Янкавічы, або як кажуць мясцовыя, Янковічы, знаходзіцца на дарозе са Стоўбцаў у Налібакі. Да цэнтру парафіі адсюль 4 кіламетры. Але цэнтар сельсавету - у Дзераўной.
Святкаванне Году малой радзімы пачалося на ўздзе з Дзераўной. Гэта гістарычнае месца. На беразе ракі Шура, пойму якой можна пабачыць на гэтым здымку за шыльдай "Янкавічы", княгіня Ганна Радзівіл заснавала ў 1738 годзе мануфактуру па апрацоўцы каштоўных камянёў.
У янкавіцкай шліфавальні апрацоўвалі золата, срэбра, кварц, агат, аметыст, дыяменты, рубіны. Імі ўпрыгожвалі каменныя люлькі, шаблі, булавы, каменныя келіхі, пячаткі, тронкі нажоў, надмагіллі, кітайскія парцалянавыя сервізы і нават статуі. Кіраваў мануфактурай немяц, а рабочымі і майстрамі былі мясцовыя: Далідовічы, Амельяновічы, Касцюкевічы, Макавы, Клімовічы, Яскевічы, Васілевічы.
Сёння ў Янкавічах жыве менш сотні чалавек. Тут працуе ферма і крама. Мясцовыя жыхары працуюць у розных прадпрыемствах у ваколіцы, але большасць - пенсіянеры.
Янкавічы - гэта вёска-рака. Яна цягнецца адной вуліцай больш кіламетра. Добрая дарога, дагледжаныя дамы і двары, хораша пафарбаваныя будынкі рознымі пярэстымі колерамі. Любы прыежджы імгненна зробіць выснову, што ў Янкавічах жывуць добрыя гаспадыні і гаспадары.
Папярэдняе свята Янкавіч адбылося ў 1996 годзе і было прысвечанае 50-годдзю ўраджэнца вёскі - пісьменніка Генрыха Далідовіча. На свяце ягоны бацька пан Вацлаў распавёў прысутным гісторыю назвы Янкавічы. Нібыта землі гэтыя належалі некалі багатаму графу. І быў у яго служка Янка, дбайны і сумленны працаўнік. Палюбіў граф Янку і падараваў яму паселішча на рацэ Шуры. Так і назвалі вёску Янкавічы, у імя яе новага гаспадара.
Графу няма чаго дзівіцца. У Янкавічах і сёння ўсё дагледжана, хораша, адны словам - як мае быць.
Традыцыйна людзі займаліся ў Янкавічах земляробствам. Карміліся з працы сваіх рук. І сёння палі пры хатах засеяныя, а дрэвы з садавінай ломяцца ад ураджаю.
Старэйшае пакаленне паволі адыходзіць у іншы свет. Дамы ў Янкавічах усё часцей купляюць гараджане для лецішча.
А мы вяртаемся да свята. А 10.00 гадзіне па вёсцы рушыла шэсце. Наперадзе аркестар з Дзраўнянскай музычнай школы, старшыня сельсавету Таццяна Босая, начальства са Стоўбцаў.
Гасцей сустракалі мясцовыя жыхары. Кожныя 200 метраў яны накрывалі сталы і віталі гасцей з хлебам-соллю. На сталах ламілася ад пітва і ежы. Кожны мог частавацца.
Прайсці ўсю вёску, выпіць каля кожнага стала па чарцы і з'есці па катлеце, запіўшы бярозавым сокам - прыемнае, але і вельмі складанае заданне. Трэба мець моцнае здароўе і галаву.
Падыходзім да першага стала, які ломіцца ад багацця. Адзін такі стол рыхтавала некалькі сем'яў-суседзяў. У Янкавічах суседзі - гэта вельмі часта сваякі.
Самадзейны калектыў вітаў мясцовых, віншаваў са святам. А пасля песні слова давалі гаспадарам - жыхарам Янкавічаў.
Вось і першыя пані вітаюць гасцей.
А госці не шкадуюць кампліментаў. Вы і працавітыя, і добрыя, і дбайныя, і патрыёты зямлі, кажуць яны ў сваім вітальным слове. І ўсё гэта праўда.
Янкоўцы яшчэ і набожныя. Вітаюць гасцей з абразамі і крыжам.
Госці не хацелі адыходзіцца ад стала. Але больш чым на 10-15 хвілін частавацца нельга. Бо ў вёсцы чакаюць і іншыя.
Час рушыць далей. Аркестар за трубы і рушым далей, у налібацкім напрамку.
Каб нашыя словы пра дбайных гаспадароў не былі галаслоўнымі, паглядзіце самі. У Янкавічах любяць, каб было файна і прыгожа.
