такі неслух, то забяру цябе пасвіць маіх пчол!» Кожны ж знаў, што пчала балюча джаліць). Дык вось неяк тая нябесная галава зірнула яшчэ болей насуплена, чым, бывае, глядзіць дзядзька Мікалай, нават грозна. Аж страшна стала: Ен! Генік ускінуўся, сеў - а вакол знаёмая прастора, i ўсё спакойнае, лагоднае (не, не зусім усё ціхае, нешта вакол знаёма зумкае, стракоча i шапоча), дык i палягчэла ад таго, што ты жывеш, сядзіш зроднена найперш з зямлёй...
Салодкі пах грэчкі, першы ўзятак мёду. Зажынкі на калгасным полі. Пад'ехаў грузавік; барты яго апушчаны, на ім - жвавы чупрыністы баяніст у хромавых ботах, чорных портках i белай вышыванай кашулі, абапал яго - гурт прыгожых маладзіц у доўгіх белых, з чырвонай нашыўкаю сукенках. Звычайна строгі, сярдзіты, асабліва тады, калі цвярозы ці зусім п'яны, былы партызан, а цяпер старшыня калгаса (пазней дырэктар саўгаса) Курагллдаў лёгка ўзлазіць на грузавік, пазвоньваючы, як у жменю ўзяць, ордэнамі i медалямі на пінжаку, i прамаўляе, заклікаючы «да бітвы за ўра- джай, які будзе мацаваць сацыялізм, мір ва ўсім свеце». Пасля яго прамовы - бадзёрыя песні i танцы. «Лішне ўсё гэта, - шэпча Геніку маці, - трэба жаць, а не тры- лінькаць сярод белага дня». I вось жанкі пачынаюць жаць зробленымі
Генікавым бацькам сярпамі (пазней пад'едзе i эмтээсаўская жняярка), i самая прыгожая, таксама святочна апранутая, не босая, як усе жанкі, a ў сандалях даяўчына (наша, хутарская! Генікава сваячка, Пётрыкава Тэця!) падносіць Кураглядаву першы сноп. Той бярэ, блізка туліць красуню, цалуе, а пасля дае ёй пададзены яму нашым жулікаватым брыгадзірам каробак дарагіх («чыкулядных») цукерак.
Праз хуткі час на ржышчы ўсё большае i большае снапоў, а ад ix у паветры пахкі водар свежай саломы; жанчыны жнуць, жартуюць, кпяць з тых, найперш з дзяўчат, хто часта выпростваецца, каб параў- няць спіну. Той-сёй з жанчын на полі з немаўлём - яно ляжыць у цяні ад мэндліка i час ад часу цененька падае незадаволены голас, пакуль не абхопіць губамі матчын смочак.
Генік з маці жнуць амаль наперадзе ўсіх, увішнейшая толькі цётка Гэля, яе нікому не ўдасца перагнаць (аднойчы сярод дня зусім нечакана надарыцца навальніца, жанчыны пахаваюцца ад дажджу пад мэндлікамі, i ў той, дзе стулілася самая рупная жняя, майстрыха на ўсе рукі, маці шасцярых дзяцей, смаляне маланка i заб'е яе, нешчаслівую, i малодшыя яе дзеці зведаюць цяжкую паўсіроцкую долю). Жнеі за дзень натомяцца, але i вясковыя, i хутар- скія ўвечар разыходзяцца з поля з жартамі i песнямі. Тады на хутарах не было тэлебачання, a ў многіх i радыё, дык у вольныя часіны дзяўчаты i маладыя жанчыны любілі часта збірацца разам у чыёйсьці вялікай хаце, скублі пер'е, ткалі (увосень), жартавалі i спявалі-спявалі. Праўда, не зусім весела пра жаночую долю. На дажынках ужо няма ні грузавіка, ні Кураглядава, дык жнеі спраўляюць ix самі. Ахарошвалі апошні сноп кветкамі i стужкамі, пакідалі, звязвалі з жыта «бараду» i з песнямі неслі сноп ці ў вёску, ці на хутар (прыносілі i ў Генікаву хату), дзе гасцей чакалі бліны з маслам, крупяная каша, а то i кожнаму кілішак (пазней дажынкі сталі «святам ураджаю» ў якой-небудзь вёсцы, куды наязджала нямала машын са скрынямі напітку i піва, маро- жаным, з артыстамі i слухачамі, дзе прамаўлялі хтосьці з райкома партыі i Кураглядаў, дзе пачалі ўсё больш i больш піць моцнае, лаяцца i часта біцца).
