Thursday, December 31, 2015

На джыпах праз Налібацкую пушчу

















Палякі Пётр Карвэцкі і яго жонка Ева аб’ехалі ўсю Еўропу, Каўказ, палову Афрыкі і ладны кавалак Блізкага Ўсходу. Падарожжы – гэта захапленне іх жыцця. Самалёты, гатэлі і прыгожыя пляжы з пальмамі ды празрыстай вадой – не для іх. Карвэцкіх прыцягваюць мясціны, якіх традыцыйныя турысты пазбягаюць – іранскі Курдыстан, Сірыя, Маўрытанія, Бенін, Малі, Буркіна-Фасо, Тога. Галоўны ключ кожнай трасы – бездараж. Тысячы кіламэтраў яны пераадольваюць на сваім джыпе. У 2005 годзе ў экзатычных краін, якія наведвалі Карвэцкія, з'явіўся сур’ёзны канкурэнт – Беларусь. Яны закахаліся ў яе настолькі, што пачалі вазіць туды польскіх турыстаў.



Нагода наведаць суседнюю краіну не хавала ў сабе інтрыгі. З вёскі Асіпаны на Смаргончышне паходзіць бацька пана Пятра, якога ён страціў ва ўзросце 7 гадоў так і не пасьпеўшы дазнацца больш пра свае карані. Сямейнай гісторыяй ён зацікавіўся тады, калі ў яго самога ўжо былі дарослыя дзеці. 10 гадоў таму ў доме Карвэцкіх упершыню прагучала ідэя наведаць Беларусь.

Пётр Карвэцкі: Жонка вельмі баялася туд ехаць. Мы пастаянна чулі пра Лукашэнку і дыктатуру. Я таксама хваляваўся. Мы ўспрымалі Беларусь, як вельмі таталітарную краіну, з міліцыяй і войскам на кожным скрыжаванні.

Першы раз Карвэцкія правялі ў Беларусі чатыры дні. Там яны знайшлі і родную вёску бацькі, і радавое гняздо, дзе як выявілася, Карвэцкія жылі ўжо ад паловы 17 ст. – гэта вёска Поцевічы. Беларуссю вельмі хутка “захварэла” і жонка.


Эва Карвэцка: Спачатку ўсе знаёмыя зьдзіўляліся, маўляў, куды ты едзеш. Там рэжым, міліцыя, няма аніводнага гатэля, нідзе нельга затрымацца. Пераезд мяжы жахлівы, на кожным кроку спыняе міліцыя. Але мае ўражанні былі абсалютныя іншыя, чым я сабе ўяляла Беларусь. Пасля кожнага вяртання знаёмыя працягвалі пытацца: куды вы ездзіце, там жа страляюць. А мы здзіўлялі іх сваімі адказамі: - Ды не страляюць, там абсалютна нармальна.

Пані Эва кажа, што за 10 гадоў, якія яна з мужам езьдзяць у Беларусі, краіна моцна зьмянілася ў лепшы бок

Эва: Беларусь вельмі папрыгажэла. Воблік мястэчак і гарадоў пахарашэў. Мы не сустрэлі людзей, якія б зрабілі нам нешта кепскае. Нас паўсюль сустракалі вельмі сардэчна. За ўсе гэтыя гады не адбылося аніводнай прыкрай гісторыі, якая б прымусіла нас расчаравацца ў Беларусі.


А выпрабаванняў кожная паездка прыносіць нямала. Маршрут Карвэцкіх па Беларусі вядзе не праз асфальтаваную “алімпійку” і арганізаваныя экскурсіі па Мірскім замку ды начлегі ў гатэлях. Пётр і Эва наўмысна абіраюць трасы праз вёскі, лясы, палявыя дарогі і балоты. Цымус не толькі ў адрэналіне. У беларускай бездаражы яны шукаюць сляды Вялікага княства літоўскага і апошніх сведкаў даваеннай эпохі.

Пётр: Гэты свет, якім мы бачым, вёскі й мястэчкі, праз 10-15 гадоў яго ня будзе. Гэта апошні момант, калі гэтыя людзі могуць распавесці пра культуру й звычаі часоў, калі яшчэ не было калгасаў. Праз 15 гадоў такіх гісторый ужо больш ніхто не раскажа. Старая беларуская вёска памірае на нашых вачах. За дзесяць гадоў у некаторых вёсках, дзе жыло па 100 чалавек, засталіся 2-3 жылыя дамы. Гэтыя людзі распавядаюць мне фантастычныя гісторыі. А новым суседзям, украінцам, казахам, яны нецікавыя, ім нецікава, што там адбывалася 100 ці 200 гадоў таму. Яны эмацыйны не звязаныя з гэтай зямлёй, яны не адчуваюць там сваіх каранёў. Я акурат хачу адчуць свае карані, таму ўва мне ёсць патрэба размоў, сустрэч і збору інфармацыі.


