Генрыха Далідовіча можна смела называць песняром беларускай дзяржаўнасці. З-пад яго пяра выйшла кніга пра ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага, трылогія пра ўзнікненне Беларускай народнай рэспублікі і Беларускай савецкай сацыялістычнай рэспублікі. Прыадчынім таямніцу - гэта пакуль не поўны збор. Да ўсяго гэтага, Генрых Вацлававіч вялікі лакальны патрыёт і пясняр малой радзімы. Падзеі амаль усіх ягоных апавяданняў, аповесцяў і раманаў адбываюцца ў Налібацкім краі.
З пісьменнікам, якому сёлета споўніцца 70 год, сустрэўся Дзмітры Гурневіч.
У пісьменніцкіх энцыклапедыях і даведніках напісана, што Генрых Далідовіч нарадзіўся ў вёсцы Янкавічы (Стаўбцоўскі р-н). Але пачаць аповед пра нашага земляка трэба ад выпраўлення гэтай памылкі. Насамрэч, аўтар раманаў і апавяданняў, шматгадовы рэдактар часопіса “Маладосць”, прыйшоў на свет у зямлянцы на хутары Амшарок у двух кіламетрах ад Янкавіч.
Сын Яе Вялікасці Налібацкай пушчы
Вёску Янкавічы ўлетку 1943 года спалілі нацысты, а мясцовы люд пагналі на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Бацька будучага пісьменніка Вацлаў здолеў уцячы з канвою і разам з жонкай Янінай вярнуўся дадому.
Гэтае драматычнае вяртанне Генрых Далідовіч апісаў у апавяданні “Сярод лесу, сярод поля”.
“Бацька сумеўся сяліцца на дзедаўшчыне - на папялішчы ў пустэльнай, адзічэлай, па начах нават прывіднай вёсцы, падаўся, як раней i ягоныя бацькі, на хутар, у Амшарок. Там зладзіў зямлянку - выкапаў яміну, абклаў яе падвалінамі, абставіў жэрдкамі, абкрыў ix галлём, кавалкамі з цёмна- зямлістага дзірвана. З ацалелай цэглы былой печы зляпіў грубачку з плітой, змайстраваў з плашак стол, ляжак, на ім матрац з сенам - вось першы іхні, Далідовічаўскі, хутаранскі «палац», што спрыяў выцерпець гора, выжыць i па-свойму непаўторна цешыцца маладосцю”.
У гэтым «хутарскім хораме» i нарадзіўся ў 1946 годзе малы Генік - першае дзіця ў адроджаных яго бацькамі Янкавічах i іхніх хутарах. Усяго ж у Далідовічаў было шасцёра дзяцей.
Генрых Далідовіч з мамй Янінай і бацькам Вацлава на хутары Амшарок. |
- У рамане Івана Буніна “Жыццё Арсеннева” герой часамі перажываў, што ён жыве ў нейкай глухамані, што бачыць мала людзей, што слухае выццё мяцеліцы, ходзіць сцежкамі, дзе поўна снегу. А мне жыццё на хутары Амшарок дужа падабалася. Вясной там усё квітнела ад ранніх кветак, пасля зелянела жыта, бегла хвалямі як мора. Гэта гульні з сябрамі на хутары, з якімі мы заўсёды былі радыя сустракацца. Гэта сенакосы. А побач былі і іншыя маляўнічыя хутары, яны і сёння ў маёй памяці: Ляжджа, Падзера, Ляйтаркі.
Першыя літаратурныя ўрокі
Чытаць будучы пісьменнік навучыўся яшчэ да 5 гадоў. Бацькі, якія хадзілі ў школу “за польскім часам”, навучылі яго чытаць па-польску. Родную мову ён спазнаў у 1-ым класе. На хутары Амшарок Далідовічы пражылі 15 гадоў і пасля перабраліся ў цывілізацыю – у вёску. У Янкавічах ён напісаў свае першыя літаратурныя радкі. У 10 класе стаў пазаштатным карэспандэнтам «Сельской газеты». Прыблізна ў гэты ж час Далідовіч пачаў пісаць і апавяданні. Свае першыя пісьменніцкія крокі ён рабіў пад пільным наглядам карыфеяў беларускай літаратуры - Міхася Стральцова і Вячаслава Адамачыка, якія працавалі ў часопісе “Маладосць”. Далідовіч нават здагадвацца тады не мог, што праз некалькі дзясяткаў гадоў ён стане галоўным рэдактарам гэтага выдання.
