У гістарычнай літаратуры нярэдка сцвярджаецца, што ў старажытнасці рака Нёман называлася Кронан, а само гэтае слова асацыююць з імем старажытнагрэцкага тытана Кронаса (Хронаса), які стаў увасабленнем ўсёпаглынальнага часу.
У 1490 у Рыме Пётр Турскі перавыдаў «Карту Еўрапейскай Сарматыі», складзеную ў другім стагоддзі нашай эры рымскім географам Пталамеем. На гэтай карце Нёман быў пазначаны як Chrones (Кронес), і рака выцякала з “Вянедскіх гор” (сучасная Беларуская града, часткай якой з'яўляецца Мінскае ўзвышша). Іншы варыянт гэтай карты апублікаваў ў 1511 годзе ў Венецыі Якаў Пентус. На ёй Нёман быў пазначаны як Chronus (Кронус).
На «Новай карце Польшчы і Вугоршчыны» Себасцьяна Мюнстэра, выдадзенай ў 1540 годзе ў Базелі, рака падпісаная падвойнай назвай: як Nemen (Немэн) і як Chronon (Кронан), а выцякала яна з Chrones Lacus (азёры Кронес).
«Новая карта Польшчы і Вугоршчыны» Себасцьяна Мюнстэра. |
На мапе «Апісанне Масковіі» Джакама Гастальдзі, выдадзенай у 1550, Нёман названы Мемель (Memel), а выцякае ён з возера Крона (Crono Lago). На яго ж «Карце часткі Польшчы» 1568 Нёман ад вусця да Гродна ці, магчыма, да вёскі Дубна ў Мастоўскім раёне названы Мемель (Memel), а вышэй па цячэнні - Cronon (Кронан), прычым вытокі бярэ з таго ж таямнічага возера Крона. Гэта ж возера ў якасці пачатку Мемеля (Memel) паказваюць выдаўцы «Карты Лівонскай правінцыі і яе наваколля» 1570, а таксама знакаміты Меркатор, на карце Літвы 1572. А вось Цюндт на сваёй знакамітай гравюры «Панарама Гродна» 1575 раку адначасова называе і Nieme, і Cronon. У далейшым гідронім Кронан знікае з карт Еўропы, а рака называецца Мемель або Немэнам.
«Апісанне Масковіі», Джакама Гастальдзі. |
На самай мяжы Міншчыны і Гродзеншчыны, у Стаўбцоўскім раёне, у паўднёвай частцы Налібацкай пушчы, знаходзіцца возера Кромань. З яго выцякае рэчка Кроманка, якая ўпадае ў Нёман.
У старажытнасці лічылася, што менавіта адсюль бярэ свае вытокі наша водная артэрыя. Рака Кроманка, магчыма, захавала ў сваёй назве ранейшае імя сівога Нёмана. Яно магло гучаць як Кромань або Кроман, а зусім не Кронан і не мела ніякага дачынення да міфалагічнага Кронасу. Менавіта па назве гэтай рачулкі ў 1568 годзе на вышэйзгаданай карце Джакама Гастальдзі вярхоўі Нёмана былі названыя Кронан.
Лічыцца, што гідронім Кромань кельцкага паходжання. Кельты маглі трапіць на тэрыторыю сучаснай Беларусі ў першым тысячагоддзі да нашай эры. У вядомых нам кельцкіх мовах, напрыклад у брэтонскай, слова crom - гэта круг, акружнасць, а cro - закрытае месца. І сапраўды, возера Кромань авальнай формы і схаванае ад вачэй густымі лясамі. Гэтае імя сугучнае славянскаму словазлучэнню «зацішнае месца», ці «глухмень», а таму возера і данесла да нас сваю старажытную назву.
Кромань. |
Аляксандр Сявенка (Гродзенская праўда), з удакладненнямі Алеся Белага.
No comments:
Post a Comment