Wednesday, November 19, 2014

Шляхам Івенец—Налібакі—Кромань
















Выйшаў з друку новы нумар часопісу "Архэ" цалкам прысвечаны розным аспектам гісторыі Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг., калі гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў склад Польшчы. Сярод шэрагу цікавых публікацый ёсць і артыкул прысвечаны даваеннаму турыстычнаму шляху з Івянца праз Налібакі на возера Кромань. Прапануем вашай увазе ўрыўкі з гэтага артыкула.


Нашыя землі яшчэ вельмі мала выкарыстоўваюцца з пункту гледжання турызму і хаваюць шмат чароўных закуткоў, якія дагэтуль невядомыя. Вільня і яе найбліжэйшыя ваколіцы на сённяшні дзень наведваюцца ўсё больш, а папулярызацыя іх прывабных аб’ектаў развіваецца ўсё лепш і лепш. Апошнім часам больш увагі звяртаецца таксама на Браслаўскія азёры, якія пачалі прыцягваць да сябе ўсё большыя групы турыстаў.

У сваю чаргу, Наваградчына, за выключэннем самога Наваградка і так званага Міцкевічаўскага шляху, дагэтуль з’яўляецца terra incognita, хоць на самай справе яна вартае месца для прыкладання намаганняў адкрывальнікаў.

Праўда, гэтая задача ўскладняецца аддаленасцю ад чыгуначных шляхоў, аднак для чаго ж тады мы маем уласныя здаровыя ногі ці для слабейшых людзей конскія, не кажучы ўжо пра аўтамашыны, на якіх, на жаль, у нас дагэтуль ездзяць адно толькі прывілеяваныя асобы?

Пасля заканчэння жніва, якое ў гэтым годзе было выключна раннім, кампанія экскурсантаў з ваколіц прымежнай Волмы рушыла да Налібоцкай пушчы і возера Кромань.

Пасля прывалу рухаемся ў кірунку Налібакаў. Нас атачаюць раўніны, разнастайнасць у якія дзе-нідзе ўносіцца сасновымі ляскамі.

Мінаем старажытнае, сёння трохі заняпалае мястэчка Камень, дзе стаіць прыгожы невялічкі драўляны касцёл, заснаваны ў першай палове XVI ст. родам Забярэзінскіх. Кажуць, што калісьці ў Камені нібыта быў абарончы замак. І сапраўды, на тэрыторыі маёнтка, які мае такую самую назву, знаходзяцца невялікія руіны нейкіх старых муроў.

Аднак больш цікавым мясцовым аб’ектам з’яўляецца вялізны камень, што мае форму хаты, які і даў назву населенаму пункту.

Паводле падання, гэты камень быў раней хатай бяздушнага шаўца, які не захацеў даць прытулак пад сваім дахам змерзламу вандроўніку, які на самай справе быў самім Хрыстом. За гэта шавец разам з усёй сваёй гаспадаркай быў пакараны і ператвораны ў камень. Нібыта гэты шавец і да сённяшняга дня пакутуе, займаючыся сваім рамяством. Той, хто адважыцца апоўначы пакінуць на гэтым камені старыя боты, раніцай знойдзе іх адрамантаванымі. Аднак нешта ніхто не спакушаецца на гэтую панадпрыродную дапамогу. А шкада, бо хто ведае — мо гэта магло б вызваліць няшчаснага шаўца?

Робім яшчэ адзін кароткі прывал каля рэчкі Каменка. Нас падганяе дробны дакучлівы дожджык. Даязджаем да Налібакаў на змярканні. Дзякуючы гасціннасці і дапамозе ксяндза-пробашча пралата Юзафа Байкі знаходзім выгоднае месца для начлегу ў гумне ўрадавага маёнтка Налібакі. А назаўтра ідзем аглядаць мястэчка.

