Насамрэч іх значна больш. Ільвіная частка з гэтых прычын нашмат банальнейшая. Тут мы сабралі для вас толькі некаторыя з іх, якія раз і назаўсёды прымусяць вас не соўваць ані нос, ані сваю пяту ў Налібакі і ваколіцы.
1. Па-першае, гэта непрыгожа. Сады, кветкі, палі, лясы, узгоркі ... усё пра што пісалі нашы класікі. Беееее... Лепш чарговы раз на "дом Чыжа" з вакна кавярні паглядзець. Вось дзе сапраўдная эстэтыка.
2. Па-другое, гэта далёка. Уявіце сабе, ехаць за 110 км ад Мінска, а з іншых абласных цэнтраў яшчэ далей, каб пабачыць тыповую беларускую вёску. Мінчане па дарозе са сталіцы будуць вымушаныя праяжджаць Ракаў і Івянец, ці не самыя нудныя мястэчкі краіны. Там трэба будзе прыпыняцца ў музеях, кавярнях, кірмашах, хадзіць амаль нязмененымі за 100 гадоў шляхамі, глядзець на цэрквы, касцёлы і габрэйскія вуліцы. Асабліва нуднымі па дарозе будуць вёскі. Такія ўсе шэрыя пасля шматкаляровага Мінску.
3. Адзіная трава, якую можна пабачыць, памацаць і панюхаць у Налібаках - гэта самая звычайная трава на полі. Яе нельга курыць, каб шумела ў галаве. Адзінае, як ёй можна скарыстацца, гэта качацца ў ёй і валяцца, п'янеючы ад водару, які, па праўдзе, устаўляе не горш, чым трава іншага гатунку.
4. Тут няма Uber-у. Каб перасоўвацца па вёсцы, можна скарыстацца павозкай налібачан. Але ад яе адныя "мінусы": вашыя наяўныя застануцца ў кішэнях, а экалогія ну ніяк не пацерпіць ад паездкі. Нават калі конь накладзе, дык гэта мясцовыя тут жа выкарыстаюць як угнаенне на поле.
5. Ад угнаення квітнеюць агароды. Чыпсы на іх, канешне, не растуць, а толькі цыбулька, пятрушка ды гуркі. А гэта значыць, што ўсё максімальна без дадаткаў. Таму, калі вы любіце "вітаміны" Е, усялякія рэгулятары, то не едзьце сюды. Для вас гэта будзе пеклам. Летам яблыкі, грушы, парэчкі. Жах.
6. Калі вы прызвычаіліся да таго, што нават не ведаеце хто вашыя суседзі, то тут усё інакш. Суседзі ходзяць адзін да другога ў госці, дапамагаюць па гаспадарцы, частуюць адзін другога, гутараць праз платы і нават часам абражаюцца, калі іншы сусед мінае іх двор. Бррр..... Тут вам ні месца.
7. Калі вы не ў стане вытрываць без каменных джунгляў гораду, то абмінайце гэтае месца. Тут вам нехта абавязкова падкіне ідэю пайсці ў пушчу. А вы, пэўна, і самі ведаеце, чым гэта можа скончыцца. Чыста паветра, сасновы лес, які лекары раяць астматыкам і іншым хворым. Калі нейкая трасца ўсё ж вас сюды занясе, то занатуцйе: калі пачне круціцца ў галаве ад чыстага паветра, то тэрмінова кладзіцеся пад выхлапную трубу ў машыне. Гэта можа вярнуць вам жыццё.
8. Тут амаль няма машын. Няма і затораў. Цікава, які ж аргумент выкарыстоўваюць мясцовыя, калі хочуць саскочыць са стрэлкі? Што заснулі па дарозе, бо нудна? Няма варушняку, як у горадзе. Людзі не спяшаюцца. Такія ўжо спакойныя, нібыта сонныя. Жыццё павольнае. Менш крыніцаў для стрэсу. Нейкі піпец. Не едзьце сюды.
9. Калі вы любіце добра пацерціся на вуліцы аб іншых мінакоў, то тут вам ні горад, дзе цесна і людзі часта перамяшчаюцца ў прыцірачку. Можа мясцовыя часам і хацелі б сябе адчуць, як у горадзе, выйдуць прайсціся па справах, а навокал ... бац... хоць ты кладзіся на духмяным пракосе ззелянелай травы.
