Блог Налібацкага краю працягвае публікаваць успаміны найстарэйшых налібацкіх жыхароў. Сёння пра сваё жыццё "пры Польшчы", "за саветамі" і пад нямецкай акупацыяй распавядае 87-гадовы Ян Каржэнька.
Сям’я
Я нарадзіўся ў 1927 годзе. Бацька мой быў гаспадар, столяр. Трымаў карову, каня. А маці мая з роду Акуліч. Усе налібацкія спрадвеку. Было ў нас шчэ ў сям’і два браты і сястра. Мы мелі ня шмат зямлі, 3 гектары. Гэдак і жылі. Адзін брат зваўся Вацак. Ён быў з 1921 года. Калі немяц зайшоў, то яго забралі ад нас. Тады немцы многа маладых забралі. Калі скончылася вайна, ён застаўся жывы. З’ехаў у Польшчу.
У школе вучыліся па-польску. Настаўнікі ўсе былі прыезджыя. Але дома ўсе гаварылі па-беларуску. Нават і ў школе, калі не было ўрокаў, то па-свойму гаварылі. Вучылі нас і не добра і не блага, сярэдне. Дабра надта там ніякага не было, але і благому не вучылі. Лічылі сябе палякамі. Цяперака тут ужо Беларусь, а тады была Польшча. Зрабілі Беларусь, бо ўсе тут па-беларуску гаварылі. А як там было, дык халера яго ведае. Бацька мой уперад казаў, што былі ксяндзы некалі, і хто хацеў, мог перайсці на польскую веру. А так усе раней былі беларусы.
Ранейшыя парадкі
Калі тут Польшча была, то ўсе людзі самі працавалі, на сваёй зямлі. Людзей мора ў вёсцы нашай было. У двары па тры хаты стаяла. І па полі нават будаваліся. Дык не было нават дзе жыць. Але ж неяк жылі. Пакуль гэныя партызаны да нас не прывалакліся і не пабілі нашых людзей.
Пры Польшчы быў парадак. Як нейкая травінка вырасце ў бруку, дык штраф давалі. Трэба было пільнаваць свой кавалак пры двары. Я помню як той брук клалі. Недзе 1932 год быў. Нацягнулі тры шнуры, сярэдні вышэй і падавалі камяні. А той чалавек на каленках і брукуе. І гэдак жа роўна брукаваў, што брат ты мой. І нашыя людзі там зараблялі. На конях па полі ездзілі, шукалі камяні. Хто хацеў грошай зарабіць, дык зарабляў.
Ксёндз надта харошы быў. Юзаф Байка зваўся. Зрабіў і пілараму, і электрастанцыю, і цагельню. Мой брат там працаваў. Дык надта пільнавалі там, каб добра ўсё рабілася. У цэмент кідалі яйкі нават, каб мацнейшая цэгла была. Во, брат ты мой, як было ўперад. А немцы потым нашага ксяндза расстралялі, а цела спалілі.
Каля касцёла стаяў Радзівілаўскі двор. Перад вайной яго арандавалі Цехановічы. У іх была ферма коней, штук з 10. Дык вось калі нейкі год неўраджайны быў у гаспадара ў вёсцы, то ён ехаў да Цехановіча і купляў у яго.
На возеры была пляцоўка, там танцы былі на святы. А з боку ля берага была фігурка Яна Непамуцна. Але як прыйшлі рускія ў 1939 годзе, то скінулі яе ў возера. О, брат ты мой, рускія. Яны такое проста могуць зрабіць. Каб жа што людскае зрабілі.
Свае жыды
Жыдоў была ў нас цэлая вуліца. Чаго ў іх там толькі не было, і крамы, і аптэкі, і півярні, і краўцы, і нарэшце блядоўнік. Усе яны гаварылі на-нашаму, паміж сабой па-свойму. Была ў іх бажніца. Потым яе немцы падзарвалі. Памятаю, як мы малыя дзеці туды бегалі. Старэйшыя казалі, што там жыд нейкі ляжыць. Дык мы падскочым, адкрыем дзверы і цікуем, а потым ўцякаем. Нікога там так і не ўбачылі. Людзі ж усякае выдумлялі. Надта з маім бацькам жыды добра ладзілі. А чаму ж не ладзіць? Свае людзі. Веры іншай толькі. Я і ў школу з жыдамі хадзіў.