- Стральцоў і Адамчык пісалі мне, што ў гэты час, калі малады аўтар пачынае асэнсоўваць жыццё, прыроду, людзей, характары, усё ўбачанае, то тады маладыя аўтары імкнуцца нейкага пераймаць. І яны пісалі: у цябе там такое багатае жыццё, ты нічога не сачыняй, не пераймай, ты проста апішы. Апішы бабулю, якая прыходзіць да вас у госці з бліжэйшага хутара, пра што яна расказвае, як яна расказвае, як збіраюцца суседзі. І як я мог пра гэта не пісаць? У адным з першых апавяданняў “Цяпло на першацвет” я апісаў сваё маленства, працу з бацькам у кузні. Гэта была нялёгкая работа. Але гэта ішло і гартаванне. Ужо пазней я напісаў аповесць “Жывы покліч” пра тое, як мой бацька і маці вярнуліся ў спаленую вёску і ў зямлянцы пачыналі новае жыццё. Што тут прыдумляць?
Каля роднай хаты з землякамі ў Янкавічах падчас святкавання 50-годдзя. |
- Так выйшаў мой раман за які я атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі – раман “Заходнікі”. Я змог расказаць пра сваіх землякоў, якія напакутаваліся ад прыезджых начальнікаў. Начальнікаў, якія часам не ўмелі працаваць, але мелі сілу і прыгняталі дух. Мне паспрыяла тое, што была перабудова. Янка Брыль, якога я глыбока паважаю і цаню, як пісьменніка, як аднаго з тых, хто быў маім настаўнікам, сказаў мне: - Ну, Генрых, табе пашанцавала. Нам бы у свой час не дазволілі паказваць выбрыкі старшыні калгаса, які дазваляў сабе ледзь са зброяй хадзіць і здзеквацца з людзей і іншыя рэчы, якія наш люд вытрымаў. Калі я ствараў станоўчыя вобразы, я не мог не паказаць, што я бачыў на ўласныя вочы і што вытрымалі нашы людзі. Яны вельмі годна сябе паводзілі і засталіся людзьмі высокага гарту.
Рака Шура. |
“Сваімі творамі я аддаю даніну стварой вёсцы”
Але з новым лёсам у калгасах і без уласнай зямлі пагадзіліся не ўсе. У 1956 годзе пачалася чарговая хваля рэпатрыяцыі ў Польшчу. Шмат людзей з налібацкага наваколля выехала з Беларусі. Людзі лічылі, што там ім будзе лепш, што там іх будуць больш цаніць, як гаспадароў. Па падліках Генрыха Вацлававіча тады ў Польшчу выехала палова янкоўцаў, якія не хацелі ўступаць у калгасы. Са 110 двароў засталіся 60. Родныя мясціны пакінулі дзядзькі і сёстры. Некаторыя з іх сталі героямі твораў пісьменніка. Разам з сынамі тады выехала і родная бабуля Далідовічыха. Яна пражыла ў Польшчы да 100 і ўсё жыццё размаўляла па-беларуску.