Далей нас чакаюць пры чарговым стале. Там ужо хвалююцца, каб хаця ўсё было хораша, каб не горш, як у тых. Спакойна, усё было было на вышыні. Ва ўсіх.
А ў гэтым доме вырас пісьменнік Генрых Далідовіч. Да 15 гадоў ён гадаваўся на хутары Амшарок. Далідовіча можна смела называць песняром беларускай дзяржаўнасці. З-пад яго пяра выйшла кніга пра ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага, трылогія пра ўзнікненне Беларускай народнай рэспублікі і Беларускай савецкай сацыялістычнай рэспублікі. Прыадчынім таямніцу - гэта пакуль не поўны збор. Да ўсяго гэтага, Генрых Вацлававіч вялікі лакальны патрыёт і пясняр малой радзімы. Падзеі амаль усіх ягоных апавяданняў, аповесцяў і раманаў адбываюцца ў Налібацкім краі.
Генрых Далідовіч: Я быў першым дзіцём нашай спаленай вёскі
Вось так выглядаюць задбаныя сядзібы Янкавіч.
Газоны нібыта ў штаце Нью-Джэрсі.
А мы, тым часам, падыходзім да чарговага стала. Да "грудка" Навіцкіх.
Чатыры пакаленні сям'і чакаюць гасцей. Бочкі ажно прасіліся, каб адкруціць кранік, але нехта ж павінен быў і фотаапарат трымаць.
З гэтага двара паходзіць сястра Часлава Навіцкая, каталіцкая манахіня ордэну "Шэрых уршулянак". Нядаўна дзякуючы яе намаганням у Мінску адчынілі сацыяльны цэнтар для дзяцей і моладзі.
Во так сустракаюць у Янкавічах. Бульбачка, кілбаска, шмат зеляніны і дэсерт з дрынкам. Збалансаванае харчаванне.
Шэсце ідзе далей. Гукі музыкі разносяцца па ўсёй вёсцы. Гэта сігнал, што трэба выстройвацца ў шэраг і браць у рукі каравай.
Апошнія падрыхтоўкі. Гаспадары пані Вольга і пан Юзік чакаюць гасцей.
Стаміўся і ксёндз-пробашч Мар'ян Шэршань. Ён прысеў на лаву і частаваўся садавінай і мёдам пана Міхала Супруновіча.
Мясцовыя музыкі-віртуозы, з Дзераўной. Без іх свята не было б такім урачыстым.
Падсілкаваўшыся, ідзем далей. За намі тры сталы, а перад намі - яшчэ чатыры.
А вось і сядзіба таго самага пана Супруновіча, які не адпусціў нашага фатографа без лыжкі мёду. Пацьвярджаем, пчолы пана Міхала - цудоўныя.
Тры гэтыя выкшталцоныя пані на здымку - сёстры. Яны чакаюць гасцей каля хаты, дзе жыве адна з іх. Другая прыехала з Налібак, а трэцяя - са Стоўбцаў.
Колеры янкоўскіх хатаў любога вылечаць ад дэпрэсіі. Усё такое яскравае і вясёлае.
Перад хатай гаспадары выставілі тое, што ў часы іх маладосці рабіла жыццё цікавейшым і весялейшым - радыёпрымачы. Сёння гэта мара калекцыянераў. Шкада, што не падгледзелі, надпіс на кружэлцы.
А вось ужо і шэсце тут. Грыміць аркестар і гармонік. Усе урачыстыя. Падаставалі шлюбныя порткі, кабеты выстраіліся, нібы на вяселле.
Госці пойдуць далей, і дзеці нарэшце пакаштуюць рай на стале.
Мы пакрысе набліжаемся да канца вёскі.
Каля хаты Шадрынаў, дзе жывуць унукі і праўнукі былых гаспадароў Касцюкевічаў, святочную калону вітаюць самыя малыя - 5 гадоў, і самыя старэйшыя - 94 гады.
Пасля пяці сталоў госці на дзіва рухлівыя і не стомленыя. Усе ў добрым настроі.
Старажылы вёскі - пані Гэля Касцюкевіч і пані Стэфанія Макава. Такія ж прозвішчы мелі і рабочыя радзівілаўскай мануфктуры 300 гадоў таму.
Начальства ўздымае кілішкі за жыхароў Янкавіч.
Усе хочуць пачаставацца ласосем з Дзераўной, кавуном з Кляцішча і шампанскім з Крычатоў.
У цэнтры - старшыня Дзеряўнянскага сельсавету Таццяна Іванаўна Босая.
А вось і гаспадары апошняга стала - сям'я Сяргея Грыгарцэвіча. І ксёндз-пробашч у кадры.