Работа
Парадку ў вёсцы паліцыя пільнавала. Надта за гарэлку штрафавалі. Глядзелі, каб нідзе не было. Гэта не цяпер, што хоць бітон трымай у хаце. Раз Букрабу, знаёмага бацькавага, папрасіла паліцыя, каб памог ім шукаць гарэлку ў людзей. Узялі да нейкага чалавека, паехалі і шукалі там гарэлку. А Букрабу піць захацелася, ён узяў кубак з плота і ў вядро. Ды плясь у гарляк. Цэлы кубак п’е. А там гарэлка. Каб не падаць знаку паліцыі, не хацеў жа сваіх выдаваць, да дна цэлы кубак выжлукціў. Нарэшце з двара п’яны выходзіць. Тыя паліцыянты глядзяць і вачыма лыпаюць: о матко, а гдзе ты сень напіл? А ён ім: не скажу, бо чалавека здам. Так ён ім і не сказаў.
Пенсій некалі не плацілі. Самі людзі зараблялі. Старыя пры дзецях жылі. Грошы ў лесе зараблялі. За дзень работы – 1 злоты плацілі. За 2 злотыя можна будзе купіць пуд жыта. А бацька мой ездзіў сплаўляць лес па Нёмане. Надта ж многа лесу немцы куплялі перад вайной. Хто хацеў зарабіць, той сядаў на каня, ехаў і зарабляў. А з-за Нёмна да нас прыязджалі гандляваць, усім чым захочаш. У нас у цэнтры мястэчка быў базар. Міскі, калаўроты, колы, усё што хочаш можна было купіць.
Рускія
17 верасня рускія ішлі з боку Янкавіч. Я як раз пасвіў кароў з сябрам. Едзе мужык бокам у сядле. І пытаецца ў таго старэйшага сябра: - А белых не бачылі? А той не дачуў і перапытвае: а цо пан муві? Дык той яму па па твары. А потым машыны рускія ехалі. Іх дабравата было. Некаторыя нашыя іх тут сустракалі. Але потым адзін праз пару дзён кажа: хлопцы, не тыя саветы прыйшлі.
А якія ж яны бедныя прыйшлі, не пераказаць. Зайшлі ў нашыя магазіны і ўсё дзівіліся: дык гэта ж Амэрыка! Яны ўсё бралі і плацілі нейкімі паперамі, казалі, што хутка будуць такія грошы. А ніхто потым гэтых грошай і не бачыў. Высылалі ўсё ў сваю Расею. Хацелі потым калхоз зрабіць, але нічога ў іх не атрымалася. Ніхто і чуць не хацеў. Дык яны тады пачалі арыштоўваць і вывозіць у Сібір асаднікаў, ляснікоў.
Ля нас жылі Рачынскія. Ён быў лясніком. Іх павывозілі. І жонку і дзяцей. Большы хлопец схаваўся і вярнуўся. Але паглядзеў бедны, што хата пустая, няма чаго рабіць. Дык паляцеў і дагнаў бацькоў каля Стоўбцаў, каб з імі разам ехаць у тую Сібір.
Раз рускія назначылі аднаго чалавека мясцовага начальнікам, ну а быў у нас такі Жэня Клімовіч. Ён рускіх і іхныя парадкі не любіў. Раз з хлопцамі падпільнавалі яго і забілі ў лесе. Дык дачка таго чалавека пасля вайны на суд ездзіла. А таго Жэню павесілі ў 1950-ых гадах недзе ў Польшчы.