- Але ў нашай сям’і была іншая бабуля – маміна мама. Яна ў 1956 годзе мелася разам са сваймі сынамі выехаць у Польшчу са свайго хутара Ляйтаркі, але пасля перадумала і вырашыла застацца пры адзінай дачцэ. Гэтая дачка – мая мама Яніна. Паколькі яна трымала маленькую гаспадарку, то я, як старэйшы ўнук, ёй дапамагаў: дровы калоць, сена касіць і г.д. Калі не трэба было хадзіць у школу, то я там і начаваў там. Яна мне расказвала вечарамі і начамі столькі гісторый, што часам я нават засынаў пад яе апавяданні. Хто з кім меў каханне, хто з кім жаніўся, каго не аддавалі па пэўных прычынах. Я яе ўважліва слухаў, але і думаць не думаў, што пасля мне ўсё гэта спатрэбіцца. У прыватнасці мой раман “Гаспадар-камень - гэта адзін з трох раманаў пра ўтварэнне дзяржаўнасці Беларусі ў XX ст. У першай кнізе было больш бытавога, мне хацелася паказаць жыццё ў звычайнай вёсцы. Эпізоды, дзе апісваюцца людзі, хутары і вёска, то я напісаў гэта дзякуючы таму, што мне расказала бабуля. І калі потым маладзейшыя чыталі гэта сваім бацькам у вёсцы, то тыя дзівіліся, адкуль Генік гэта ведае, ён жа тады не жыў. Бабуля была вясковым акадэмікам па разуменні жыцця. У яе, напрыклад, не было слова трава, яна ведала назву кожнай травінкі, яна ведала ўсе зёлкі і што чым лячыць. Яна ведала ўсе назвы грыбоў. Дзякуючы ёй я спазнаў тое, што патрэбна кожнаму чалавеку, а пісьменніку асабліва. Веданне народнага – жывіць творы. Пра вайну я стараўся не пісаць, бо ў нашай беларускай літаратуры пра яе столькі напісана на высокім узроўні, што я б там нічога новага не сказаў. Але на аснове аповедаў родных я паказаў, як наша вёска палілася, як гэта людзі перажывалі, як іх фактычна выгналі з родных мясцін калектывізацыяй. Я гэтым аддаў даніну той старой вёсцы.
Свой дом
Раман «Гаспадар-камень» запачаткаваў трылогію пра станаўленне беларускай дзяржаўнасці ў XX ст. Як у першай, так і ў наступных частках “Пабуджаныя” і “Свой дом” героямі кнігі сталі ня толькі Янка Купала, Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Чарвякоў, але і жыхары Налібацкай пушчы. У трылогіі Далідовіч пастараўся паглыбіцца ў падзеі, пачынаючы ад І сусветнай вайны да 1919 года.
- Пасля І сусветнай вайны, падчас каторай нашыя людзі нацярпеліся і ад расійскіх войскаў, і ад нямецкіх, многія былі ў бежанстве, яны задумаліся над тым, што лепш мець свой уласны дом. І ў многіх прарэзалася адчуванне, што мы не пыл на ветры, што ў нас ёсць свая радзіма, свае родныя месцы і родная мова. І тады, калі пачала ўтварацца БНР, а пасля БССР, многія адчулі: так, мы жывем побач з цікавымі і адукаванымі суседзямі, але наш край Беларусь. Раней ён называўся іначай – Літва, Вялікае княства Літоўскае, але цяпер гэта Беларусь.
Поле паміж Янкавічамі і Налібакі, дзе знаходзіўся Гаспадар-камень. |
Будаўніцтва свайго дому не давалася проста, кажа Генрых Вацлававіч. Кожнае пакаленне за апошняе стагоддзе выхоўвалася ў розных дзяржавах не выязджаячы за межы вёскі. Дзяды выраслі Янкавічах, якія належалі Расійскай імперыі. Бацькі выхаваліся ў “польскія часы”, а сам ён гадаваўся ўжо ў савецкай Беларусі. – Рускія казалі: праваслаўны – значыць рускі. Палякі тлумачылі: каталік – значыць паляк. Камуністы вучылі, што гісторыя Беларусі пачынаецца з 1917 года.
- Я сваю радню ведаю з 1710 года. У нас няма глыбокіх польскіх каранёў, а рускіх і следу няма. Але сітуацыя пры аб’яднанні Вялікага княства Літоўскага з Рэччу Паспалітай склалася так, што многія перайшлі ў каталіцкую веру. Так аўтаматычна нас зрабілі палякамі. Мая бабуля Зося паходзіла з роду Чапроўскія. Яны былі шляхтай, але царскі ўрад перавёў іх у аднадворцы, у простых сялян. Бабуля мая Зося, якае пра гэта ведала, кала мне: што мы і не рускія, і не палякі, мы тутэйшыя. Старыя вельмі часта так казалі: мы свае, мы тутэйшыя. Іх ніхто не вучыў гісторыі. Яны вусна перадавалі легенды і паданні. Бацька расказваў, адкуль узялася назва Янкавічы. Маўляў, быў там нейкі граф, які панаваў усёй ваколіцаў і быў у яго служка Янка. І быццам Янка быў добрым памочнікам дык граф і падараваў яму гэтыя землі. Адсюль і назва Янкавічы.