Налібакі, адвечнае валоданне Радзівілаў, калісьці былі месцам, дзе працавалі жалезная гута, шкляная мануфактура, фабрыка паташу. Але перш за ўсё яны былі вядомыя сваімі ляснымі гушчарамі, у якія з вялікай ахвотай прыязджалі на паляванне Жыгімонт Аўгуст і іншыя каралі.

Сёння ад фабрык і мануфактур не засталося і следу. Ацалеў толькі парафіяльны касцёл, закладзены ў 1630 г. Альбрыхтам Радзівілам. Драўляны храм мае форму крыжа, але з-за шырокіх сеняў пад навесам і бакавой каплічкі будынак мае вельмі шырокі франтон, што надае яму арыгінальны выгляд. Над уваходнымі дзвярамі маецца больш набожны, чым граматычна правільны лацінскі надпіс: «Domine in multitudine misericordiam tuae introibo ad Domum tuam adorabo ad templum sanctum tuum et confiteber nomini tua AD 1699».

Усярэдзіне знаходзяцца барочныя алтары, аздобленыя просценькімі драўлянымі скульптурамі святых. Нашую ўвагу звяртаюць на сябе абразы з выявамі апосталаў Пятра і Паўла, выкананыя, верагодна, Косакам са школы Смуглевіча, а таксама вытанчаныя пераносныя алтарыкі, плеценыя, так бы мовіць, з тонкіх драўляных пруткоў.

Побач са старым касцёлам мы бачым выведзеныя да ўзроўню вокнаў сцены прасторнага новага касцёла з цэглы.

Яго будуе ксёндз-пралат Бойка за кошт грошай, сабраных з увогуле небагатай парафіі. Будуецца ён з сапраўды амерыканскім размахам. З мэтай змяншэння выдаткаў ён заснаваў уласную цагельню, сам распрацаваў праект храма і ўласнаручна кіруе будаўніцтвам. Людзі кажуць, што ад самага світанку чуваць тарахценне ксяндзовага матацыкла, які курсіруе паміж цагельняй і касцёлам альбо едзе ў адведзіны да парафіян, што жывуць у аддаленых месцах.

Мы сустракаем ксяндза-пралата, апранутага ў працоўны камбінезон, на могілках, дзе ён назірае за працамі па ачыстцы магілаў і сцежак ад пустазелля. Ён з запалам распавядае нам пра будаўніцтва новага касцёла, пасля чаго вядзе нас у гумно, дзе паказвае матор, які прыводзіць у дзеянне малатарню.

Адным словам, тэмпы і тэхніка работ цалкам сучасныя. Аднак ксёндз-пралат не мае даверу да сучаснага стылю ў архітэктуры, таму новы касцёл павінен быць барочным. На пытанне: «Чаму не будуеце ў сучасным стылі?», — ксёндз адказвае бесцырымонна: «А каб потым не перарабілі з-за маёй памылкі касцёл у казіно ці ў рэстаран».

Накіроўваемся праз мястэчка ў кірунку пушчы. Пасля страшэннага пажару, што два гады таму знішчыў палову гаспадарак, жыхары даволі хутка адбудоўваюць свае сядзібы, карыстаючыся з наяўнасці багатых запасаў драўніны. На месцы былых малых і нізкіх халуп вырастаюць новыя, больш прыгожыя і большыя дамкі, аздобленыя разьбянымі ганкамі і старанна дагледжанымі агародзікамі. Пры гэтым, відавочна пад уплывам размяшчэння участкаў зямлі, на якіх яны будуюцца, дамы стаяць не пад прамым, а пад касым вуглом да вуліцы, што надае ёй асаблівы, досыць маляўнічы выгляд. Нягледзячы на блізкасць касцёла, мы раз-пораз сустракаем маленькія каплічкі забаўнага выгляду, якія нагадваюць па форме альтанкі, ці таксама, па словах некаторых з нас, кірмашовыя буданы з содавай вадой.