У адну жнівеньскую ноч, калі ўжо не раз абрасяньвалася, пацягваў холад ад восені, знікалі ластаўкі, што перад гэтым збіраліся i сядзелі гуртам; ржышча рыжэла, а па ім, калі ішлі дажджы, бралася розная маладая трава; пачынала ўсё больш жаўцець i ападаць лісце; у кожнай хаце, дзе былі дзеці, усё больш i больш было гаворкі пра школу... Асобна помняцца якраз летнія страшныя навальніцы, у якія, бывала, згаралі чыесьці хаты.
ВОСЕНЬ
I цяпер, у пажылым узросце, светла ўсплываюць успаміны пра той год, калі памёр Сталін («О, Божа, хоць бы не было вайны!») i калі з хваляваннем ішоў у першы клас янкавінскай пачаткоўкі, дзе іх чакалі прыезджыя маладыя, прыгожыя настаўнікі Вольга Кірылаўна i Генадзь Адамавіч. Вучні першага класа вучыліся з трэцекласнікамі ў першую змену, a вучні другога з чацвёртакласнікамі - у другую. Позняй восенню i зімой пісалі i чыталі пры падвешаных да столі лямпаў.
Геніку вучоба давалася лёгка: ён умеў ужо чытаць. Каб не сумаваў i не замінаў іншым, настаўніца давала яму зрабіць пешта асобна. Ды ён «не круціўся», вельмі любіў слухаць, як яна хораша гаварыла трэце- класнікам (на памяць засвойваў тое, што трэба было ведаць ім, a ў другім класе - тое, што патрабавалася ад суседзяў-чацвёртакласнікаў). I зачароўваўся, калі настаўніца прыгожа спявала. З-за ix, яе песень, закахаўся ў яе малечай любоўю...
Запомніўся i адзін дзень у школе, калі ў яе ўкуліўся страх: на перапынку яны, дзеці, не проста гулялі, а дурэлі, кідаліся абы-чым, i вось хтосьці выпадкова ўцэліў мокрай анучай у партрэт Сталіна - рамка ўпала, шкло разбілася, i хтосьці затаптаў, пацёр твар лагоднага вусатага дзядзькі. Звычайна жыццярадасная настаўніца, убачыўшы гэта, анямела, напужалася, пасля кінулася, сама выцірала сваёй хустачкай той твар. «Дзеткі, - узмалілася сашчэпленымі рукамі. - Нікому, нават дома, ні слова пра тое, што тут выйшла! Іначай...»
Дома, канечне, не ўсе змаўчалі пра гэты выпадак, але чутка з вёскі далей яе не выйшла. Хутка над дошкай вісеў новы партрэт таго, ужо мёртвага, але, выходзіць, больш грознага, чым Бог, чым Кураглядаў, чалавека...
Восень была ў розныя гады самая незвычайная - сонечная i сухая, марасяная, не проста дажджлівая, але мокрая, стылая, з прасветам i радасным першым i другім «бабчыным летам». Былі абмалот збажыны ў калгасным гумне, сушка i трапанне лену, попрадкі, калі моладзь, як i іхнія прадзеды, па вечарах гуртавалася ў чыёсьці не столькі прастор- най, колькі гасціннай хаце, дзе былі прыветлівыя гаспадары i неза- мужнія дзяўчаты. Ды наступалі i наступалі шэрыя, шэра-цёмныя, усё больш азмрачнелыя , штодзень карацейшыя дні, што пасля шчасліва абноўліваліся: пасля запускаў i посту пачыналася часіна шчаслівых вяселляў. I цяпер светла, хораша помніцца, як выходзіла замуж хутар- ская красуня Тэця - помніце, тая, што падносіла першы зжаты жыт- нёвы сноп старшыні калгаса на «ўрачыстым свяце ўраджаю». Запом- нілася не толькі белымі сукенкай i вэлюмам, але i тым, што маладая чамусьці была вельмі засмучаная, нават са слязьмі, што незамужнім дзяўчатам шчодра сыпала пад ногі зерне, а ix, малечу, адорвала смачнымі цукеркамі. Пасля — ды не, нашмат пазней Генік, можа, крышачку наблізіцца да пазнання яе слёз: яна, як i кожная дзяўчына, на сваім вяселлі маркоцілася не па завядзёнцы, яна... прадчувала сваю долю... Праз гадоў пяць яе муж, талковы чалавек, пакіне яе маладой удавой, дачку паўсіратою; памаркоціўжыся гады тры, яна выйшла замуж другі раз, нарадзіла сына, аднойчы карміла яго грудзямі i ўпала, але здолела дзіця пакінуць жывым...