Бацькоўская навука
Бацька Генрыха Далідовіча Вацлаў быў славутым на ўсю ваколіцу кавалём. Кавальскай справе ён навучыў і сына. Пазней бацькава адукацыя моцна прыдалася сыну ў літаратуры.
Бацька Вацлаў. |
- Бацька мой з 1922 года. У 16 гадоў ён прайшоў сур’ёзнае навучанне ў вопытнага каваля, ад якога набыў шмат сакрэтаў. Бацькаву працу я заўсёды цаніў вельмі высока. Пра многія рэчы я ўжо напісаў. Ад бацькі я атрымаў навуку, здавалася б, далёкую ад літаратуры. Калі мы з ім рабілі сярпы з кавалка жалеза, я там мяхі раздзімаў, трохі малаточкам стукаў, пасля ён клаў нарыхтоўку на жалезны вал і я памагаў яму зубіць. Ён устаўляў зубільца, а я біў малатком. Бывае слаба ўдарыш – не дасячэш. Моцна – рассячэш. Бацька мне даваў ісці з сярпамі на поле, каб маці праверыла, які серп дрэнна жне. Калі нейкі серп дрэнна жаў, то мы перараблялі нанава. І я думаў: Божа мой, гэта зноў гэты горн раздзімаць, зноў тачыла круціць, зноў зубіць. Я ледзь не плакаў, хацелася ж і пагуляцца. А бацька казаў мне: сын, вось такая наша справа, калі нехта нечым такім займаецца: зробіш добра, то скажуць, ну добра і ўсё. А не дай Бог зрабіць дрэнна, то адразу ж скажуць – дрэнны спецыяліст. Дык калі я пісаў, то стараўся, і нават сёння так раблю, што не аддаю ў друк напісанага мною ад рукі да таго часу, пакуль я не палічу, што ўжо лепш не зраблю. Гэта ўсё ад бацькі, каб зрабіць так, каб было чым найлепей, каб за зробленае не было сорамна.
Дарога ў свет
Пасля заканчэння Дзераўнянскай школы Генрых Далідовіч у 1963 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філфака БДУ. У Мінску пачынаючаму аўтару пашанцавала на добрых настаўнікаў. Выкладчыкі ўніверсітэту тады прызвычаілі яго чытаць паўзабароненага Максіма Гарэцкага, яд якога ён шмат вучыўся пісьменніцкаму майстэрству. У “Маладосці” ён асабіста ўжо пазнаёміўся са Стральцовым і Адамчыкам. У часопісе “Полымя” яму шмат дапамаглі Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка. Калі Генрых Вацлававіч рыхтаваў сваю першую кніжку ў 1974 годзе, яго паклікаў да сябе Іван Паўлавіч Мележ. Тады ён быў вельмі знакаміты, ён атрымаў Ленінскую прэмію за “Людзі на балоце”.
- Я прыйшоў да яго ў Саюз пісьменнікаў, сеў побач. Калі ён разгарнуў маю аповесць у часопісе “Маладосць”, то я хацеў скрозь зямлю праваліцца. Там усё было скрэсленае. А ён, як выявілася, пазначаў там – вось так пішыце, а вось так не пішыце. Вось гэта, маўляў, сапраўдная проза, а гэта ўжо бліжэй да газеты. Ён цэлыя тры гадзіны разбіраў маю аповесць. Для мяне гэта была такая добрая навука, што я і сёння яе помню.
З сынам Якуба Коласа Міхасём Міцкевічам |
Праз гады Генрых Далідовіч атрымаў прэмію імя Мележа за раман “Гаспадар-камень”. Тады за лепшую кнігу прозы ўручалі прэмію Мележа, а за паэзію – Аракадзя Куляшова. Водгук на першую кнігу даслаў і Васіль Быкаў.
- Некаторыя літаратары могуць наракаць, што іх не прымалі, што іх не дапускалі, мне ў гэтым сэнсе пашанцавала. Бо адна справа скончыць філфак, а другая, калі ты працуеш з майстрам. Ты вучышся апрацоўваць матэрыял і ён табе ледзь-ледзь дапаможа і ўсё – пайшло. А бывае, што сам нешта шукаеш, блытаешся. Там нешта не дагаварыў, там не ўзмацніў. А вось гэтыя падказкі вельмі многа дапамагаюць.
