Tuesday, May 20, 2014

Налібачане ў бітве пад Монтэ-Касіна















 
70 гадоў таму, 18 мая 1944 года, ІІ Польскі корпус пад камандаваннем генерала Ўладзіслава Андэрса здабыў узвышша Монтэ-Касіна ў Італіі. Гэта быў стратэгічны пункт, з якога немцы кантралявалі дарогу на Рым.  Перад польскім корпусам  гэтыя горы штурмавалі амерыканцы, англічане, новазеландцы, фрацузы і індусы. І толькі ўдзел жаўнераў ІІ корпусу здолеў пераламіць сітуацыю ў гэтай адной з найбуйнейшых бітваў ІІ сусветнай вайны. У складзе арміі генерала Андэрса былі і ўраджэнцы Налібацкага краю. 


Польская армія пад камандаваннем генерала Андэрса была створаная ў 1941 годзе ў СССР. Яна складалася з былых польскіх грамадзян, якіх камуністы паслях захопу Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, выслалі ў Сібір. Як вядома, ахвярамі савецкіх дэпартацый сталі і сотні жыхароў Налібацкага краю.  Шмат з іх уступіла ў армію генарала Андэрса. 

Праз Сярэднюю Азію жаўнеры арміі Андэрса трапілі ў Іран, дзе перайшлі пад брытанскае камандаванне. Пасля праходжання адпаведнай падрыхтоўкі брытанскае камандаванне вырашыла накіраваць Корпус генерала Андэрса ў Італію, дзе акурат распачыналіся буйныя баявыя дзеянні. 

Перад злучэннямі 2-га Польскага корпусу былі пастаўленыя складаныя задачы: 5-я крэсавая дывізія мусіла авалодаць ключавымі кропкамі нямецкай абароны на ўзвышшы Відма (польск. — прывід) і Сан-Анжэла. Тым часам 3-я дывізія карпацкіх стральцоў павінна была захапіць узвышшы 593 і 569, а затым авалодаць узвышшам Монтэ-Касіна, на вяршыні якога знаходзіўся сярэднявечны кляштар святога Бенедыкта, які абараняўся жаўнерамі нямецкай элітнай 1-й парашутнай дывізіі.

Штурм пачаўся 11 мая. Аднак ужо праз суткі наступ хаўруснікаў быў спынены, і польскія адзінкі былі вымушаныя адысці назад. Наступная атака адбылася толькі 18 траўня, калі вайскоўцы 2-га корпусу ўзнялі на руінах кляштару брытанскі і польскі сцягі.

Дарога на Рым была вольная. Горад быў заняты 4 чэрвеня. Пад Монтэ-Касіна немцы абараняліся 4 месяцы.

Польскі корпус згубіў у той бойцы 924 жаўнераў забітымі, 2930 параненымі, 345 зніклымі.

Сярод забітых былі і ўраджэнцы Налібацкага краю:

Станіслаў Буднік з Прудоў. Нарадзіўся 3 ліпеня 1916 года. Загінуў 12 мая 1944 года. 

Станіслаў Доўгаполь з Дзераўной. Нарадзіўся 4 студзеня 1906 года. Загінуў 17 мая 1944 года. 

Язэп Кавалеўскі ў Рудні. Нарадзіўся 12 ліпеня 1922 года. Загінуў 17 мая 1944 года.

Юры Сечка з Шубіна. Нарадзіўся 6 лістапада 1909 года. Загінуў 17 мая 1944 года.

Адзін з удзельнікаў Бітвы пад Монтэ-Касіна, наш зямляк Станістаў Дубіцкі, пасля вайны жыў у Шатландыі. Ён быў сынам налібацкага лесніка, якога з усёй сям’ёй у 1920 годзе бальшавікі вывезлі ў Сібір. Ён памёр у Вялікабрытаніі ў пачатку 2000-ых.  


Станіслаў Дубіцкі.
Пасля вайны ўлады СССР пазбягалі ўзгадкі пра ветэранаў арміі Андэрса. Іх геройскі ўчынак быў забыты і ў Беларусі, а імёны аказаліся пад забаронай. 

Больш пра Бітву пад Монтэ-Касіна можна прачытаць ТУТ.

No comments:

Post a Comment