Гэтая сувязь зь Беларуссю стала настолькі моцнай, што Карвэцкія вырашылі падзяліцца ёю з іншымі. Ад верасня яны ладзяць паездкі польскіх турыстаў у Беларусь. У кожнай вандроўцы бярэ ўдзел каля 3-4 джыпаў. Дзякуючы камеральнасьці груп не губляецца непаўторная атмасфера, кажа пан Пётр.

Трасу для паездак ён распрацаваў сам. З Гродна караван едзе у Багатыровічы, дзе жылі героі раману Элізы Ажэшкі. Там група наведвае яе музей і затым з Ліды едзе ў Ашмяны. Праз Жупраны, дзе пахаваны Францішак Багушэвіч, удзельнікі вандроўкі едуць у Кушляны. Карвэцкі дбае пра тое, каб заўсёды ехаць па неасфальтаваных дарогах, каб бачыць навакольныя вёскі. У Кушлянах яны наведваюць музэй Багушэвіча і сімвалічны камень Мацея Бурачка ў лесе. Потым шлях вядзе праз былую татарскую вёску Наздрачуны праз Чыжыкі, татарскія асады Гамзічы, Татаршчыну, Асаны. Адтуль Карвэцкія і Co едуць у Крэва, а потым у Валожын.

Пётр: Некалькі дзён мы праводзім у Налібацкай пушчы. Наведваем нават Музэй Фэлікса Дзяржынскага. Праз пушчу мы едзем у Наваградак. Мір, Нясвіж. Гэта ўжо культавыя помнікі. Але іх таксама трэба пабачыць.


Другая траса вядзе таксама праз Кушляны- у Залессе, у музей Агінскага. Як толькі летась Карвэцкія дазналіся пра адкрыццё музэя, то селі ў машыну й адразу паехалі туды. Як выявілася, яны былі першымі замежнымі госцямі ў музеі. Адтуль група едзе ў Смаргонь і знаёміцца там з гісторыяй Мядзвежай акадэміі. Потым у праграме: касцёл у Гервятах і Солах. Апошні, дарэчы, быў пабудаваны дзякуючы ахвяраванням сястры дзеда Карвэцкага.

“Беларусь цікавая не толькі тым, хто мае там карані, кажа пані Эва - Гэта краіна з цікавымі замкамі, палацамі, прыродай, кухняй, фальклёрам. І пасля паўзы дадае – “Паверце, людзям патрэбныя ня толькі горы і мора”.


Да пераліку козыраў Беларусі далучаецца пан Пётр. Ён кажа, што першае на што “клююць” турысты - гэта зачыненасць і таямнічасць Беларусі. Аднак на месцы яны прыходзяць у захапленне ад убачанага і пачынаюць глядзець на краіну з іншай пэрспэктывы.

Пётр: Мы езьдзім сцежкамі па лясах, каля былых фальваркаў, праз хутары. Пагоркі ў ваколіцы Крэва – гэта фантастыка. Тут руіны, тут малая вёска, там старыя могілкі, дзе паміж дрэвамі стаяць 200-гадовыя крыжы. Гэта ўсё стварае неверагодную атмасфэру. Нядаўна я быў у Налібацкай пушчы. Гэта, на жаль, яшчэ недаацэненая мясціна з пункту гледжання турызма. Мы начуем у леснічоўцы на акраіне пушчы. Затым мы едзем праз балоты. Наш памочнік, былы лясьнік, дзівіцца і кажа, што нават беларускія трактары не здольныя тудою праехаць. Праз гэтыя балоты й лясы, дзе часам можна сустрэць зубра, ласёў. Неяк пад Ашмянамі я пабачыў статак больш як 100 коней, якое гойсала па полі і лесе. Гэта неверагодная карціна. У Польшчы я ніколі не бачыў нічога падобнага.


Паводле Карвэцкіх, Беларусь – гэта не месца для звычайнага турыста, які едзе паляжаць на пляжы. Гэта штосці для тых, хто шукае прыгоды, дзікасць, аўтапрабег, гісторыю.

Адзінае, чаго не хапае турыстам у Беларусі, гэта адсутнасць у вёсках душа і туалета. Аднак гэтыя недахопы кампенсуюцца іншымі рэчамі.

Эва: У Беларусі нас кормяць на ўбой. Калі мы вяртаемся дадому, то нашыя жываты лопаюць. Гэта іншая дыета, чым у нас. На сняданне бульба, скварка, яйка са смятанай. У верасні з намі была пара з Сілезіі. Калі яны пабачылі колькасць ежы, якую ім паставілі нас стол у аграсядзібе ў Поцевічах, то яны сказалі, што гэтага проста не рэальна асіліць. Яны там вохкалі ад перасыту. Усё вельмі свежае й смачнае. Не адчуваецца ніякай хіміі.