Першай кнігай Далідовіча быў зборнік апавяданняў "Дажджы над вёскай", якая ўбачыла свет у 1974 г. Годам раней ён пачаў працу ў аддзеле прозы часопіса "Полымя". У 1979 годзе Далідовіч стаў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць”, а з 1991 года – галоўны рэдактар.
На новы парог
“Маладосць” быў ня толькі часопісам-трамплінам для маладых імён. У часы перабудовы там друкаваліся гістарычныя творы, якія выклікалі шал у камуністаў.
У 1985 годзе там быў апублікаваны нарыс гісторыка Міколы Ермаловіча пра Полацкае княства. Тады ў адной з цэнтральных газет на рэдакцыю “Маладосці” накінуўся адзін гісторык, што тая, маўляў, не следуе марксізму-ленінізму, што не піша пра простых людзей, а піша пра князёў і ўслаўляе буржуазію.
- Прыбягае Ермаловіч і кажа: - Гэта ж партыйная газета, патрэбны нейкі адказ, бо вас могуць зняць. А мы кажам: - А што ў Вас ёсць? Ермаловіч адказвае: - "Старажытная Беларусь". І мы вырашылі надрукаваць гэты твор.
Анатоля Грачанікава, які быў галоўным рэдактарам і Генрыха Далідовіча, выклікалі ў ЦК КПБ. Сакратар па ідэалогіі пачаў крычаць, што яны прапаведуюць нацыяналізм, што такое нельга друкаваць. А Грачанікаў спакойна адказаў: - Мы Ермаловіча надрукуем, але калі будуць нязгодныя, то мы надрукуем і іх. Так і было зроблена.
- На добры толк трэба, каб гэтая кніга ў кожную нашу сям’ю трапіла. Каб людзі паглядзелі, што, дзе і калі ў нас тут рабілася. Вакол Тураўскага княства, вакол Полацкага. Як пасля ўтваралася Вялікае княства Літоўскае. Як ішло абуджэнне свядомасці простала люду. Як гэты просты люд усведамляў сябе народам. Якія былі выбітныя асобы, якія былі падзеі, колькі ім прыйшлося вытрымаць. “Старажынтую Беларусь” выдала “Мастацкая літаратура” і тагачасны камітэт па прэміях даў дзяржаўную прэмію Ермаловічу. У яго быў зрок мінус 28, а ў ягонай кнізе больш тысячы зносак. Уявіце, амаль сляпы чалавек, які чытаў многія друкі толькі праз лупу, і раптам ён праявіў такую духоўную відушчасць. Некаторыя проста паапускалі галовы і прызналі тое, што проста трэба было прызнаць. Нават той хто і не ведаў, альбо не хацеў ведаць нашую гісторыю, калі пачуў, то захацеў пачытаць. І тады пытанні ўзнікалі, а чаму дагэтуль так не пісалі. Так абуджалася цікавасць да нашай гісторыі.
Генрых Далідовіч у Навагрудку. |
Публікацыя Ермаловіча выклікала ланцуговую рэакцыю, праз нейкі час, кліча мяне Міхал Чарняўскі. Трымае ў руках тэчку і кажа: - "Я цаню вашу смеласць, што вы ўзялі Ермаловіча і я хачу даць вам яшчэ адзін твор. Прачытайце самі і нікому не кажыце. Мне яго дала аўтарка. Назвы няма". Я пачаў чытаць першы. У мяне ў галаве быў шок. Гэта абсалютна новы кавал жыцця Беларусі апісваецца. Смела, але з болем апісваецца наша новая гісторыя. Яе гераіню выкралі і прывезлі на суд у Менск. Яе дапытваў прыблуда Цанава. Пытаўся: Так на каком языке будем допрос делать? – Як на якой, на мове таго народа, сярод якога мы знаходзімся. Мы прачыталі яго рэдакцыяй і прыдумулі назву твора - "Споведзь". Гэта былі ўспаміны Ларысы Геніюш".
Ланцуговая рэакцыя звязаная з імём Ермаловіча закранула і Далідовіча. Знаёмства з аўтарам “Старажытнай Беларусі” натхніла пісьменніка пачаць кнігу пра ўватрэнне беларускай дзяржаўнасці ў 1246 годзе.