Таксама звяртае на сябе ўвагу прыгажосць жанчын. Стройныя, чарнавокія, з далікатным авалам твараў, яны не падобныя на круглатварых беларусак з іншых мясцін. І, вядома, існуюць розныя жарты-плёткі на тэму каралеўскіх гасцей, што так часта наведваліся ў Налібакі.

Настрой у нас выдатны. Жыхары глядзяць на нас з пэўным здзіўленнем і цікаўнасцю з тае прычыны, што вандроўнікі з’яўляюцца тут не вельмі часта.

Адразу ж за Налібакамі заязджаем у пушчу. Нас агортвае пэўнае расчараванне. Мы спадзяваліся пабачыць самае меншае міцкевічаўскія лясныя нетры, у той час як едзем праз моцна прарэджаны лес, які часам нагадвае Закрэнты ці Бяльмонт .

Толькі што сосны тут яшчэ больш высокія. У некаторых месцах яны перамяшаныя з бярозамі і елкамі, роўнымі з імі па вышыні, а таксама дзе-нідзе бачныя танкастволыя дубы. У больш вільготных мясцінах падлесак больш густы — ён складаецца з вольхі, ляшчыны і нават лазы. Асабліва сумнымі выглядаюць участкі, зарослыя выключна бярэзнікам, бо ў дрэваў у пераважнай большасці паламаныя верхавіны. Гэта вынік мінулагодняга граду.

Паляўнічыя мінулых стагоддзяў не пазналі б Налібоцкую пушчу. Варварская вырубка лясоў пачалася, верагодна, з сярэдзіны XIX ст. Апошні ўладальнік Налібакаў, пан Фальц-Фэйн, надзвычай заможны чалавек, спачатку арганізаваў апеку над пушчай, але пасля вайны адмовіўся ад сваіх лясных уладанняў, высек найпрыгажэйшыя экзэмпляры дрэваў, пасля чаго саступіў маёмасць ураду Польшчы.

Планавая лясная гаспадарка, магчыма, крок за крокам павысіць вартасці дрэвастою пушчы, якая і сёння, як нам ветліва паведаміў ляснічы, з’яўляецца выдатнай тэрыторыяй для палявання. Яна багатая на зайцоў, лісаў, казуляў і глушцоў. Дзікі ж так моцна размножыліся, што прыносяць вялікую шкоду палям. Кажуць, што сёлета бачылі нават адну ласіху з цялём.

Мы затрымліваемся на хвілінку ў смалакурні, дзе непрыкметны худы чалавечак у лапцях наглядае за печкай і пяццю вялізнымі чанамі, у якіх са смалістых карэнняў (смалякоў) здабываюцца смала, дзёгаць і шкіпінар.
 — Хто тут працуе?
 — Я адзін, — гучыць адказ, — толькі для закладання смалякоў у печку патрэбна яшчэ два-тры чалавекі ў дапамогу.

Назіраем, як смаляр асцярожна ўстаўляе ў гарачы раствор нейкае драўлянае прыстасаванне ў выглядзе міскі і збірае зверху шкіпінар, які, разліты па бочках, пойдзе праз Стоўбцы за мяжу.

Праз пару кіламетраў за смалакурняй глеба робіцца больш вільготнай і набывае большае падабенства да лугавіны. Мы заязджаем у цень пад шырока разрослымі вербамі, за якімі праблісквае блакітам возера Кромань.

Налібачане на Кромані.
Яго выгляд выклікае выбух крыкаў радасці ў пасажыраў усіх вазоў, якім яны маглі б узняць з лежбішча перапужанага зубра альбо пабудзіць жыхароў затопленага паселішча, якія спяць на дне возера. Цалкам зразумела, што Кромань з’яўляецца яшчэ і затопленым горадам. Нічога асаблівага не адбываецца. Нас вітаюць блакітныя хвалі прыгожага авальнага возера, якое мае ў перыметры 6 кіламетраў. Акрамя гэтага, яно аточана наўкола прыгожым лесам, з-за чаго сваёй прывабнасцю мала саступае вядомай Свіцязі.