Вайна і немцы
А 22 чэрвеня 1941 ідуць немцы. Я ізноў пасвіў кароў. Бачу, чалавек 15 едуць на матацыклах. Думаю так сабе: што гэта за бура едзе? Немцы падыходзяць. Прыехалі і паехалі. Іх спачатку ніхто і не бачыў. Рускія паўцякалі яшчэ да гэтага. Толькі пыл стаяў. Тыя, што не паспелі, то па людзях нашых жылі і працавалі. А немяц кажа – выходзьце, вам нічога не будзе. Тыя выйшлі, а немцы пачалі з іх здзекавацца. Калі б той немяц разумнейшы быў, ды даў свабоду, дык усе саветы перайшлі б на іхны бок. А так, як пачаў мучыць дык і ўсё.
Усіх нашых жыдоў забралі. Больш за ўсё каля Івянца памардавалі. А адзін жыд налібацкі нават быў уцёк з Навагрудака. "Сынагога" мы яго называлі. Яго меліся расстраляць і кінулі ў яму разам з усімі. А ён вылез адтуль. Прыбёг у Налібакі і нам расказваў, што вылез з ямы, поўнай нябожчыкаў.
Немцы папамучвалі нашых людзей. Выкапалі пры дарозе на Ніўнае яму і як што якое, то забівалі і кідалі туды людзей. Як што сказаў дзе, ноччу забіраюць і на раніцу вядуць і страляюць. Жыў сусед наш і пахваліўся, што зняў боты немцы, дык расстралялі. Жыў сапожнік Марка. Казалі людзі, што дачка хлеб пячэ партызанам. Забралі і маці, і бацьку, і яе, і ў яму.
Партызаны
А потым 8 мая было, у 1943 годзе. Партызаны прыйшлі і забілі 128 чалавек. І маіх сяброў забілі, бацькоў іхных. Забілі двух хлопцаў Карневічаў. Яны з маці жылі. Тады тая жанчына кажа: забілі сыноў і мяне забійце. Дык і яе застрэлілі. На вуліцы выводзілі і стралялі. А адзін потым хадзіў з вінтоўкай і дабіваў.
А партызаны прыходзілі, усё забіралі. Часам прыдуць, палягуць у нашыя ложкі і ляжаць. Але нейкі раз начальнік даў спраўку, дык да дзядзькі нашага іншыя баяліся ехаць, як ён тую картку паказваў.
Раз у вайну дык тым немцам добра далі. Яны вярталіся з Івянца, пасля таго, як жыдоў там пабілі. Партызаны дазналіся, калі немцыя будуць ехаць. Ехала тых немцаў пару машын. І як далі яны па іх з кулямётаў, пабілі. Некаторых у палон узялі. А потым праз пару дзён немцы прыехалі і ўстроілі тут "лазню". А потым рускія партызаны, помню, раззброілі польскія легіёны. А спачатку яны разам ваявалі. Але Сталін прызнаў, што палякам няма веры. Дык тыя бедныя па лясах уцякалі, каб ратавацца. Баяліся людзі гэтых рускіх.
Канец вайны
А потым у чэрвені немцы спалілі нашыя Налібакі. Немцы нас вывезлі спачатку ў Беласток. Там мы сядзелі 3 месяцы. А потым мы ўцяклі адтуль. Дзякаваць Богу, наша хата стаяла ў кустах, дык немцы яе не спалілі.
Праз некаторы час ужо і немцы ўцякалі. 11 немцаў прыйшло да нас. А мы надта баяліся, што карову забяруць. Паказваюць, што галодныя, каб есці далі. А што дасі, як у саміх нічога няма. Далі ім булку хлеба. А яны ўсё пыталіся дарогу на Ліду. Цягнуліся шнурамі, уцякалі. А ў Прудах дык людзі нават кідаліся на тых немцаў, усё ў іх забіралі. Каб іх халера, брат ты мой, і тых рускіх, і тых немцаў. Не было дабра за імі.
Запісаў ДГ
No comments:
Post a Comment