- Гэта той год, калі цяперашнія Ўкраіна і Расія ляжалі ў папялішчы пасля татара-мангольскага нашэсця. Нашы краі яны абмінулі, не таму што баяліся, а таму што не хацелі лезці ў лясы-балоты і пайшлі на Польшчу, Венгрыю і Чэхію. І землі, якія ў летапісах называліся Літвой, гэта тэрыторыя паміж Навагрудкам, Слонімам, Маладзечна, скарысталіся сітуацыяй: аб’ядналіся і стварылі дзяржаву з цэнтрам у Навагрудку. Тыя людзі прыйшлі да высновы, што трэба ў гэты цяжкі час пабудаваць сваю дзяржаву Вялікае княства Літоўскае і трымацца за яе. Пра ўсё гэта я напісаў у рамане “Кліч роднага звона”.
Дарэчы, падзеі ў рамане разгортваюцца і ў налібацкіх лясах. У рамане фігуруе Булявіцкае княства, якое Далідовіч размясіў у Налібацкай пушчы. Яго сталіцай, паводле аўтара, мелася быць вёска Балевічы, якую камуністы пасля вайны ліквідавалі. Пра Балявіцкае ці Булявіцкае княства Далідовічу распавёў Мікола Ермаловіч. У дакументах засведчана: у тагачаснай Літве было Булявіцкае княства. Княства Булевічы. Ермаловіч вызначыў, што яго цэнтр мог быць у Балевічах, паміж Стоўбцамі і Івянцом.
У 1996 годзе Генрых Далідовіч выдаў кнігу “Жар кахання”. Пасля кніг аб пасляваенным жыцці вёскі, станаўленні беларускай дзяржаўнасці, здзеках камуністаў над беларусамі, зборнік апавадяннаў пра каханне стаў нечаканасцю.
- На пачатку 1990-ых я чытаў курс лекцый “Сучасная беларуская літаратура”. Гэта быў новы этап беларусізацыі, людзі цікавіліся ўсім беларускім. І мне, бывала, нашыя настаўнікі і супрацоўнікі бібліятэк час ад часу казалі так: добра вы казалі, добра хвалілі, але неяк нашыя класікі сумнавата пішуць. Прырода, жыццё герояў. Вось “Трэцяе пакаленне” Кузьмы Чорнага. Ну хай бы хоць герой адзін раз пацалаваўся. Мяне гэта глыбока ўразіла. Сапраўды, нашыя некаторыя пісьменнікі любілі паказваць каханне ў кажуху і валёнках. І я вырашыў паказаць каханне без адзення.
З жонкай Марыяй Нічыпараўнай. |
- Ужо 10 гадоў я пішу раман пра нашу дзяржаўнасць яшчэ да ўтварэння ВКЛ. Кніга будзе называцца “Рурыкавічы і Рагвалодавічы”. Першую частку гэтага твора я друкаваў у “Дзеяслове” ў 2012 годзе. І цяпер з вялікімі намаганнямі, бо шмат што трэба ўтрымаць у галаве, вельмі многа фактуры, трэба яе асэнсаваць і пры тым не перабольшыць. Нават калі я недзе еду, я сядаю ранкам і працягваю пісаць і вяду ўжо раман да заканчэння.
“Трэба ездзіць дадому пакуль ёсць cілы”
З жонкай Марыяй, дачкой Людмілай і сынам Віталём. |
- Трэба ездзіць пакуль ёсць cілы. Пагаварыць з людзьмі, пабыць каля бацькоўскай хаты. Шмат хто з сяброў ужо знайшоў вечны спачын, нехта пастарэў, нехта падрастае. Гэта новае асэнсаванне. Я стараюся мінімум адзін раз на год бываць. Найчасцей на могілках, пастаяць, падумаць, схіліць галаву. Гэта часамі проста патрэбна. Тады нават у самога дух мацнее, адчуваеш сябе больш адказным. Ёсць і сын і дачка, і ім гэта нешта перадаецца. І ўнуку. І ўнучцы Злаце, якой 3 гады і 10 месяцаў. Яна, бывае, кажа: Дзед, а ты памрэш? Я кажу: ну канешне ж памру, але знай унучка і заўсёды памятай, што быў такі дзед Генрых і бабця Марыя, ты павінна гэта ведаць. А яна мне адказвае: добра, дзед, я буду гэта памятаць.
Супер! Дзякуй!
ReplyDelete