Мінулае маёй сям’і, вёскі і рэгіёна захапляе мяне з дзяцінства. Гісторыі пра жыццё “пры цары” і “за Польшчай”, вайну, высылкі прадзедаў у Сібір і калгасную нішчымніцу заварожвалі нас, дзяцей, больш, чым дыснэеўскія мультфільмы і вострасюжэтныя баевікі пачатку 90-ых.
(Публікуецца са скарачэннямі. Поўная версія ў часопісе "Архэ" (Нумар 10, 2014 год).
Каб паслухаць аповеды пра тое, як “было ўперад”, мы са стрыечным братам, маючы мо па 9 гадоў, адмыслова хадзілі да бабы Алімы, якая жыла па суседстве і, разявіўшы раты, слухалі пра тое, як немцы палілі наша мястэчка Налібакі і вывозілі людзей на прымусовыя працы. Сустрэчы з бабуняй Фульмэнай па бацькавай лініі былі рэдкія, пра што сёння моцна шкадую, але яе гісторыі пра “ранейшых людзей”, пра іх норавы і характар, назаўсёды засталіся ў маёй памяці.
Гісторыі бабулі Ядзі пра партызан і парадкі пасля вайны ці не ўпершыню запалілі ў галаве чырвоную лямпачку і прымусілі задумацца над тым, як жа было насамрэч і чаму ў школе я чую іншую гісторыю. Жартаўлівыя ўспаміны і спевы другой бабулі Мані я буду пераказваць сваім дзецям, унукам і праўнукам як эталон добрага гумару. Былі дзясяткі іншых людзей, чые аповеды я сёння, праз два дзясяткі гадоў, згадваю і па крупіцах намагаюся аднавіць.
Налібачане, пачатак мінулага стагоддзя. |
Яшчэ быў дзядзька Куніцкі, наш сусед. Мы з ім бачыліся кожны дзень цягам некалькіх гадоў. Штораніцу гэты 90-гадовы дзядок сядзеў у сваім пакоі ля акна і пазіраў на дарогу. Ідучы ў школу, я заўсёды глядзеў у ягонае акно і схіляў галаву ў прывітанні. Стары Куніцкі ўсміхаўся, заплюшчваў вочы і таксама кланяўся. Аднаго разу, ідучы ў школу, я заўважыў, што яго там няма. А калі я вярнуўся дахаты, то дазнаўся, што дзядзька памёр. І хоць мы ані разу з ім не пагаварылі (мне было 9, а яму 90), аднаго дня я ўсё роўна даведаўся пра ягоны лёс. Пра тое, як падчас налібацкай бойні ў траўні 1943 года ён цудам ацалеў ад партызанскай кулі і як вярнуўся пасля вайны з прымусовых працаў у Нямеччыне пакалечаны.
За школьныя гады я пачуў сотні гісторый, вясёлых і сумных, праўдзівых і не вельмі, прыхарошаных і недасказаных. Яны нараджалі ўва мне павагу да людзей, сярод якіх я рос і выхоўваўся. Вучылі адрозніваць чорнае і белае. Мой комплекс вяскоўца паступова замяняўся на пачуццё гонару за месца майго нараджэння. А сёння гэта частка маёй свядомасці, ад якой я не маю намеру адмаўляцца.
Тады мне здавалася, што я заўсёды паспею запісаць аповеды гэтых бабуль і дзядуляў, зрабіць ім фотаздымкі, распытаць, удакладніць дэталі. Але пакрысе я пачаў заўважаць, што ўсё часцей мае героі пачалі знікаць з вокнаў сваіх дамоў, як стары Куніцкі. Разам з пачуццём шкадавання, што шмат чаго яны не паспелі мне расказаць, я адчуваў трывогу, што з імі адыходзіць той свет, у які я з дзяцінства быў так закаханы.
Налібачанкі падчас будаўніцтва касцёла, 30-ыя гады XX ст. |
Гэтыя пытанні без адказаў прымусілі мяне пачаць інтэнсіўную працу. Студэнцкія канікулы я прысвячаў размовам са старэйшымі суседзямі. Рабіў копіі іх фотаальбомаў, фатаграфаваў могілкі і старыя дамы, шведскія курганы ў лесе. У той час я не вельмі разумеў, як можна будзе ўсё гэта выкарыстаць, апрацаваць і папулярызаваць. Але мне здавалася, што гэта правільны і справядлівы шлях. Хоць бы дзеля таго, каб гэтыя людзі, якія маўчалі ўсе апошнія 50 гадоў у таталітарнай дзяржаве, нарэшце выгаварыліся і адчулі, што гэта камусьці, апрача іх саміх, цікава і патрэбна.
Мне пашчасціла заспець жывою ладную частку пасляваенных налібацкіх эмігрантаў у Аўстраліі, ЗША, Канадзе, Польшчы, Вялікабрытаніі, Швецыі і Нямеччыне. А гэта дзясяткі лістоў з падрабязным апісаннем: як, калі, чаму і дзе адбываліся значныя для лакальнай супольнасці падзеі. Сапраўдным адкрыццём для мяне стала тое, што за мяжой пра сваю малую радзіму мае землякі напісалі каля дзясятка кніг. Адна з іх пабачыла свет на габрэйскай мове. Яе аўтар – налібацкі габрэй, які перажыў Халакост. Настальгія прымусіла маіх землякоў пісаць успаміны, вершы і апавяданні. Сёння гэта каштоўны матэрыял па вывучэнні нашай з імі малой радзімы.
