Шлях ад першага кроку на каньках да прафесійнага хакея заняў яму 10 гадоў. Гэта былі часы, калі хакеісты, каб выжыць, падпрацоўвалі паміж сезонамі. Калі адзінай матывацыяй уставаць а 5 раніцы на трэніроўкі была любоў да спорта. Джон (Ян) Мішук здаў гэты экзамен і ў 1963 годзе стаў першым ураджэнцам Беларусі ў NHL.
Ян прыйшоў на свет у сталінскай Беларусі 29 верасня 1940 года. Калі яму было 3 гады, яго родную вёску Налібакі (Стаўбцоўскі р-н, Мінская вобласць) спалілі немцы, а яе жыхароў вывезлі на прымусовыя працы ў Нямеччыну. У 1950-ыя гады сям’я Мішукоў пераязджае ў Канаду.
Там Джон марыць стаць электрыкам і ганяючы з сябрамі на каньках з клюшкай ў руках, наўрад ці мог уявіць, што праз пару гадоў яму давядзецца ганяцца за шайбай разам з Гордзі Ховам.
Пра гісторыю захаплення спортам і жыццё ў Канадзе Джон Мішук распавёў у размове зь Дзмітрыем Гурневічам.
Джон, вы гралі ў больш як 200 матчах, амаль 20 гадоў у прафесійным спорце. Што вам найбольш запомнілася з таго хакейнага перыяду жыцця?
Д. Мішук: Сяброўства. Я ганаруся тымі знаёмствамі. Гордзі Хоў, легенда хакея, які забіў найбольшую колькасць галоў у рэгулярных сезонах NHL i WHA. Мы гралі з Тэры Саўчуком, якога ўсе называлі «Юкі», ён быў з украінскай сям’і. Роўных яму брамнікаў не было, ён нумар адзін у сусветным хакеі. Тэры называлі чалавекам «600 шрамаў», бо ён не хацеў граць у масцы. Ніколі не забуду Пола Хэндэрсана, з якім я граў у Дэтройце. Ён забяспечыў перамогу Канады над СССР у суперсерыі ў 1972 годзе. Граў з Норманам Ульманам. Гэта былі цудоўныя гульцы і шмат з кім я сябрую і сёння. Уэйн Грэцкі пачынаў граць пасля таго, як я ўжо пакінуў спорт, але я быў на матчах з яго удзелам. Гэта яшчэ тое відовішча. Калі я выступаў за Buffalo Bisons і Calgary Cowboys я быў у All stars team, там былі вельмі добрыя хакеісты.
Я бачыў здымак гульні з вашым удзелам, на якім вы біліся з супернікам. Часта ў вас такое здаралася?
Д. Мішук: Тааак (смяецца). Гэта была частка гульні, без гэтага немагчыма.
Прызнайцеся шчыра, часцей білі вы ці вас?
Д. Мішук: Часцей біў я. Вельмі часта ў нас былі сутычкі з Бобі Халам, ён быў адным з лепшых крайніх нападаючых за ўсю гісторыю НХЛ, чалец Зала хакейнай славы. Я быў абаронцам. У нас з ім былі незабыўныя бойкі.
А адкуль увогуле вашае зацікаўленне спортам?
Д. Мішук: Гэта пачалося яшчэ ў Нямеччыне. Пасля вайны мы жылі ў лагеры для перамешчаных асоб, у Вэстафаліі.
Пасля школы пастаянна ганялі з хлопцамі ў футбол. Пазней, у пачатку 50-ых, калі мы ўжо пераехалі ў Канаду, каманда з Гэмілтана, за якую я выступаў, нават выйграла Чэмпіянат Канады сярод юніёраў. Мне тады было 14 гадоў.
А як Вы трапілі ў Канаду?
Д. Мішук: Тата паехаў у Канаду ў 1950 годзе, а мы засталіся ў Нямеччыне і чакалі ад яго сігнала. Ён шукаў у Канадзе працу і жыллё. Пачаў працаваць на грыбной ферме. Потым ён вярнуўся і забраў нас усіх: маму, дзьвюх сясцёр, бабулю і дзядулю. Так рабілі ўсе сем’і, якія жылі ў нямецкіх лагерах. Мы прыехалі ў Гэмілтан (Антарыё) і першы час жылі ў доме майго дзядзькі. Гэта быў малюсенькі дамок, нас там было 9 чалавек. Так мы засталіся ў Гэмілтане, з часам бацькі купілі дом. Наша сям’я жыве ў гэтым горадзе па сённяшні дзень. Тут у нас шмат сваякоў. Пасля вайны ў Гэмілтане пасяліліся 3 маміны браты, сястра. Усе былі са сваімі сем’ямі. Было шмат знаёмых з Налібак. У Таронта, а гэта 30 міляў ад нас, жылі тры браты майго таты, Мішукі. Штогод мы збіраліся на Вігілію, Каляды, на Вялікдзень.
У канадскую школу вы пайшлі пасля польскай у Нямеччыне. Ці цяжка давалася навука?