Некаторыя пасля вяртання пачынаюць планаваць самастойнае падарожжа ў Беларусь разам са сваімі дзецьмі.

Але свае вандроўкі ў Беларусь разам з турыстамі Карвэцкія бізнэсам не лічаць і мяркуюць, што зарабляць на гэтым грошы пакуль не ўдасца. Зрэшты, такой мэты яны перад сабой і не ставяць.

Пётр: Я ўжо наеўся бізнэсу. Летась я прадаў частку сваёй справы, якая забірала ў мяне шмат часу. І цяпер я раблю тое, што мне падабаецца, што мне прыносіць радасць. Тое, што мяне натхняе. Паездкі з турыстамі, якія нешта ды заплоцяць, гэта хутчэй нагода для мяне каб туды ездзіць і знаёміцца з новымі рэгіёнамі бясплатна. То бок яны плоцяць за маё хобі.


Да свайго хобі пан Пётр ставіцца надзвычай адказна. Перад тым, як уносіць змену ў трасу, ён мусіць наперш пабываць там сам. Начуе ў пушчы, робіць сплыў па рацэ і толькі пасля гэтага вязе туды гасцей. Нават гарэлку ён заўсёды каштуе сам перад тым, як пачаставаць ёю турыстаў.

У наступным годзе Карвэцкія хочуць значна пашырыць прапанову для турыстаў. Разам зь беларускімі пасіянарыямі яны хочуць арганізоўваць шпацыры па балотах, назіранне за птушкамі, сплыў па рэках, адпачынак на возеры. Геаграфія падарожжаў пашырыцца на ўсю Беларусь.

Масавы турызм Карвэцкіх не цікавіць. Яны хочуць працягваць вазіць у Беларусь невялікія групы. Людзей, якія сапраўды хочуць пазнаёміцца зь Беларуссю. Каб вярнуўшыся, яны маглі распавесьці іншым пра гісторыю, культуру, прыроду, кухню і заахвоціць новых цікаўных наведваць Беларусь. Часта гэтаму замінае бюракратыя з беларускага боку, прызнаюцца Карвэцкія. Гэта і візы, якія даводзіцца чакаць па 5 дзён і амаль 100%-ая калектыўнасць падарожжаў турыстаў па Беларусі. А атрымаць візу для індывідуальнага турыста, які ў Заходняй Еўропе ўжо з'яўляецца асноўнай формай турызма, у Беларусі - вельмі складаная працэдура. Апрача візаў турысты абавязаныя мець ваўчары. Такія аб’ёмы дакументаў вельмі часта палохаюць патэнцыйных турыстаў, гаворыць пан Пётр.


Не так даўно консульствы сталі патрабаваць дакладную турыстычную трасу і доказ аплаты трасы яшчэ перад атрыманнем візы. Паводле назіранняў Карвэцкіх, гэта практычна забіла турыстычны рух. “Беларускія чыноўнікі не ведаюць, як правільна падысці да пытання турызма, яны стараюцца працаваць старымі савецкімі метадамі, а гэта толькі пагаршае справу” - кажа пан Пётр і дадае, што ў Францыю, напрыклад, штогод прыяжджае 86 мільёнаў турыстаў, у Іспанію 68 млн.

Пётр: Калі б гэта я быў адказным за развіццё турызму ў Беларусі, то за год, нават без ліквідацыі візавага рэжыму, я б павялічыў колькасць турыстаў з сённяшніх 130 тысяч да некалькіх мільёнаў. Палова польскай свядомасьці знаходзіцца ў Беларусі, а палова сьвядомасці беларусаў – на захадзе. За стагодздзі мы культурна ўзаемапранікалі. Для палякаў няма бліжэйшага народа, чым беларусы і наадварот. Калі я бачу, што каля культавых месцаў нашай супольнай гісторыі няма аўтобусаў і аўтамабіляў з польскімі нумарамі, то мяне ахоплівае роспач.

Але для роспачы ў Карвэцкіх мала часу. Трэба дапамагаць Беларусі даганяць Іспанію і Францыю па турыстычным руху. Яны ўжо працуюць над новымі маршрутамі і ў лютым вязуць у Беларусь чарговую групу турыстаў.

Дзьмітры Гурневіч, Польскае радыё

Фотаздымкі з уласнага архіву Карвэцкіх.




2 comments:

  1. Извините, что не по теме - но по региону) Проведена оцифровка кладбища д. Налибоки, если кому-то интересно - вот база: http://www.graves.by/cemeteries/stolbtsy-naliboki-village-cemetery.html

    А

    ReplyDelete
    Replies
    1. Дзякуй вялікі. Зробім пра гэта асобную публікацыю на сайце.

      Delete