На могілках у Налібаках збудавалі незвычайны аб'ект - гару Галгофу. Паводле Евангелляў, менавіта так называлася месца за сценамі Ерусаліма, дзе быў укрыжаваны Езус Хрыстос. Ініцыятары і аўтары помніка ў Налібаках кажуць, што гэта адзіная такая спаруда ў Беларусі.
Трапіць на Налібацкую Галгофу нескладана. Яна знаходзіцца на тэрыторыі новай часткі парафіяльных могілак, адразу за касцёлам.
Ад касцёльнага двара да Галгофы вядзе невялікая сцежка праз старыя могілкі. На Святой Зямлі шлях Езуса з крыжам да месца распяцця называецца Via Dolorosa або Шлях смутку. Там пілігрымы моляцца падчас Крыжовага шляху. Магчыма свая Via Dolorosa з'явіцца некалі і на шляху ад касцёла да Галгофы і ў Налібаках.
Галгофа згадваецца ў ранніх крыніцах, як пагорак, які размешчаны вельмі блізка да брамы ў Ерусалім. З 6 стагоддзя месца згадваецца як гара, а з 333 года як невялікі ўзгорак. Новы Запавет апісвае яго як месца досыць блізка да горада, і тыя, якія ўваходзілі ў горад маглі чытаць надпіс над крыжам «Ісус з Назарэта — Цар Іўдзейскі». Само размяшчэнне Галгофы згадваецца ва ўсіх чатырох Евангеллях.
Цікава, што і Налібацкая Галгофа размяшчаецца ў гістарычным месцы. Паводле падання, менавіта на месцы могілак у Сярэднявеччы ўзніклі Налібакі.
Паводле мясцовай легенды, падчас палявання ў Налібацкай пушчы ў вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча, брата Вітаўта Вялікага, ударыла маланка. Князь выжыў і палічыў гэта цудам. На месцы гэтага здарэння, якое называлася Звярынаю гарою, ён загадаў пабудаваць хрысціянскую капліцу ў знак падзякі за выратаванне. Вакол святыні праз некаторы час і збудавалі Налібакі. Сёння на былой Звярынай гары знаходзяцца касцёл і могілкі.
Ініцыятыва пабудовы Налібацкай Галгофы належыць налібацкаму пробашчу, ксяндзу-каноніку Мар'яну Шэршаню. Увасобіць у жыццё гэтую задуму ўдалося дзякуючы ахвяраванням мясцовых парафянаў і дапамозе старшыні налібацкага сельсавету Аляксндру Пілінкевічу.
Праект кургану зрабіў налібачанін Фэлікс Мазун. Раней ён выканаў скульптурную кампазіцыю Божай Маці на касцельным двары, рабіў мэблю для касцёлу. Праца над Налібацкай Галгофай заняла ў яго некалькі летніх месяцаў.
Адкрывалі Налібацкую Галгофу ў жніўні, падчас урачыстасці святога Бартламея, апекуна парафіі. Сёлета падчас урачыстасці святкаваўся юбілей - 570 гадоў ад першай узгадкі пра Налібакі ў гістарычных крыніцах. Гэта адбылося ў 1447 годзе. У дакуменце ўзгадваецца касцел і ксёндз Шукан. Да 1485 года Налібакі знаходзіліся ва ўладанні Гедыголдавічаў, да 1554 — Кезгайлаў, потым Завішаў і Шэметаў. Мікалай Радзівіл “Чорны” набыў Налібакі 17 сакавіка 1555 г. Унікальны дакумент ХVI ст. знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Мінска.
На Галгофу вядуць бетонныя сходы. Няўпэўненыя ў сваіх фізічных магчымасцях людзі могуць трымацца за парэнчы. Больш за два дзесяткі прыступак аддзяляе нас ад крыжовай гары.
Уваход на гару суправаджаюць білейскія выявы. Неўзабаве побач з кожнай з іх з'явіцца імя і прозвішча фундатара. Увечары абразы падсвечваюцца.
Здымкі начной Налібацкай Галгофы для блогу nalibaki.org зрабіў зяць Фэлікса Мазуна Пётр Марушак. Dziękuję bardzo, Panie Piotrze)
Так выглядае крыжовая гара. Уначы яе падсвечваюць пражэктары, дзякуючы чаму Галгрофу можна пабачыць ледзь не з цэнтра Налібак. У будучыні асвятленне плануюць зрабіць яшчэ больш уражваючым.
На гары можна памаліцца.
Ля падножжа крыжа знаходзіцца выява "Апошняй вячэры". Каля як людзі запальваюць знічы і кладуць кветкі.
Гэта від з Налібацкай Галгофы на новую частку могілак і кавалак пушчы ў напрамку вёскі Несцеравічы.
Але давайце вернемся да Галгофы. Так выглядае адна з асноўных частак гары - труна Езуса Хрыста. Гэтую выяву падаравалі Налібакам суседзі з Дзераўнянскай парафіі. Раней карціна знаходзілася ў адным з алтароў тамтэйшага касцёла. Жалезны крыж каля труны - гэта ня проста рэлігійны сімвал. Гэта і гістарычны помнік, выкананы налібачанамі 200 гадоў таму. Крыжы і агароджы на старых налібацкіх могілках рабіліся налібацкімі майстрамі на чыгуналіцейных заводах у Налібаках і Кляцішчы.
Чытайце больш тут: Налібацкі чыгуналіцейны завод. XIX ст.
Налібацкая Галгофа - гэта найперш рэлігійны помнік, які сімвалізуе месца ўкрыжавання і смерці хрысціянскага Бога. Але немагчыма аддзяляць гэты помнік ад гісторыі Налібацкага краю. Гісторыі, якая апрача мноства слаўных, годных і шчаслівых падзеяў, мела і шэраг драматычных старонак.
Чытайце больш тут: Памяці 128-мі
Усе яны павінны быць часткай свядомасці кожнага налібачаніна. Нагодай і для смутку, але часцей нагодай гонару. Адным з увасабленняў гэтых пачуццяў стала Налібацкая Галгофа - помнік дзеля памяці ад налібачанаў, зроблены налібачанінам для налібачан.
ДГ
No comments:
Post a Comment