Tuesday, November 14, 2017

У Налібаках знайшлі манету Рымскай імперыі


Краязнаўца з Івянца Валеры Мазура выпадкова знайшоў у вёсцы Налібакі Стаўпецкага раёну старую манету. З уступнай экспертызы вынікае, што знаходцы больш за 1700 гадоў і яна была бітая ў Рымскай імперыі.


Некалькі дзён таму івянецкі краязнаўца прыехаў у Налібакі, каб пабачыць і сфатаграфаваць месца пажару ў пачатку 17 стагоддзя. У 1622 годзе вёска была спаленая шведамі і, мяркуецца, пасля гэтага яе аднавілі побач з гістарычным цэнтрам. 

“Я хадзіў каля поймы ракі Лебяжоды. Некалі яна была вялікая, сёння гэта сціплая рачулка. Там я знайшоў спаленыя кавалкі шкла, бронзы, медзі і латуні. Я пачаў разграбаць гэтае месца і пабачыў манету” – распавядае Мазура. 

Валеры Мазура з’яўляецца сябрам Беларускага геаграфічнага таварыства. Ён перадаў знаходку калегам у Мінск на экспертызу. Паводле ўступнага агляду, гэта манета Рымскай імпэрыі ІІІ стагоддзя нашай эры.

На аверсе манеты выяўлены рымскі імператар  Марк Аўрэлій Север Аляксандр.  Ён заняў трон 13-гадовым хлопцам. Мяркуецца, што трапіў на трон у выніку шматгадовых інтрыг яго маці, Юліі Мамеі, і бабулі, Юліі Месы, і што жанчыны кіравалі за яго. На рэверсе манеты – бог вайны Марс.



Амаль ідэнтычная манета на сайце Амерыканскага таварыства нумізматаў датуецца 226 годам. 

Як манета магла апынуцца ў Налібаках? Магчыма, падчас сплаву па рацэ ў даўнейшыя часы нехта яе згубіў. А можа яна трапіла ў налібацкую зямлю і ад саміх рымлянаў, мяркуе краязнаўца. 

“Гэтае месца апісваў Герадот, самае вядомае месца ў ваколіцы – возера Кромань” – гаворыць краязнаўца. 

Пасля экспертызы Валеры Мазура хоча перадаць манету і іншыя знаходкі ўладам Налібацкага сельскага савету для краязнаўчага музею, які там плануецца стварыць.  

Паводле аднаго з самых вядомых беларускіх нумізматаў Валянціна Рабцэвіча, першыя антычныя манеты, як вынік знешніх эканамічных сувязяў ўсходнееўрапейскіх плямёнаў, з'явіліся на зямлі сучаснай Беларусі ў канцы II-III пачатку ст. н. э. У сваёй кнізе "Пра што распавядаюць манеты" ён піша, што большасць знаходак антычнага біцця выяўлена на захадзе Беларусі.

1 comment:

  1. Дзень добры. Дзякуючы "Нашай Нiве" даведаўся, што iснуе такi цудоўны блог. За дзень прачытаў усе артыкулы. Велькi дзякуй аўтарам за iх працу. Але, на жаль для сябе, я не знайшоў каб закраналася тэма Першай сусветнай вайны. Толькi ў артыкуле пра апошняга ўладальнiка пушчы было некалькi словаў пра гэта. Вельмi цiкава даведацца што адбывалася у час, калi фронт 2 гады стаяў па Нёману. Цi высылалiся людзi далей у Расiю як жыхары з другога боку Нёмана? Калi не, то што адбывалася тут у гэты час, як праходзiла камунiкацыя з вайскоўцамi?

    ReplyDelete