Thursday, March 10, 2016

Данута і Міхал Міхно: сям’я няпоўнагадовых “остарбайтараў”






















Тэрмін "остарбайтар", які зараз шырока выкарыстоўваецца ў навуковым і публіцыстычным асяродку, у перакладзе з нямецкай мовы азначае “усходні рабочы”. Гэты тэрмін быў уведзены нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны для абазначэння савецкіх грамадзян, якія былі адпраўлены на прымусовыя работы ў “трэці райх”.


Толькі з распадам Савецкага Саюза і пачаткам выплат кампенсацый з боку нямецкага ўраду ў 1990-я гг., былыя “остарбайтары”, якія дажылі да гэтага часу, атрымалі магчымасць адкрыта ўзгадваць пра свой лёс. Але нават праз два з паловай дзесяцігоддзі пасля распаду Савецкага Саюза біяграфіі гэтых людзей яшчэ не сталі часткай афіцыйнай памяці пра Другую сусветную вайну ў Беларусі.

Данута і Міхал не проста вельмі мілая сям’я пенсіянераў, якія ўсё жыццё адпрацавалі на цяжкіх фізічных працах у калгасе Стаўбцоўскага раёна. Іх аб’ядноўвае яшчэ і тое, што падчас Другой сусветнай вайны малымі дзецьмі яны апынуліся разам з іх бацькамі ў Германіі.

Сям'я Дануты Міхно.

Данута Альфонсаўна Міхно (Шабуня) нарадзілася 19 лютага 1944 г. у нямецікм горадзе Бад-Зэгеберг (зямля Шлезвіг-Гальштайн), куды яе бацькоў, беларускіх сялян, Яніну і Альфонса Шабуню разам са сваякамі адправілі на прымусовыя работы. А яе муж, Міхно Міхаіл Эдуардавіч, нарадзіўся 20 ліпеня 1941г. і быў вывезены на прымусовыя работы разам з матуляй і братам. 


Нямецкае пасведчанне аб нараджэнні Дануты Шабуні.

Пасведчанне аб хрышчэнні Дануты Міхно, 16 чэрвеня 1945 года.
Данута пасля вайны скончыла толькі пяць класаў савецкай школы і ў 13-ці гадовым узросце пайшла працаваць, затым да пенсіі працавала даяркай. Яе муж Міхал працаваў у гэтым жа калгасе трактарыстам. Іх жыццёвыя гісторыі раскрываюць цяжкае пасляваеннае становішча на вёсцы і філасофію “простага чалавека”, якога незалежна ад палітычных зменаў, ніхто не вызваліў ад цяжкай сельска-гаспадарчай працы ў вёсцы.



Выкарыстанне нацыстамі грамадзянскіх замежных рабочых набыло з пачаткам вайны масавы характар.За перыяд з 1939 па 1945 гг. на патрэбы нацысцкай эканомікі працавала па розным дадзеным ад 6 да 8 млн. грамадзянскіх замежных рабочых з Бельгіі, Даніі, Галандыі, Францыі, Італіі, Грэцыі, Сербіі, Харватыі, Славакіі, Цэхіі, Венгрыі і інш. краін Еўропы. 

Самая шматлікая група замежных грамадзянскіх рабочых у райху была з Савецкага Саюза: ад 2,5 да 2,75 млн. чалавек. 

Па афіцыйных звестках, з тэрыторыі Беларусі было вывезена 400 тыс., сярод іх больш за палову складалі маладыя дзяўчаты і жанчыны, якія былі прыцягнуты да прымусовых работ не толькі на нямецкія фабрыкі і заводы, але і ў сельскую гаспадарку, ды нават у нямецкія сем’і.



No comments:

Post a Comment