Saturday, May 28, 2016

Янкавічы - каляровая вёска Налібацкай пушчы



Вёска Янкавічы, якая знаходзіцца на шляху з Дзераўнога ў Налібакі, звяртае ўвагу сваімі колерамі Каля сотні янкавіцкіх дамкоў сваёй каларыстыкай могуць даць фору любому скандынаскаўму мястэчку.




Едзем у Янкавічы па стаўбцоўскай шашы. Дарога выдатная.


Янкавічы пачынаюцца за рэчкай Шурай. Пра яе мы ўжо ўзгадвалі тут.


Рэчка вельмі маляўнічая. Калі ісці ўздоўж берагу, то можна трапіць на хутар Крычаты. Фотарэпартаж з падарожжа можна пабачыць тут. На беразе рэчкі 200 года таму стаяла радзівілаўская шліфальня каштоўных камянёў. Майстрамі там былі і мясцовыя. Пра іх мы пісалі тут.


На ўваходзе ў вёску нас вітае каталіцкі крыж. Янкавічы - каталіцкія вёска, яна належыць да Налібацкай парафіі.


Янкавічам больш за 400 гадоў. Падчас апошняй вайны немцы спалілі вёску, людзей вывезлі ў Нямеччыну. Частка пасля вайны вярнулася і адбудоўвалася на папялішчы.


Янкавічы - гэта вёска-рака. Яна цягнецца адной вуліцай больш кіламетра.


Вёску аблюбавалі гараджане. Яны выкупляюць дамы, перабудоўваюць іх, садзяць агароды і дыхаюць свежым пушчанскім паветрам.


Але ж не аднымі гараджанамі жыве вёска. У Янкавічах большасць жыхароў - гэта свае. Дбаёныя дамкі сведчаць аб тым, што працы людзі тут не цураюцца.


Дагледжаныя сады, памаляваныя дрэвы.


А вось і мясцовыя. - Хаця ж нашу хату сфатаграфуйце - просіць гаспадыня. Вядома. Задбаны дворык, аранжавы дамок. Хараство.


Гадоў з 10 таму ў Янкавічах было дзве радоўкі кароў, на два канцы вёскі. Сёння засталіся лічаныя кароўкі. Усё прадаецца ў краме. Ды і ўзрост шмат каму не дазваляе трымаць хатнюю жывёлу. Але, як бачым, ёсць і адважныя.


Жоўты сонечны колер у пушчы - дамінуючы.


Да вайны ў Янкавічах не было школы. Янкоўцы хадзілі ў Налібакі, за 4 км. Сёння ў Янкавічах школьнікаў няшмат. Яны ездзяць вучыцца ў Дзераўное, за 5 км.


Апусцелася хата. Але вакол хорашана пакошана.


А ў гэтай хаце правёў маленства пісьменнік Генрых Далідовіч. 1 чэрвеня самаму вядомаму янкоўцу спаўняецца 70 год. Пра Янкавічы мы з ім нядаўна размаўлялі падчас вялікага інтэрвію.


Да вайны янкоўцы працавалі на ўласных гаспадарках. У 1950-ыя гады вёску далучылі да калгасу. Доўгі час галоўным заняткам мясцовых была працы на ферме.


Ёсць у Янкавічах і такія нетыповыя будыніны. Па-сутнасці, гэта адзіны мясцовы хмарачос.


Крыж у двары, дзе нарадзілася манахіня Часлава Навіцкая (уршулянка). Доўгі час яна вучылася і служыла ў кляштары ў Варшаве, але 15 гадоў сястра Часлава таму вярнулася на радзіму і працуе ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.


О, падлавілі момант, калі сваячка сястры Чаславы заязджае ў двор на сваім элегантным ровары.


А так выглядаюць янкоўскія новабудоўлі. Маладыя любяць шык!


Мясцовыя людзі ўпадабалі хараство. Пенкныя кветнікі, любата.


Во такая сцежка з падсветкай вядзе ў адзін з двароў.


Натуйце: сапраўдны пушчанскі мёд робяць янкоўскія пчолы. Нават яны жывуць у каляровых дамках.


На кожнай другой хаце стаяць спадарожнікавыя антэны.



Чарговы крыж. Увечары на ім запальваюцца лямпачкі і падсветка працуе ўсю ноч.


Тут жыве пан Спруновіч. Сам ён фатаграфавацца засаромеўся,але запрасіў у двор глянуць на яго пчол.


Вось тут яны і жывуць, супруновічавы пчолы.


Насупраць жыве пані Вольга, катахетка Налібацкай парафіі.


Ідзе далей. Паўшляху за намі. Каляровыя платкі і дамкі на кожным кроку.


І такімі сучаснымі дамамі могуць пахваліца ў Янкавічах. Хораша пастрыжаны газон. Малайчына, гаспадар.


А гэта во самы нізкі кавалак вёскі-ракі.


Нават чорныя дамы выглядаюць каляровымі.


Бадай самае вялікае дрэва ў Янкавічах тоне ў палявой траве-прыгажуні.


Пах бэзу. Такі водар, што не хочацца адыходзіцца. Але мы ідзем далей, бо не небе грыміць. Збіраецца навальніца.


Ёсць у Янкавічах і свой супермаркет. Тут працуе пані Ірына. Нарадзілася яна ў Янкавічах, пару дамоў адсюль, але жыве ў Налібаках і штодзённа прыязджае сюды на камфартабельным аўтамабілі :-)


- Чакайце, не рабіце картачку. Я хустку папраўлю.- кажа пані Катажына, адна з янкоўскіх доўгажыхарак. Жадаем ёй моцнага здароўя, 120 гадоў жыцця і шыбуем далей.


Праз Янкавічы ездзяць аўтобусы да Стоўбцаў і самога Мінска.


У гэтым доме жыла настаўніца амаль усіх янкавіцкіх дзяцей Вольга Кірылаўна, валадарства ёй нябеснкае.


У двары ля хаты лётае малая, смяецца. Добра ў вёсцы - раздолле і маладым, і старым.


А гэта  - аселіца. Рай для дзяцей. Трошкі ўлева, метраў 150, каля сама лесу ляжыць янкоўскае возера.


А ў гэтай хаце да вайны жыў радны (дэпутат) Налібацкай гміны пан Алесь Касцюкевіч. Сёння тут жыве ягоная праўнучка.


Няма ўжо гаспадароў і гэтай хаты. Але хата жыве, пра яе дбаюць новыя гаспадары - гараджане.


А тут во жыве пані Стэфанія Макава. Пра яе мы распавядлі тут.


Дагледжаная хата, кветнік. Вока цешыцца.


Гаспадыня гэтай хаты яшчэ летась малілася на ганку на ружанцы. Пару месяцаў як яе няма. За хатай даглядаюць дзеці.


У Янкавічах наваты скляпы і гаражы - каляровыя.


Спыняемся на хвалінку, гамонім з гаспадыняй.


Ёсць у Янкавічах свая каплічка. Каля яе заўсёды развітваюцца з нябожчыкамі. Такая традыцыя.


І тут во гаспадыня з намі вітаецца. Прсіць хаця сфатаграваць хату, бо ж дзеці ў горадзе, усе ў кам'ютарах разбіраюцца ды пабачаць маці ля хаты.


І апошняя хата ў Янкавічах. Дагледжана і прыгожа.


Дзякуем янкоўцам і ідзем далей. 4 км. па гэтай саліднай асфальтнай дарозе і мы ў Налібаках.

Фота і апісанне ДГ.

No comments:

Post a Comment