Д. Мішук: Мне было лёгка. У Нямеччыне я хадзіў у польскую школу, але тут я хутка навучыўся размаўляць па-ангельску. Мая сястра, старэйшая за мяне на 5 гадоў, вучылася са мной у адной класе, пакуль не вывучыла мову. Ужо пазней яе перавялі да дарослых. Навука мне давалася добра.
А як сталася, што хакей урэшце перамог футбол?
Д. Мішук: Хакеем я зацікавіўся, калі мне было 13. У 16 гадоў я трапіў у All Stars у камандзе, за якую я выступаў. Потым я перайшоў у юніёрскую каманду Hamilton Tiger Cubs, дзе граў 3 гады. Я зразумеў, што хакей – гэта для мяне.
Затым была яшчэ адна дружына ў Гэмілтане і ў 1961 годзе я пачаў граць за Edmonton Flyers. Дарэчы ў Эдмантане я пазнаёміўся са сваёй жонкай Корай. Год мы сустракаліся і потым ажаніліся. Ужо больш за 50 гадоў мы разам. У нас чацьвёра дзяцей і столькі ж унукаў.
Вы пачыналі ў хакеі ў 60-ыя гады. Якім хакей быў знутры ў тыя часы?
Д. Мішук: Перш за ўсё, тады хакей не быў бізнэсам, не было столькі грошай, як сёння. Не было мільянераў-хакеістаў. Мае бацькі не хацелі, каб я займаўся хакеем. Бо гэта каштавала немалыя грошы, а бацькі былі небагатыя. Але я вырашыў, што буду ўсё рабіць сам. Я пачаў працаваць кур’ерам, развозіў газеты, і так зарабляў на выдаткі ў спорце. У 16 гадоў я купіў сваю першую машыну за заробленыя грошы. Цяперашні хакей – гэта супербізнэс. 18-гадовыя гульцы зарабляюць неверагодныя сумы. Я хацеў бы, каб мне цяпер было 18 гадоў (смяецца).
А што вас трымала ў прафесійным спорце ў тыя гады, калі гэта не давала вялікага прыбытку?
Д. Мішук: Я вельмі люблю спорт, самыя розныя гатункі. Гэта было захапленне. Я люблю футбол, амерыканскі футбол, бэйсбол. Але найлепш сябе я адучваў у хакеі. Сёньня я граю ў гольф. Дарэчы, на гольфе мы часта сустракаемся з сябрамі-хакеістамі, з якімі разам пачыналі ў спорце.
А як вы трапілі ў NHL?
Д. Мішук: У 1963 годзе мы, гульцы Edmonton Flyers, пачалі гуляць за амерыканскую дружыну Detroit Red Wings, якая была ў NHL. Мая сям’я тады жыла ў Канадзе, але на 6-месячныя хакейныя сезоны мы пераязджалі ў ЗША. Нашаму першынцу было акурат 2 гады. Вы сказалі, што хакей не быў бізнэсам, як сёння.
А вам хапала хакейнага заробку?
Д. Мішук: О, не (смяецца). Гэта былі зусім іншыя грошы, чым цяпер. Я мусіў падзарабляць, каб утрымліваць сям’ю. Пасля сезонаў я вяртаўся ў Канаду і працаваў.
Спачатку была сталеліцейная кампанія, пазней піўзавод, а потым мы з сябрам, хакеістам Эланам Стэнлі, адчынілі на поўначы Канады хакейную школу. Элан быў легендай хакея, ён выступаў у НХЛ у 1948-1969 гадах, быў чатырохразовым уладальнікам Кубка Стэнлі. Мы адкрылі школу ў 1967 годзе, калі я выступаў за Philadelphia Flyers. Яна знаходзілася ў маляўнічай вёсцы Фэнлэн Фолс у азёрным рэгіёне Каварта-Лэйкс. Мы працавалі ў гэтай школе 8 гадоў, я быў інструктарам, вучыў дзяцей. Кожнае лета ў нас вучылася каля 1, 5 тысячы вучняў, не толькі з Канады, але і з усёй Амэрыкі. Пасля двух месяцаў працы ў школе мы вярталіся да гульні. І так кожны год, пакуль мы яе не прадалі ў сярэдзіне 70-ых.
Пасля 1967 года, калі вы адчынілі школу, вы змянілі 11 каманд: Buffalo Bisons, Chicago Blackhawks, Calgary Cowboys і іншыя. У якой вы сябе адчувалі найлепш?
Д. Мішук: У Philadelphia Flyers. Я граў там з 1967 па 1969 гады. Мы адчувалі сябе шчаслівымі ў гэтай дружыне. Гульні былі пастаянна, а спартоўцу толькі гэта і трэба. Мы былі адной сям’ёй, памагалі адзін аднаму. Гэта былі незабыўныя гады.
А ці змянілі з часам вашыя бацькі стаўленьне да хакея?
Д. Мішук: Канешне (смяецца), калі я стаў паспяховым спартоўцам, яны былі вельмі задаволеныя. Яны далей жылі ў Гэмілтане, мама Марыя працавала ў шпіталі, а тата Казімір у сталеліцейнай фабрыцы. Дарэчы, мама пражыла 94 гады і памерла 5 гадоў таму, а таты няма з намі ўжо 35 гадоў.
