Створаная турыстычная карта Налібацкай пушчы, на якой прадстаўленыя самыя славутыя мясцовасці Пушчы і яе ваколіцаў, і яе векавыя міфы.
У рамках праекта “Рэгіянальныя сувеніры як сродак інтэграцыі мясцовых агратурыстычных супольнасцяў” распрацаваная маляўнічая турыстычная карта Налібацкай пушчы, якая прадстаўляе амаль чатыры дзясяткі самых славутых мясцовасцяў Пушчы і яе ваколіцаў, і яе векавых міфаў.
Упершыню ці не ўсе знакавыя пушчанскія цікавосткі сабраныя ў адным графічным творы, тым больш - картаграфічным. Такія карты рэгіёнаў усё яшчэ вельмі рэдкія ў беларускім турызме і выдавецкай справе. На карце прадстаўленыя такія разнастайныя рэаліі і міфалагемы Верхняга Панямоння, як, напрыклад, Лаўрышаўскі манастыр – першая цвярдыня праваслаўя ў даўняй Літве або вальер для зуброў і экасцежка каля Сябрыні – візіт-цэнтр Налібацкага заказніка; Чорнае возера – таямнічая затока Заходняй Бярэзіны і казачнік Бай, які, паводле беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі, сцеражэ казкі і легенды бяздоннага возера Кромань; Налібацкае шкло- колішні гонар мястэчка, што дало пушчы імя, і бандарства з недалёкіх Прудоў, што ўжо заняпалі, хаця і пакінулі па сабе добрую памяць, - і івянецкая кераміка, якая яшчэ жыве, дзякуючы ахвярнай працы мясцовых майстроў. Унікальная фітааптэка-лякарня ў Рубяжэвічах, што ўвасабляе векавыя традыцыі пушчанскага зельніцтва, і роварны марафон “Налібакі” – штогадовая прыгода для раварыстаў, і яшчэ многія іншыя страчаныя і дзеючыя сімвалы пушчанскай ідэнтычнасці – былой і сучаснай.
Для Беларусі Налібацкая Пушча – важнае месца нацыянальнай памяці. Мяркуйце самі: з гэтага Лесу родам сучасны стандарт адроджанай беларускай літаратурнай мовы (творы Дуніна-Марцінкевіча, Канстанцыі Буйла, Пятра Бітэля і інш.), галоўная нацыянальная эпапея (“Новая Зямля”), тут (у Любчы) яшчэ на мяжы XVI-XVII ст. жыў самы першы чалавек, які назваўся беларусам – Саламон Рысінскі.
Але Пушча – важнае месца гістарычнай памяці таксама і іншых народаў: літоўскага, польскага, габрэйскага. І было б добра, калі б тутэйшая турыстыка збліжала народы. І не сціплым ландшафтным заказнікам бачыцца ў будучыні Пушча, але – Нацыянальным паркам.
Аднак для гэтага і над інфраструктурай Пушчы, і над яе вобразам трэба яшчэ шмат папрацаваць. Марыцца пра тое, каб з’явілася тут густая сетка роварных сцяжынак, каб былі ўпарадкаваныя для турыстаў самыя розныя тутэйшыя цікавосткі – былыя партызанскія зямлянкі, калонія буслоў у Панямоні, вёска Рум над Іслаччу – напалову гатовы жывы скансен, абы хтосьці ўзяўся давесці да ладу. Каб хоць у нейкай сімвалічнай форме былі пазначаныя былыя рудні, месцы, дзе знаходзіліся шкляная і металургічная гуты, самыя старыя, “заслужаныя” дрэвы, месцы важных бітваў і знакавых магнацкіх паляванняў. Некалі ж, пэўна, так і будзе.
За апошняе дзесяцігоддзе адноўленыя гістарычныя сядзібы Дзяржынскіх у Дзяржынаве і Лэнскіх у Суле, створаныя выдатныя рыбалоўныя базы адпачынку на Кромані і на Сябрыньскіх азёрах. Адкрыта шмат аграсядзібаў, з’явіліся непаўторна цікавыя прыватныя музеі: неабыякавыя могуць паслухаць бясконцыя байкі кантрабандыстаў ад Фелікса Янушкевіча (музей “Ракаўская цывілізацыя”), паглядзець на калекцыю старадаўніх народных музычных інструментаў Алеся Лася, зазірнуць ў просты і свойскі дом-музей скульптура-самавука Апалінарыя Пупко ў Івенцы. Штогод ладзяцца разнастайныя фэсты – “Цукеркавы фэст” у Івенцы, “Вольнае паветра”, веламарафон “Налібакі”... І чым болей турыстаў будуць наведваць гэты край ужо зараз, тым хутчэй даведаюцца пра яго прыгажосць і таямнічасць іх сябры, сваякі, знаёмыя.
Няхай жа загучыць гэтая слаўная назва – Налібацкая Пушча – не толькі ў Мінску, Гродне і Навагрудку, але і ў Вільні, Варшаве, Маскве, Піцеры і Тэль-Авіве! Няхай кожны госць нашага краю знойдзе свой уласны вобраз Пушчы – вялікага лесу, дзе непарыўна перапляліся Прырода і Гісторыя. І новаствораная турыстычная карта няхай паспрыяе арыентацыі турыста ў таямнічым свеце пушчанскіх міфаў і рэалій.
Алесь Белы
Ідэя і канцэпцыя карты, падбор аб’ектаў – Алесь Белы
Дызайн – Валянціна Чэпік
** Карта распрацаваная і надрукаваная ў рамках праекта “Рэгіянальныя сувеніры як сродак інтэграцыі мясцовых агратурыстычных супольнасцяў”. Праект рэалізуецца ў Валожынскім і Маладзечанскім раёнах, пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі, якая рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам (IBB Dortmund) па даручэнні Міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ) і Таварыства па міжнародным супрацоўніцтве (GIZ).
Добрая справа! А дзе спампаваць можна ў высокай якасці?
ReplyDelete