У гэтым годзе на ім адбылося ўрачыстае Свята мора, для правядзення якога над вадой быў пабудаваны памост , а на беразе пастаўленыя доўгія сталы і лавы пад трысняговымі навесамі. Дзякуючы гэтаму мы можам зручна размясціцца і з камфортам паснедаць. Праўда, з даху час ад часу на нашыя бутэрброды падаюць стракатыя вусені, але хто па гэтай прычыне будзе турбавацца?!

Мы перапраўляемся на лодках на другі, больш пясчаны бераг. Тут, недалёка ад вусця невялікай рэчкі Кроманкі, пракапаны не вельмі шырокі канал, які, відаць, мае даўжыню ў некалькі кіламетраў, і па ім дрэва сплаўляецца аж да Нёмана. Таму Кромань мае таксама і камунікацыйныя характарыстыкі. Да таго ж тут займаюцца лоўляй рыбы і ракаў. Вось мы выцягваем з глыбіны драўляны, зроблены з тонкіх прутоў кошык, у якім варушацца здаравенныя ракі.

Аматары купання ўжо даўно ў вадзе. Чыстая, цёплая, яна пераліваецца то блакітным, то сталістым колерам. Аднак і самыя лепшыя плыўцы з нашай кампаніі не адважваюцца выплываць адныя на самую сярэдзіну, далёка ад човена, бо возера вельмі глыбокае. У некаторых месцах яго глыбіня, здаецца, перавышае 10 метраў.

Падчас ветру ўздымаюцца даволі вялікія хвалі, і тады спартоўцы-лодачнікі пачынаюць марыць пра плаванне пад ветразем і прымаюць цвёрдае рашэнне заняцца гэтым на наступных вакацыях.

За нашай грамадой з Налібакаў пацягнулася моладзь, якая прагне таварыства. У хуткім часе трэба мяняць купальныя касцюмы на больш прыстойную вопратку, каб на памосце пад гукі патэфону (кідайцеся ў роспач, самотныя аматары прыроды!) затанчыць танга і… абэрак .

Планаваны начлег каля возера адпадае з прычыны моцна непрадказальнага надвор’я. Трэба вяртацца ў гасцінныя Налібакі. А шкада, бо «тубыльцы» сцвярджаюць, што возера робіцца ўначы, пры святле месяца, вельмі цудоўным. «Як любая вада», — дадаюць скептычныя пазітывісты, але душа рамантыка напаўняецца жалем.

Мы вяртаемся поўныя ўражанняў, дзівячыся, чаму возера Кромань мае так мала наведвальнікаў. Адзін з жыхароў Налібакаў робіць спробу разгадаць гэтую загадку. Паводле ягонага меркавання, гэта Дырэкцыя дзяржаўных лясоў саромеецца стану Налібоцкай пушчы, з-за чаго не хоча будаваць турыстычнай базы і не дазваляе займацца папулярызацыяй мясцінаў.

А можа, прычына ў іншым? Лянота? Няхай кожны сам сабе адкажа на гэтае пытанне.

Ванда Ахрэмовіч. (Пераклад з польскай мовы Алеся Белага). 

Цалкам тэкст можна прачытаць у часопісе "Архэ"

Выданне можна замовіць, даслаўшы электронны ліст на адрас dastauka@arche.by. Цана (з улікам дастаўкі) — 79 тыс. рублёў.

Замаўляючы выданне, у полі «Тэма» трэба пазначыць «Заходняя Беларусь», а ў лісце падаць свае дакладныя каардынаты: паштовы адрас, індэкс, прозвішча і ініцыялы, тэлефон для камунікацыі. Прапанова дзейнічае толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

No comments:

Post a Comment