Які клуб быў для вас апошнім?
Д. Мішук: У 1978-79 гадах я граў за San Diego Hawks. Потым шмат гульцоў пачалі пераходзіць з NHL у WHA. Але яшчэ гадоў 10 пасля сыходу на пенсію я граў у клубе олдтаймэраў. Дзякуючы гульням мы збіралі грошы на дабрачынныя мэты.
Джон Мішук б'ецца з Бобі Халам. |
Д. Мішук: Так, вядома ж. З задавальненнем гляджу матчы з удзелам Сідні Кросбі, гэта новы Уэйн Грэцкі. Ён капітан Pittsburgh Penguins. Гэта фантастычны спартовец. За Chicago Blackhawks грае Джонатан Тэіўз, ён двухразовы алімпійскі чэмпіён. Тое, што гэты хлопец робіць з клюшкай – гэта штосці дзівоснае. Кожны сезон я гляджу матчы Кубка Стэнлі.
А пасля сыходу на пенсію ніколі не было жадання вярнуцца ў хакей? У якасці інструктара, трэнера, уладальніка хакейнай школы?
Д. Мішук: Не, не было. У пачатку 80-ых я трошкі займаўся тэніроўкай маладых хакеістаў, але гэта быў занятак не для грошай, гэта адбывалася, як цяпер кажуць, на грамадскай аснове.
І чым вы заняліся на пенсіі?
Д. Мішук: Я пайшоў у бізнэс. У Сан-Дыега я працаваў у фірме Jack In The Box. Гэта адна з буйнейшых у Амерыцы кампаній у бізнэсе гамбургераў.
У 1980 годзе мы вярнуліся ў Канаду. Тут я заняўся франчайзінгам. Мы адкрылі бары хуткага абслугоўвання Tim Horton Donuts. Гэтая сетка спецыялізуецца ў печыве і каве. У нас найлепшая кава ў Канадзе.
Дарэчы, Цім Хортан таксама быў хакеістам з Гэмілтана, які іграў у НХЛ. Ён трагічна загінуў у 1974 годзе. Яго бізнэс стаў візітнай карткай Канады. Сёння гэта сетка ў два разы большая, чым Макдональдс. Наша сям’я ужо некалькі дзясяткаў гадоў у гэтым бізнэсе. У нас з сынамі чатыры рэстараны Tim Horton Donuts, мы вельмі задаволеныя тым, як ідуць нашыя справы. У нас ёсць дом і зямля ў Фларыдзе ў ЗША, кожную зіму мы праводзім там.
Сям'я Мішукоў. |
Д. Мішук: У 80-ыя гады, калі мы гэтым заняліся, было значна прасцей, чым сёння. За гэты час выраслі падаткі, зьявілася бюракратыя. Але да камунізму, дзякуй Богу, нам яшчэ вельмі далёка (смяецца).
Хацеў бы вярнуцца да тэмы вашай малой радзімы? Ці расказвалі Вам бацькі, дзяды, пра тое, як выглядала іх жыццё ў Налібаках? Ці былі ўспаміны пра Налібакі часткай вашай сямейнай гісторыі?
Д. Мішук: Так, канешне. У нашым доме заўсёды гучала назва Налібакі, было шмат гісторый, успамінаў. Найбольш ведае і памятае мая сястра. Я на жаль, мушу прызнацца, што калі быў дзіцем, то ў мяне быў мільён іншых заняткаў і я не асабліва звяртаў на гэта ўвагу. Пэўна, як кожнае дзіця. А калі мне споўнілася 25 гадоў, то мая сям’я пераехала ў ЗША. Мы жылі паміж Канадай і Амэрыкай і ў мяне не было часу заглыбіцца ў гэтае пытанне. Апрача таго, у Канадзе людзі, як бы, закрытыя ва ўласнай краіне і мала цікавяцца светам, можа трошкі Амерыкай. Бабуля Міхаліна памерла ў 1963 годзе, я не паспеў шмат пра што ў яе распытацца. Дзядуля памёр на параплаве, якім мы ў 1951 годзе плылі ў Канаду, я яго амаль не памятаю.
Але ў нас ёсць шмат здымкаў з Налібак, нашых сваякоў, знаёмых адтуль, гэта частка нашай сямейнай традыцыі. У Гэмілтане і ў Таронта ў нас больш двух дзясяткаў сваякоў з Беларусі, мы пастаянна сустракаемся і размаўляем.
Калі ўжо можна было высылаць лісты ў Беларусь, то бацькі часта туды пісалі. А потым, калі распаўся СССР, то мама з сёстрамі была ў Налібаках. Таму сувязь са сваімі людзьмі ў нас ніколі не спынялася. Я ўжо каторы год збіраюся паехаць у Налібакі і цяпер, калі ў мяне больш вольнага часу, я спадзяюся, што хутка прыеду ў Беларусь.
Дзмітрый Гурневіч, radyjo.net
No comments:
Post a Comment