Wednesday, October 8, 2014

"Яны нішчылі нашу капліцу і даўно паўміралі, а яна ўсё роўна стаіць на месцы"

















Едучы праз Янкавічы ў Налібакі вы заўсёды мінаеце каталіцкую капліцу. Яна знаходзіцца на правым баку вуліцы, перад апошнім янкоўскім домам. Паводле мясцовых жыхароў, невялікі непрыкметны будынак стаяў на гэтым месцы спакон вякоў. Трагічны лёс спаткаў капліцу толькі аднойчы. 


Як успамінае найстарэйшая жыхарка Янкавіч Стэфанія Макава, каплічка на выездзе з вёскі стаяла "і за палякаў, і за немцаў, і за саветаў". Чорныя хмары сабраліся на ёй толькі адзін раз. Не ў вайну, а ў "мірныя" бальшавіцкія часы, калі са Стоўбцаў прыехала нейкая дэлегацыя і загадала брыгадзіру мясцовага саўгаса сцягнуць капліцу. 



Мясцовыя жанчыны запрэглі коней і паехалі па ваколіцах шукаць рэшткі капліцы, святыя абразы, крыжы, лавы. Вярнуўшыся ў вёску, яны пайшлі да брыгадзіра. Камуніст быў непахісны. Тады дэлегацыя вернікаў з Янкавіч паехала ў сельсавет з просьбай вярнуць капліцу. Гэта таксама не дало плёну. Толькі калі людзі дабравата паабівалі парог раённага начальства, тады ім дазволілі вярнуць будынак не месца.


"І ўсе яны паўміралі даўно, тыя, што цягалі. - узгадвае Стэфанія Макава, -  А мы яе адваявалі і паставілі назад. Стаіць на сваім месцы. Мы там ў маі молімся. Як памрэ хто, то каля каплічкі молімся, развітваемся з нябожчыкам". 



90-гадовая Стэфанія Макава, адна з тых, хто дамогся адбудовы капліцы ў Янкавічах.



"Як гэта, каб без каплічкі. Хто дошку, хто дзве, так і склаліся. А той быгадзір дык на мацыклеце разбіўся. Бог пакараў. Трэба па-божаму жыць. А без Бога і я не дала б рады". - гаворыць пані Стэфанія.




Дарога ў Налібакі.
Здымкі і тэкст: ДГ











No comments:

Post a Comment