Sunday, November 29, 2015

Адгалоскі мінулага: налібацкая кафля


Прайшло амаль тры стагоддзі з таго часу, як была заснавана шкляная мануфактура ў Налібаках. Уявіць сабе як выглядалі вытворчыя пабудовы і што прыблізна адбывалася вакол і ўнутры будынкаў, можна не толькі з дапамогай архіўных дакументаў. Кавалачак шкла або кафлі, знойдзеныя на мейсцы былой гуты, таксама можа расказаць пра падзеі даўніх часоў.

Як вядома, галоўным памяшканнем пасля заканчэння будоўлі з’яўляўся вялікі драўляны дом, званы гутай. Цэнтральным месцам тут была печ, дзе ў тыглях “варылася” шкло (у нашым выпадку, тыгля – гліняны гаршчок для плаўкі шкла). Менавіта варылі, як вараць боршч ці кашу. У вялікую печ ставілі некалькі гліняных пасудзін. У гаршчкі засыпалі пясок, поташ і яшчэ вапну або мел. Усё гэта старанна замешвалі. У печы ўся гэта сумесь пачынала плавіцца. Затым, набраўшы на кончык шкловыдзімальнай трубкі трохі шкла, майстар пачынаў дзьмуць у трубку і выдзімаў шарык са шкла, які ўвесь час круціў. З дапамогай драўляных брускоў майстар надаваў вырабу патрэбную форму.


Зліткі шкла якое ня дагатавалі, знойдзеные мною ў Налібаках.
Асобнае памяшканне займала паташня, у якой стаялі некалькі вялікіх чанаў. Попел звычайна атрымлівалі на месцы нарыхтоўкі драўніны, а на заводзе яе "квасілі" у чанах і рабілі поташ. Для гэтага ў гаршчок з дзіркай на дне насыпалі попел і прапускалі праз яго гарачую ваду. Ваду акуратна збіралі і прапускалі яшчэ шмат разоў, пакуль яна не станавілася вязкай кансістэнцыі. Далей заставалася толькі выпарыць лішнюю ваду ў металічнай посудзе і атрымаць белы поташ. Праца была цяжкая.

Паблізу галоўнага будынка, ля самай плаціны, (праз раку Лебежаду цягнулася нешырокая плаціна) размяшчалася шліфавальная майстэрня, дзе на спецыяльных станках адбывалася шліфоўка некаторых відаў шклянога посуду. У шліфавальнай майстэрні станкі прыводзі - ліся ў рух пры дапамозе вады. Ад вялікага "вадзянога кола" ішоў доўгі вал, на якім былі насаджаны шліфавальныя колы.


Пару гадоў таму, калі капалі траншэю для таго каб правесці ваду, выкапалі вось такое кола. Я не ведаю, можа яно і ад шліфавальнага станка? Справа ў тым, што пасля другой сусветнай вайны, на тым месцы дзе бацькоўскі дом была піларама, з дапамогай якой мясцовыя жыхары зноўку адбудоўвалі вёску. Магчыма кола і ад піларамы.

Акрамя памяшканняў, у якіх адбываўся асноўны вытворчы працэс, недалёка ад плаціны, размяшчаліся памяшканні падсобнага характару: кузня і ганчарная майстэрня.

У кузні выраблялі гутныя інструменты - шкловыдзімальныя трубкі, нажніцы для рэзкі гарачага шкла, абцугі, пінцэты, катальнікі, і многія іншыя металічныя прадметы з дапамогай якіх выдзімаецца, фармуецца і дэкаруецца гутное шкло. Кузнец таксама ставіў падковы коням, каваў дужыя металічныя завалы для дзвярэй, рабіў найпростыя замкі і ключы да іх. Сякеры, клямары для будаўніцтва, нажніцы для стрыжкі авечак, сярпы, косы - усё мог вырабіць каваль. Нават такія дробязі, як рыбалоўныя гаплікі, цвікі, дужкі для вёдраў, абручы для бочак і кадак - усё гэта ў 18 і сярэдзіне 19-га стагоддзя выраблялася ў кузні. Я думаю, што каваль быў важнай персонай у Налібаках.




Старадаўнія цвікі квадратнага перасеку, каваныя, знойдзеныя на месцы былой гуты, магчыма, вынік працы налібацкіх кавалёў. Сакрэт гэтых цвікоў у тым, што іх лязо прыкметна танчэй сярэдняй часткі. Пры забіванні ў дрэва гэта прыводзіць да таго што кончык цвіка загінаецца кручком і назад выцягнуць такі цвік немагчыма. У той час цвікі каштавалі даволі дорага - за адну жменю цвікоў можна было выменяць цэлую авечку.

Падобныя цвікі XVII – XVIII cт. у музеі.
Наступная знаходка - цікавы каваны гаечны ключ, таксама магчыма справа рук налібацкіх майстроў.


Ганчарная майстэрня ў першую чаргу патрэбна была для вытворчасці тыгляў - вялікіх гліняных гаршчкоў, у якіх плавілася шкло. У 1778г. пры складанні вопісу майстэрні іх было больш за 50 штук. Трэба меркаваць, што тыглі вырабляліся не толькі для патрэб самога завода, але і прадаваліся іншым прадпрыемствам. Былі нават спробы зачыніць шліфавальную майстэрню ў Янкавічах і на яе месцы пабудаваць фабрыку тыгляў. Ганчар таксама рабіў цэглу, кафлю, гліняны посуд.


