Friday, June 14, 2019

Першы хакеіст зь Беларусі ў НХЛ наведаў родныя Налібакі. Праз 76 год пасля ад’езду


Джону (Яну) Мішуку, першаму ўраджэнцу Беларусі, які згуляў у паўночнаамерыканскай Нацыянальнай хакейнай лізе, 79 год. У вайну немцы спалілі ягоную родную вёску Налібакі. Далей былі эміграцыя ў Канаду і шлях да НХЛ. У чэрвені хакеіст-легенда ўпершыню прыехаў на радзіму.

Вёску спалілі, сям’ю вывезлі ў Германію



Цяпер на месцы, дзе стаяла хата Джонавых бацькоў, — чыстае поле. У 1943 годзе немцы вёску спалілі, а жыхароў вывезлі на прымусовыя працы ў Германію. Пра тыя часы Джон мала што памятае: яму было тры гады.
«Наша сям’я страціла ўсё, — кажа Джон. — Гэта быў іх дом. Нас выгналі з фермы, а вёску спалілі дашчэнту».

Пераезд у Канаду, захапленьне хакеем

Пасля вайны сем’і з нямецкіх лагераў пераяжджалі ў Канаду. Такая была гісторыя і ў Джонавай сям’і. Спачатку ў 1950 годзе ў Канаду пераехаў бацька Джона, які знайшоў там працу на грыбной ферме. Пасля ён вярнуўся па астатнюю сям’ю і перавёз усіх у Гэмілтан (Антарыё). Па вайне ў Гэмілтан пераехала і шмат іхніх знаёмых з Налібак.
Джон прызнаецца, што пачаў гуляць у хакей даволі позна па мерках Канады — у 10 год.
«Як і любое іншае дзіця, я штодня коўзаўся на каньках па лёдзе, — распавядае Джон. Маці звычайна гнала мяне з коўзанкі кожны дзень: „Гэй, вяртайся дахаты!“».
Джон з дачкой Мэры і ўнучкай Гэйлі
Хлопец з Налібак — у наймацнейшай хакейнай лізе свету

У 13 год Джон пачаў гуляць за мясцовыя юніёрскія клубы, а яшчэ праз 7 год дэбютаваў у наймацнейшай хакейнай лізе свету — НХЛ — у складзе амэрыканскай каманды Detroit Red Wings.
У наступныя 7 год абаронца Мішук правёў 237 гульняў (7 галоў, 39 перадач) у складзе чатырох камандаў Нацыянальнай хакейнай лігі — апроч Дэтройта, гэта Chicago Black Hawks, Philadelphia Flyers і Minnesota North Stars. Ён таксама згуляў больш за 200 матчаў у іншай прафесійнай хакейнай лізе WHA, з якой у 1970-х беспасьпяхова спрабавалі зрабіць канкурэнта НХЛ.
У 37 гадоў Джон сышоў з прафесіянальнага хакею. Пасьля выступаў у клубе вэтэранаў.
«Я гуляў проста дзеля прыемнасці да 60 гадоў, таму што вельмі сумаваў па хакеі», — кажа Джон.
Дачка Джона Кэтлін паказвае архіўнае фота свайго бацькі

Бізнэс на фаст-фудзе

У пасляспартовым жыцці ўраджэнец Налібак пайшоў у бізнэс. Спачатку працаваў у Сан-Дыега ў рэстаране хуткага абслугоўвання Jack In The Box. А ў 1980-м вярнуўся ў Канаду і адкрыў па франшызе рэстаран хуткага абслугоўвання Tim Horton Donuts — гэтая сетка спецыялізуецца на каве і пончыках.

У бізнэсе Джон ужо 35 гадоў. Прызнаецца, што «справы ідуць вельмі добра». Цяпер у яго з сынамі чатыры рэстараны.
Джон паказвае на месца, дзе стаяла яго хата

Вяртанне на радзіму

Вяртанне на радзіму заняло ў Джона 76 гадоў. У чэрвені ён разам з дочкамі Кэтлін і Мэры і ўнучкай Гэйлі прыехаў у Беларусь на тры дні.
«Гэтую паездку спланавала мая дачка Кэтлін, за што я ёй вельмі ўдзячны, — кажа Джон. — Для мяне важна было пабываць у месцы, дзе я нарадзіўся. Мы схадзілі на могілкі і ў касцёл. Я тут усяго пару гадзінаў, але мне вельмі камфортна. Я рады, што вярнуўся ў Налібакі. Я спрабую адчуць душу мясціны».
У Беларусі ў Джона жыве траюрадны брат Вячаслаў Мішук. У Налібаках засталася хата ягонага бацькі.
«Тут пачаўся наш род, — кажуць сваякі Джона. — Тут жыў і прадзед Джона. Гэта зямля Мішукоў».
Джон у двары хаты, дзе жыў яго прадзед. Тут пачаўся род Мішукоў

No comments:

Post a Comment