Налібацкую пушчу з фотаапаратам наведаў вядомы беларускі фатограф і астраном Віктар Малышчыц. З яго згоды Блог Налібацкага краю публікуе нізку фотаздымкаў, якія не пакідаюць абыякавым.
Ранішні туман над Заходняй Бярэзінай
Рака Заходняя Бярэзіна - адна з самых галоўных артэрый Налібацкай пушчы. Сорамна казаць, але гэты фантастычны край я адкрыў для сябе толькі ў гэтым годзе. А якія ж там ночы і раніцы каля вады!
Ночы пакажу пазней, а пакуль вось адна з такіх раніц. Цікава, што пакуль я любаваўся ўзыходам сонца, на лузе метрах у 40 ад мяне стаяў самец казулі і брахаў на мяне.
І пілоты шведскага самалёціка з мядзведзікамі). Акурат на ўзыходзе сонца яны праляталі гэтыя мясціны. Калі глядзеў іх відэа, зайздросціў, што яны такое бачылі. А цяпер і сам крыху дакрануўся да гэтага хараства.
Ноч у пушчы
У самым сэрцы пушчы знаходзіцца таямнічае Чорнае возера, якое з’яўляецца старыцай Заходняй Бярэзіны. Месца гэтае настолькі цёмнае, што нават усе мае фатаграфічныя спосабы ўбачыць нябачнае ледзьве дазволілі нешта выцягнуць: пейзаж асвятляла толькі зорнае неба і Сатурн з Марсам (дзве самыя яркія зоркі).
Па дарозе туды недзе за кіламетр да возера разбітая лясная дарога ператварылася ў агромністую лужыну, праз якую нават не кожны джып праедзе. Такім чынам, я ўночы пасярод Налібацкай пушчы стаў перад выбарам: вяртацца назад ці ісці па гэтай глушы спачатку каля балота, а потым праз глухі яловы лес.
Было крыху боязна, таму вырашыў вылезці з машыны і крыху паслухаць ноч, каб прывыкнуць. Птушкі грымелі так, што ў вушах звінела, але варта было мне хлопнуць дзвярыма машыны, як побач у балоце нешта вялікае паднялося і з моцным шумам і плюханнем панеслася ад мяне. Спадзяюся, што лось, а не мядзведзь, якіх тут у гэтым годзе бачылі). Пастаяў яшчэ крыху, выдыхнуў і пайшоў да возера. На дзіва, нічога страшнага ўночы сярод пушчы і няма: адзінымі, каго я панепакоіў, былі бабры: да самай раніцы яны білі хвастамі па вадзе.
На дзіва, у глухой вёсачцы ў 2 гадзіны ночы ў адной толькі хаце гарэлі вокны. Усё гэта разам з веснавымі пахамі чаромхі, спевамі салаўёў стварала нейкія неверагодныя ўражанні. Цікава, а чаму ў той хаце зараз не спяць? Пра што зараз там думаюць? Як гэта - кожны вечар засынаць пад салаўіныя трэлі і перакаты ракі пад мастом?
Разгадка апынулася больш празаічнай - у хаце ўсю ноч жорстка лілася гарэлка, нейкія неадэкватныя мужыкі раз-пораз выскоквалі на двор і крычалі нешта няўцямнае. Давялося стаяць ціха і закрываць сабой экран і лямпачкі на фотаапараце). Але калі гляжу на гэтае фота, усё адно думаю, як гэта - жыць у такім месцы ў самым сэрцы Налібацкай пушчы побач з ракой?
Віктар Малышчыц.
No comments:
Post a Comment