Генрых Далідовіч з бацькамі на хутары Амшарок. |
Восень, маючы моц ад вясны i лета, не хутка здавалася: зляцелі многія птушкі, жоўта-чырвонае лісце апала, паступова пачарнела, абвадзянела, падгніло на зямлі, аціхла поле, аглушэў лес, пачарнела вада ў блізкай рэчцы, Немане, усё больш сілы набірае непагадзь, i вось першыя ўжо камякі бухмастага снегу (як Геніку хацелася якраз па гэтым першым снезе пабегаць босаму! Якраз - басанож, хоць за гэта маглі быць грозныя вокліч i лупцоўка ручніком па плячах! Не ўтрымацца было ад нейкай простай, але i не зразумелай дзёрзскасці i радасці!).
«Не, - казала маці, - зімы яшчэ не будзе. Mo i дзён сорак. Зямля яшчэ сырая, неастылая.» I, сапраўды, як запомнілася Геніку, у такія часіны зіма аснежвалася, суровела позна, нават за Калядамі. А то i пазней. Зіма (дзед Зюзя - стары ў белым кажуху, які лятае над зямлёй i сыпле з рукавоў белы пух) прыходзіла, набірала моц нечакана. I заў- сёды ў Янкавінах зімавалася па-рознаму. З зацяжнымі непрыемнымі, нудотнымі вадаспадкамі, стыллю ці, наадварот, з раннім суровым марозам, вялікім (ажно па стрэхі хат) снегам i мяцеліцамі.
ЗІМ А
О, яе Вялікасць Зіма! Гэта - не толькі на хутары, дзе жыў Генік, але i ва ўсім свеце штосьці незвычайнае, нават непаўторнае!
Як Генік добра помніць, на хутары вельмі чакалі маразоў i снегу - каб акрылася , адпачыла вораная i доўга нечапаная (папар) зямля, каб азімлівалася, каб пачалі свежаваць свіней.
Канечне, гарадскі насель- нік, бадай, гэтага як след не ўявіць, што гэта такое - свежаванне. Каб нечага трагічнага яны, дзеці, не зведалі, вепрука бацька калоў зусім рана, калі яны яшчэ бесклапотна спалі, a маці, палячы ў печы, затуляла вушы пальцамі. Каб нічога не чуць. А вось пасля, калі тая істота, што дасюль так беражліва гадавалася, ляжала ў ростырку на снезе i на ёй палаў куль саломы, Геніка будзіла маці, i ён ішоў памагаць бацьку - абсмальвалі, пасля мылі, скрэблі (бацька, зразумела, усё падпраўляў), каб пасля кормніка, перакуленага на знятыя з дрывотні дзверы, «разбіраць». Разбіраць - гэта не проста рэзаць альбо секчы, гэта - адмысловае сялянскае ўмельства, каб нешта было на сала, на мяса, на кілбасы i катлеты, на супы i булёны, на падсмажванне, на крывяную каўбасу, на сальцісон, на начынку на лета ў кіндзюку... I яшчэ - на дзялянкі сваякам i суседзям, якія частавалі свежанінай раней ці яшчэ пачастуюць. I, выбачайце, яшчэ дзецям была ўцеха - надзьмуты, а потым высахлы свіны посік з загадзя укінутым у сярэдзіну зернеткам гароху - так, адмысловы шар, якім дзеці забаўляліся, гулялі як мячом...