Гліна была асноўнай сыравінай у ганчарнай справе. Сыравіну здабывалі адкрытым спосабам, пры дапамозе рыдлёўкі ў так званых глінішчах (звычайна на беразе ракі, возера, у яры). Здабыты матэрыял звозілі на двор і складалі кучай прама на зямлю пад адкрытым небам. Пасля гэтага сыравіну залівалі вадой і пакідалі гібець і перамярзаць да вясны ці нават наступнай восені. Затым гліну заносілі ў памяшканне і ўкладвалі ў спецыяльна адведзеным месцы. Гліну ў Налібакі прывозілі з Усялюба, размешчанага ў 12 км ад Навагрудка. Відаць сваей сыравіны было недастаткова.

Гліняны посуд выраблялі з дапамогай ганчарнага круга. Кераміка магла быць непаліваная, паліваная, дымлёная.


Кавалкі непаліванага керамічнага посуду, знойдзены на мейсцы Налібацкай гуты, упрыгожаныя кропкамі, прамымі і хвалістымі лініямі.( Хутчэй за ўсё XVIII ст.)
Вялікае значэнне надавалася прыстасаванню для абпалу – горну. Ён павінен быў быць аб'ёмістым, каб можна было загружаць вялікую партыю рэчаў, добра трымаць цяпло.Увесь працэс абпалу цягнуўся ў сярэднім 10-14 гадзін.

Дымлёны посуд у адрозненне ад непаліванага і паліванага абпальваўся ў закупораным горне без доступу паветра.


Фрагменты дымлёнага посуду. Налібакі ( XVIII ст?)
Відаць нешта падобнае рабілі і Налібацкія ганчары.
У гаршчках гатавалі ежу на ўсю сям’ю, у вялікіх пасудзінах, корм для жывёлы, часам выварвалі бялізну і інш.

Багацей выглядаў паліваны посуд які пакрываўся тонкім слоем спецыяльнага рэчыва. У тыя часы у большасці выпадкаў паліва наносілася толькі на ўнутраную паверхню посуда, каб гліняны пыл не дамешваўся да харчовых прадуктаў.

Фрагмент глінянага паліванага посуду. Налібакі ( XVIII ст?)
Керамічная паліваная пасудзіна XVIII ст. з сайта www. archekom.соm
Існаваў і ляпны спосаб вырабу, без дапамогі ганчарнага круга.

Цікавы фрагмент ляпной керамікі таксама знойдзены ў Налібаках.
Керамічныя дэкаратыўныя пліткі, або кафлі, спрадвеку выкарыстоўваліся для аздаблення палацаў і храмаў, а таксама для абліцоўвання печаў. Кафлі выраблялі і ў Налібаках, хутчэй за ўсё ў невялікай колькасці. Як вядома аналагічная шкляная мануфактура дзейнічала ва Урэччы і як сведчаць гістарычныя дакументы ў 19 стагоддзі там існаваў цэх па вырабе кафлі.

Дакументальнае пацверджання таго, што і ў Налібоках было нешта падобнае я не сустракаў. Але розныя па форме і колеру керамічныя пліткі знойдзеныя на месцы былой гуты сведчаць аб тым што вытворчасць кафлі існавала.


Тэракотавая непаліваная кафля ( Налібакі XVIII ст?).
Тэракотавыя кафлі былі не зусім практычнымі. Яны прапускалі чад ў памяшканне, станавіліся бруднымі і ў рэшце рэшт маглі стаць зусім чорнымі. Каб пазбегнуць гэтых недахопаў, кафлі пачалі пакрываць ахоўным пластом - глазурай. Найбольш шырока былі распаўсюджаны мураўлёные пліткі, пакрытыя зялёнай палівай.


Зялёныя паліваныя кафлі (Налібакі XVIII ст?)
Кафлі вырабляліся ў адмысловых формах з дрэва ці гліны, званых матрыцамі. Аснову размяшчалі на ганчарным крузе, запаўнялі глінай і пасыпалі пяском. Верхні пласт выраўноўваўся, пры дапамозе павольнага кручэння круга нарошчвалася румпа. Пасля зацвярдзення гліны, выраб здымаўся з формы, прасушываўся і абпальваўся. У тэхніцы абпалу важна ўсё: час, градус, склад. Пры розным абпале паліва дае разнастайную афарбоўку.

Паліваная кафля чырвонага і нявызначанага колеру таксама была зойдзена ў Налібаках.




У пачатку і на працягу XIX стагодзя выраблялася гладкая і рэльефная кафля пакрытая белай, блакітнай альбо карычневай палівай.


У працы над кафлямі злучаліся майстэрства ганчара і разьбяра па дрэве. Разьбяр павінен быў выканаць контррэльефны малюнак, то есць паглыбіць тое, што ў гліне стане выпуклым, старанна прапрацаваць дробныя дэталі, каб атрымаўся іх выразны адбітак.


Асаблівай увагі заслугоўваюць два апошнія здымкі, на якіх бачныя кавалкі пліткі карычневага колеру знойдзеныя ў Налібаках. Цікавыя яны таму, што можна паглядзець як выглядала печ упрыгожаная такімі кафлямі.

Дзве сапраўдныя кафляныя печы XIX стагоддзя захаваліся ў вестыбюлі гісторыка-археалагічнага музея горада Керч, абліцаваныя рэльефнымі пліткамі цёмна-карычневага колеру. Раней гэты дом належаў Канстанціну Іванавічу Месаксудзі - ўладальніку буйной тытунёвай фабрыкі.


У канцы артыкула трэба адзначыць, што акрамя вышэйпералічанных пабудоў, на другім беразе ракі (хутчэй за ўсё), былі размешчаны склады для захоўвання матэрыялаў і гатовай прадукцыі, сталярня, рысавальня, жылыя дамы для майстроў.


Тэкст і фота: Віктар Хмара.

No comments:

Post a Comment