Княгіня Ганна Радзівіл (1676-1746) вельмі любіла ювелірныя вырабы. У яе калекцыі былі тысячы прадметаў з золата, срэбра, брыльянтаў, а таксама аметыста, яшмы, карнеола. Каштоўныя камяні ўпрыгожвалі пячаткі, табакеркі, покрыўкі для кіяў, якія Радзівілы дарылі сваім сябрам і знаёмым. Сустрэць іх можна ў музеях і прыватных калекцыях ва ўсім свеце. А нараджаліся гэтыя творы мастацтва ў вёсцы Янкавічы (Стаўбцоўскі раён), дзе Ганна Радзівіл у 1738 годзе стварыла мануфактуру па апрацоўцы напоўкаштоўных камянёў.
Ганну Радзівіл можна смела называць стваральніцай першых на нашых землях мануфактур паводле еўрапейскага ўзора. Гэта яна адкрыла фабрыкі дываноў у Нясвіжы і Карэлічах, люстраную мануфактуру ва Ўрэччы і шкляную гуту ў Налібаках. З Налібакамі звязаная гісторыя янкавіцкай мануфактуры. Гэтыя вёскі дзеліць усяго 4 кіламетры. Калі ў першай палове 18 ст. у налібацкім возеры пачаў змяншацца ўзровень вады, Ганна прыняла рашэнне падзяліць шліфавальню на некалькі цэхаў і два з іх перанесці ў суседнія вёскі Рудня і Янкавічы. Жыццё шліфавальні ў Рудні было нядоўгім, а вось шліфавальня ў Янкавічах вельмі хутка стала самастойнай мануфактурай.
Ганна Радзівіл |
Мануфактуру збудавалі на рацэ Шуры, якая прыводзіда ў рух механічную сістэму шліфавальных варштатаў. Вадзяны млын зрабіў французскі майстар Гафо. На ўсталяванне кола ў млыне Ганна Радзівіл асабіста прыбыла ў Янкавічы. Канструкцыя была настолькі ўнікальнай, што каб пазбегнуць эканамічнага шпіянажу, Радзівілы забаранілі людзям з па-за майстэрні нават праходзіць каля млына, а падарожным загадвалі аб’язджаць Янкавічы пушчанскімі і палявымі дарогамі. Калі нехта паведваў шліфавальню па справах, то яму дазвалялі перамяшчацца па ёй выключна ў прысутнасці аховы.
Месца, дзе знаходзілася Янкавіцкая шліфавальня. |
За варштатамі спачатку працавалі майстры з Налібак, якіх шліфавальнай справе навучылі нямецкія майстры ў налібацкай гуце шкла. Але вельмі хутка яны перадалі сваё майстэрства мясцовым мужчынам. Памочнікам Унгера стаў Крыштап Макаў (дарэчы гэтая сям’я і сёння жыве ў Янкавічах). Млынаром працаваў Стафан Абушка, муляром быў Лаўрэн Васілевіч. Шліфавалілі камяні Ян Яськевіч, Павал Далідовіч, Якуб Яцэвіч, Грышка Касцюкевіч, Васіль Клімовіч, Мікалай Амельяновіч, Яська Каленка.
Срэбраная пячатка Радзівілаў з партрэтам караля Аўгуста ІІІ. |
1738-1743 гады былі залатым перыядам у жыцці янкавіцкай мануфактуры. Княгіня сачыла за вытворчым працэсам асабіста ледзь не да апошніх дзён жыцця. Па яе загадзе ў мануфактуры пастаянна паляпшалі абсталяванне да рэзкі камянёў.
Пячатка Тэклі Радзівіл. Матэрыялы: золата, рубіны, дыяменты. |
Срэбраная пячатка вялікага канцлера літоўскага Яна Фрыдэрыка Сапегі. |
Асартымент янкавіцкай шліфавальні з цягам часу значна пашырыўся. Там пачалі выраблялі чашы, філіжанкі, рукаяткі, шарыкі да кіяў, пячаткі, каптуры да шабляў, рукаяткі да нажоў, булавы, кветкі, кошыкі, келіхі для камуніі, манеты да гульняў, плашчы да каранацыі.
Пярсцёнак-пячатка Шмойлы Іцкавіча - генеральнага адміністратара радзівілаўскай маёмасці. |
Ганна Радзівіл памерла ў 1746 годзе. Яе надмагільную пліту, як княгіня і пажадала, таксама вырабілі ў Янкавічах. Але і пасля смерці ініцыятаркі янкавіцкай шліфавальні справы ў ёй не пагоршыліся.
Шабля з золата і срэбра. |
Падзел Рэчы Паспалітай паставіў кропку на існаванні мануфактуры ў Янкавічах. Напрынканцы 18 ст. там ужо апрацоўвалі толькі шкло. Шліфавальня ў Янкавічах зачынілася каля 1800 года, праіснаваўшы больш за 60 гадоў.
Галоўка булавы, якія атрымоўвалі ў падарунак афіцэры прыватнага радзівілаўскага войска. |
Рукаятка параднай шаблі. |
Дзмітры Гурневіч
No comments:
Post a Comment