А гэта во ўезд у Янкавічы з боку Налібак. Апошні стол для гасцей у канцы вёскі.
Побач - янкоўская капліца. Некалі тут адбываліся маёвыя набажэнствы. Тут жа развітваюцца з кожным памерлым жыхаром вёскі. Каплічка на выездзе з вёскі стаяла "і за палякаў, і за немцаў, і за саветаў". Чорныя хмары сабраліся на ёй толькі адзін раз. Не ў вайну, а ў "мірныя" бальшавіцкія часы, калі са Стоўбцаў прыехала нейкая дэлегацыя і загадала брыгадзіру мясцовага саўгаса сцягнуць капліцу.
Мясцовыя жанчыны запрэглі коней і паехалі па ваколіцах шукаць рэшткі капліцы, святыя абразы, крыжы, лавы. Вярнуўшыся ў вёску, яны пайшлі да брыгадзіра. Камуніст быў непахісны. Тады дэлегацыя вернікаў з Янкавіч паехала ў сельсавет з просьбай вярнуць капліцу. Гэта таксама не дало плёну. Толькі калі людзі дабравата паабівалі парог раённага начальства, тады ім дазволілі вярнуць будынак не месца.
Шэсце скончылася. І мы вяртаемся ў цэнтар вёскі.
Мінаем хату Ігнацьевых. Некалі тут жылі Генадзь Адамавіч і ягоная жонка Вольга Кірылаўна, настаўніца якая вучыла мясцовых дзяцей ад пасляваенных часоў ажно да эпохі незалежнасці Беларусі.
А мы набліжаемся да пляцоўкі ў цэнтры вёскі. Там, каля вясковай крамы, чакае сцэна і святочная імпрэза.
Месца, дзе янкоўскія людзі сустракаюцца часцей за ўсё - мясцовая крама.
А на пляцоўцы людзі чакаюць свята.
А вось і свята. Па чарзе на сцэну заходзяць музыкі, начальнікі, каб віншаваць мясцовых жыхароў.
Падарункі ад лясгасу, фермы, сельсавету, усіх кампаній, дзе працуюць людзі з Янкавіч.
Было чым заняцца і старэйшым, і маладзейшым. За святочнай атмасферай сачылі мясцовыя жыхары, якія кантралявалі правільныя апладысменты і вучылі як гэта робіцца.
Ураджэнец Янкавіч Вікенцій Ключнік, былы журналіст, распавёў прысутным пра пасляваенную гісторыю Янкавіч. Ён прыгадаў, што акурат у гэтыя дні мінула чарговая гадавіна спалення вёскі. 7 жнўня 1943 году, у рамках аперацыі "Герман", нацысты спалілі дзесяткі вёсак у Налібацкай пушчы, у тым ліку і Янкавічы.
Пасля вайны людзі адбудавалі вёску, але шмат яе жыхароў не вярнуліся. Сёння ўраджэнцы Янкавіч і іх нашчадкі жывуць у Польшчы, Англіі, Канадзе, ЗША, Аўстраліі і іншых краінах. Літаральна некалькі тыдняў таму ў Янкавічы прыехалі дзеці і ўнукі ўраджэнцаў вёскі з Сіднэя, з Аўстраліі. Дзякуючы, між іншым, эмігрантам, у 1990-ыя гады ўдалося аднавіць касцёл у Налібаках. А ксёндз-канонік Мар'ян Шэршань у сваім выступе нагадаў пра рэлігійнасць мясцовых і нагадаў, што адпачываць трэба з галавою, каб ранкам прыняць удзел у святой імшы.
Свята, тым часам, набірае абарот. Мясцовыя мужчыны ня могуць уседзець на лавах, кідаюцца ў танцы.
Каму танцы і свята, а каму і праца. Ірына Дамянікаўна на пасту за прылаўкам. Прадавец прыяжджае штодня з Налібак, але сама Ірына Дамянікаўна адсюль, нарадзілася ў Янкавічах. Цікава, што і яе маці ў 1960-ыя гады была прадаўцом у Янкавічах. Гэта, называецца, традыцыя.
На сцэне запальваюць музыкі.
Пад сцэнай танцы. Культурна, выкшталцона, як і належыць узорнай заходнебеларускай вёсцы.
Пасля ўрачыстанага канцэрту свята працягнулася ў янкоўскіх дварах. Хто не наеўся і налётаўся, маглі падмацавацца ў добрай атмасферы і пасля. А калі гэта маладыя нашчадкі янкоўцаў, то будзе каму святкаваць і праз чарговыя 20 гадоў на свяце Янкавіч. Абы жыла вёска.
ДГ
No comments:
Post a Comment