Зімой на бязлесным Амшарку адбірала вочы покрыва белізны, было вялікае раздолле для мяцеліц i снегавею. Ох, тады, у саракавыя i пяцьдзесятыя гады, былі i зімы! Бывала, намятала за ноч столькі снегу, што не толькі было цяжка адчыніць дзверы сянец. Хадзілі па платах, з бацькам Генік, як шахцёры, выкопвалі тунэль ад хаты да хлява, гумна i студні, i можна было з верху страхі з'язджаць на санках (што бацька рашуча забараняў, нават неадноцчы за гэта «ўзнагародзіў» Геніка сваім лякарствам - рэменем). Безліч разоў, калі пёк-смаліў мароз, бралі курэй i сялілі ix пад печчу, а ў хаце трымалі ягнят, цяля. Бацькам - клопаты i марока, а дзецям - радасць, якую нават цяжка перадаць сённяшнім словам!
Геніку пасля пачаткоўкі прыходзілася хадзіць у Налібацкую сямі- годку i Дзераўнянскую дзесяцігодку амаль за дзесяць вёрст; з ix вёрсг сем - праз Налібацкую пушчу. Маці будзіла раным-рана, можа, i ў гадзін пяць, намагалася пакарміць (якое едзіва ў такі час, калі вочы яшчэ зліпаюцца ад сну!), пасля - за «тэчку» (партфельчык), a ў ёй акраец хлеба i кавалак сала, агурок - i ў школу. Туды хадзілі гуртам, але здаралася, што Генік спазняўся, адставаў ад вясковых i тэпаў адзін. Лесам. Ды аднойчы - наперадзе воўк. Не пускае наперад; Генік адступіць - ён за ім, стане - таксама запыніцца. Вось так i вывеў з лесу на поле, а потым - да вёскі. Вярнуўся Генік дамоў, усё расказаў - маці ў роспачны плач: «Можа, не хадзі ты ў тую далёкую школу». Не, Генік зусім не спакусіўся на такую слабіну-аблёгку, ён заплакаў: хачу ву- чыцца. I прадоўжыў сваё.
Генрых Далідовіч з сынам Якуба Коласа Міхасём Міцкевічам. |
Калі снегу было няшмат, то яны, хутарскія дзеці, расчышчалі яго на поплаве, дзе вясной спрабавалі плаваць у начоўках, i каталіся па лёдзе на каньках (на драўляных калодачках з прымацаваным да ix спаднізу тоўстым дротам), гулялі ў янкавінскі хакей (ганялі, забівалі кіямі ў вароты бляшанку з-пад кансерваў) альбо начэплівалі на загадзя ўвосень усаджанае пасярод поплава, на копанцы, бярвенца кола, мацавалі да яго жэрдку , а да яе прывязвалі санкі. Хтосьці садзіўся на ix, a хтосьці піхаў перад сабой тую жэрдку - кола круцілася, a санкі ўсё больш несліся са свістам ветру за вушамі.
Зімой былі i іншыя радасці - скажам, калi ацельвалася карова i калі хутка зноў можна было паспрабаваць малака, смятаны, калі, надзяўбаўшыся гліны пад печчу i пачуўшы вясну, пачыналі несціся куры. Здараліся зімовыя начныя туманы, i Генік раніцай колькі разоў не мог ca свайго хутара трапіць у вёску, блукаў узбоч яе, дык каб не блытацца, шлях да цэнтра яе ўтыкалі хваёвымі ці яловымі галінкамі. ...
Шмат з таго жыццёвага кругабегу забылася ці не зусім помніц- ца, у які год што было, але, бывае, штосьці зусім неспадзявана i ярка ўсплыве з памяці. Як, да слова, аднойчы зімовай месячнай ноччу бацька паклікаў яго на двор i паказаў на блізкую нагонку: па ёй ішла вялізная гайня ваўкоў. Hi адзін сабака i на хутары, i ў вёсцы нават не абзыўнуўся ад вусцішу. Ці як да ix завітвалі цыганы, анучнікі, жабракі, бабыль Адвард. Маці карміла ix, пакідала на начлег, а яны прыносілі навіны, a анучнік з Івенца, Шлёмка, i Адвард дастаўлялі тое, што прасілі.
Каб цяперашняму Геніку пра ўсё тое, хутарское, напісаць як след, то, мабыць, не хопіць для гэтага яго жыцця. A ўвекавечыць словам свой «родны кут» трэба, іначай ён, неапеты, будзе безымянны, усяго толькі яшчэ аднымі нейкімі полем, лесам, людзьмі, вёскаю...
2004-2005
No comments:
Post a Comment