Роўна 75 гадоў таму праз Налібакі пачала курсаваць пастаянная аўтобусная лінія.
Да вайны асноўным спосабам перасоўвання з вёскі ў вёску альбо з мястэчка ў мястэчка ў Налібацкім краі быў конны транспарт. Бліжэйшая ад Налібак чыгуначная станцыя, як і цяпер, знаходзілася ў Стоўбцах. Каб трапіць на цягнік альбо сустрэць госця на вакзале, налібачане ехалі ў Стоўбцы “сваім ходам”. Некаторыя, больш заможныя, карысталіся паслугамі фурманаў.
Але за некалькі месяцаў да пачатку ІІ сусветнай вайны праз Налібакі пачаў курсаваць аўтобус Навагрудак-Івянец (каля 80 км). Вось так пра гэта роўна 75 гадоў таму пісала газета “Kurier Warszawski” (Варшаўскі кур’ер):
“Напрыканцы мінулага месяца (ліпень 1939 г.) была запушчана аўтобусная лінія з Навагрудка праз Шчорсы і Налібакі да Івянца, адкуль ёсць магчымасць перасадкі ў напрамку Валожына. Дзякуючы гэтай лініі паездку з Навагрудка ў Валожын удалося скараціць з 9 гадзін да 4,5 г.”
Старэйшыя налібачане памятаюць, як гэты аўтобус імчаў па брукаванай Навагрудскай вуліцы (сёння Ліпеньская). Паводле іх успамінаў, гэты быў першы рэгулярны аўтобус, які ездзіў праз наша мястэчка.
Гэтая лінія ніколі не пуставала, аўтобус быў заўсёды запоўнены пасажырамі, але самі налібачане, як і раней, аддавалі перавагу коннаму транспарту. Акрамя таго, білет на аўтобус не кожнаму быў па кішэні.
Лінія Навагурадак-Івянец спыніла існаванне пасля пачатку ІІ сусветнай вайны (1 верасня 1939 года).
ДГ.
P.S. Здымак газеты даслаў Алесь Белы.
Мой бацька расказвау, што да вайны, пры Польшчы, быу рэгулярны рэйс з Налибак у Стоубцы. Гэта быу прыватны аутобус, и, здаецца, трымала гэты бизнес налибацкая сям"я. Ничога бацька не казау, што квитки были непадступныя для мясцовых людзей.
ReplyDeleteСпрабуй, Дзима, удакладниць у старэйшых людзей. На жаль их усё меньш и меньш....