10. Абмінайце Налібакі за тры вярсты, калі не хочаце, каб ваш стэрэатып пра суцэльна рускамоўную Беларусь разваліўся ў тартарары. Тут ёсць небяспека, што замест "пожалуйства", вам скажуць "калі ласка" альбо і ўвогуле нейкія дзіўныя мясцовыя "вунь дзе вунь" (там), ці "кАпа" (покрывало).
11. Тут вы наўрад ці зможаце сабраць пакемонаў. Адзінае, што можна сабраць у Налібаках - гэта грыбы і ягады. Але лепш не трэба. Поўныя кошыкі і вёдры - гэта вялікая нагрузка. Лепш усё купіць у Еўраоптах. Там і якасць правераная, і нарэшце грошы можна выдаткаваць. А так няма куды падзець. Ды яшчэ можа здарыцца так, што навокал ні душы. Сум... Журба...
12. Існуе небяспека, што на налібацкім застоллі вам прапануюць пакаштаваць не напой з заводу ігрыстых вінаў, а натуральнае віно з мясцовага вінаграду. Катаванне.
13. Час тут плыве павоооолі, раздууууумліва, смакуючы кожнае імгненне. Калі вас раздражняе спакой і цішыня, вам не сюды. Заставайцеся на Зыбіцкай.
14. Калі вы схаваны шавініст і ксенафоб, то Налібакі не для вас. Тут і каталікі, і праваслаўныя, і юдэі. Гісторыя Налібак вельмі разнастайная. На могілках нават ёсць помнікі з надпісамі па-ангельску, якім па 100 гадоў. То бок і 100 гадоў таму Налібакі прыцягвалі людзей з розных краін. Вам гэта трэба?
15. Налібакі - побач з балотамі. Самі ведаеце, што гэта такое. Лёгкія планеты, журавіны, галубіка, птушкі ажно заходзяцца ад спеву. Вы гэта таксама не любіце? Не дзіва!
16. Тут вы зможаце задумацца над тым, што трэба жыць адным днём і што жыццё не вечнае. Але ж кожны нармальны ведае, што чалавек - істотна бессмяротная. Не дазваляйце сябе дурыць, не едзьце сюды.
17. Тут вам не горад, дзе пануе гармонія, суіснаванне з прыродай. У Налібаках і гусі па дарогах ходзяць, за платамі можа гойсаць касуля, ці заяц. На ўзлеску можна заўважыць рыся, а глыбей у пушчы і самога мядзведзя. Лепш у цырк, ці заапарк.
18. Тут нават у туалетах гуляе вецер, і людзі вымушаныя глядзець на лес, ці поле, а не на плітку перад носам у ванным пакоі. А ў вёсцы сядзеш і натуральная кліматызацыя, халадок па каленях, можа паддуць.
19. Не едзьце сюды. Бо замест таго, каб міла глядзець па тэлевізары "Вячэрняга Урганта", рэзацца ў "танчыкі" ці 123-ці раз абнаўляць скрыню эмэйлаў на тэлефоне, вы пойдзіце на рыбалку, і як нейкі ненармальны будзеце цікаваць на вуду, альбо ціхенька гаманіць з сябрам, ці сяброўкай.
20. Абмінайце гэтае месца асабліва тады, калі ў гарадах ужо дубар, а атапляльны сезон не пачаўся. Ёсць пагроза, што тут ужо цёпла. Тут нават менш баяцца, што Расея не дасць газу. Калі лёс вас сюды закіне, то вучыце важную фразу "замкні юшку стаяка". Гэта ў мэтах бяспекі. Мясцовыя вам зразумеюць.
21. Вам тут ні месца, калі большасць вольнага часу вы любіце праводзіць у згелку гарадскіх вуліц, са слухаўкамі у вушах, дзе раве "Cannibal Corpse". Замест гэтай мелодыі вы можаце пачуць шакуючы бусліны клёкат, які пакіне траўму да канца вашых дзён.
22. Каб задумацца пра свае карані і знайсці сябе, ніколі нават не думайце соўвацца ў Налібакі. Знайсці сябе вы зможаце толькі ў Тыбеце.
Юлія і Дзмітры Гурневічы.
Дзякуй!
ReplyDeleteДзiма,падазраю што iдэя гэтага артыкула нарадзiлася ý споры з Юляй. Адкуль яна ý цябе? Мiнчанка?
ReplyDelete