Ураджэнцы Налібацкага краю і іх нашчадкі – гэта сёння беларусы, палякі, габрэі, амерыканцы, канадцы, шведы, расейцы і г.д. Але калі гаворка заходзіць пра малую радзіму, то ўсе межы, адрозненні і падзелы імгненна знікаюць.
Я лічу, што сувязь з малой айчынай мацнейшая за нацыянальную. Гэта пацвярджаюць гісторыі людзей, якія па трагічных суплётах акалічнасцяў у раннім дзяцінстве, а некаторыя і немаўлятамі, пакінулі родныя мясціны. Нават праз паўстагоддзя пасля расстання яны шукалі і працягваюць шукаць інфармацыю пра блізкіх, суседзяў, сучаснае жыццё іх мястэчка, хоць да краіны пражывання і яе гісторыі ў іх няма вялікай цікавасці.
У гісторыі важныя дэталі. Гэта яны вучаць не паўтараць памылак мінулага, а не гісторыя ў цэлым. Каб пабачыць гэтыя дэталі, варта павялічваць маштаб прыбліжэння. Каб пабачыць не толькі планеты, але і людзей на зямлі, трэба часам залезці ў іх скуру, пабачыць, што ў іх пад нагамі. Гісторыя як навука не заўсёды здольная гэта даць. Зрэшты, гэта не зусім яе задача. Даць гэты маштаб прыбліжэння можа лакальная гісторыя.
Налібачанін у ЗША. |
Каштоўнасць лакальнай гісторыі – якраз у яе сапраўднасці. Гэта адзіны спосаб неманіпуляцыйнага апісання мінулага. Чалавек пачынае сябе разумець менавіта на лакальным узроўні. І толькі пазней у яго абуджаецца глабальная нацыянальная самасвядомасць.
Гісторыя ў школьных падручніках, навуковых і папулярных выданнях кажа пра нас, усіх герояў гісторыі, як пра супольнасць. Так і павінна быць. Гісторыя навінна выхоўваць пачуццё супольнасці і дух еднасці. Але побач заўсёды мусіць быць месца для малой гісторыі: мінулага нашых родных, сем’яў, двароў, вуліц, вёсак, мястэчак, гарадоў. Гэта асобная памяць, якая паказвае нашыя адрозненні, кожнага паасобку, індывідуальна. Гэта памяць, якую мы развіваем у часе і праз якую мы будуем самі сябе, ствараем уласную тоеснасць і свядомасць. Кожны з нас мае сваю памяць, кожны з нас памятае розныя рэчы і каштоўнасці, усе мы прывязваемся да пэўных этапаў памяці.
Сёння мы робімся сведкамі натуральнай смерці нашых малых айчынаў. Разам з сыходам старэйшага пакалення, нашых дзядоў, памірае памяць пра ўнікальныя лакальныя мікрасусветы. Гэта ўжо апошні момант, калі мы можам архівізаваць іх мінулае. Зрабіць гэта варта не толькі для важных адкрыццяў, прыгожых кніг і прафесійных узнагародаў. Гэтая гісторыя патрэбная нам. Мінуўшчына лакальных мікрасусветаў – гэта тое, чаго нам ніколі не дадуць школьныя і ўніверсітэцкія падручнікі, кнігі нават самых прызнаных навукоўцаў-карыфеяў. Калі напоўніцу выкарыстаць яе патэнцыял, то гісторыя малых айчынаў і рэгіянальны патрыязм могуць стаць фундаментам для нацыянальнай і грамадзянскай свядомасці.
Брытанцы, скандынавы і палякі, якія вядуць рэй у лакальнай гісторыі на еўрапейскім кантыненце, зразумелі раней, чым мы, што лакальны мікрасвет – гэта і ёсць тая слынная спадчына нашых продкаў. Гэта падмурак нашай самаідэнтыфікацыі і важны элемент фармавання нашых дачыненняў са светам.
Памяць – гэта неад’емны складнік малой айчыны. Мы можам захаваць яе ва ўспамінах, нават калі страцім з ёй непасрэдны кантакт. Пакуль мы жывем, яна застаецца часткай нашай свядомасці, нашым ідэнтыфікацыйным знакам.
Дзмітры Гурневіч
Цалкам артыкул можна прачытаць у 10-ым нумары "Архэ", 2014 год.
Нумар можна замовіць, даслаўшы электронны ліст на адрас dastauka@arche.by. Цана (з улікам дастаўкі) — 69 тыс. рублёў.
Замаўляючы выданне, у полі «Тэма» трэба пазначыць «Радзіма», а ў лісце падаць свае дакладныя каардынаты: паштовы адрас, індэкс, прозвішча і ініцыялы, тэлефон для камунікацыі. Прапанова дзейнічае толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Добрую справу робиш, Дзима, дзякуй табе! Видаць што маеш сапраудныя пачуцци да сваей малой Радзимы, и нездарма ж: нарадзиуся у старой хаце сапраудных налибачан з глыбокими тутэйшыми каранями, и рос у пераломны час ( а кали ен тут быу не пераломны?!) сярод мясцовых, у большасци. А ци памятаеш старога "Букраб"у, Фарботку, бацьку Леанарды Ю.?
ReplyDeleteЯк бы я хацеу цяпер паразмауляць аб УСИМ са старыми,якия ужо пайшли и не вернеш! Za po'z'no...., як паляки кажуць.