Як Украіна дапамагла
100 год таму Беларусі і пры чым тут Налібакі
Мала хто ведае, наколькі важны ўклад зрабіў адзін налібачанін у стварэнне беларускай дзяржаўнасці. Каля сельсавета ў Налібаках стаіць помнік Язэпу Фарботку, які нарадзіўся ў Налібаках у 1893 годзе. Ён быў паэтам, фатографам, працаваў у тэатры.
Менш людзей ведае, што гэты чалавек быў дыпламатам Беларускай народнай рэспублікі і быў удзельнікам беларускай дыпламатычнай місіі ў Кіеве ў 1918 годзе. Фарботку для гэтай місіі абралі невыпадкова. Ён вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. І менавіта наш зямляк дапамог атрымаць крэдыт ад Украіны для дзейнасці рады БНР. Без гэтых сродкаў урад Беларускай народнай рэспублікі не мог бы працаваць.
У Кіеве была створаная сумесная гандлёвая палата, Беларуска-Ўкраінскае Таварыства Збліжэньня. Дэлегацыя забясьпечыла ўкраінскія пастаўкі харчаваньня ў Беларусь.
А ці быў плён ад гэтай працы, можа нехта спытаць. У сваёй кнізе “Ад БНР да БССР” наш іншы зямляк, пісьменнік Генрых Далідовіч даў на гэта вычарпальны адказ – без Беларускай Народнай Рэспублікі саветы ніколі б не стварылі БССР. Бо на Савецкую Беларусь Ленін даў згоду менавіта таму, каб супрацьпаставіць яе БНР. А што гэта значыць для нашай гісторыі? Што без БНР не было б БССР, а без БССР не было б і Рэспублікі Беларусь.
Дарэчы, гэта не адзіны эпізод налібачаніна, звязаны з Украінай. Пасля вайны, у 1945 годзе, камуністы саслалі Фарботку ў лагер на Данбас. Толькі за тое, што ён быў беларускім нацыянальным дзеячам. Пасля ссылкі Язэп Фарботка пачаў моцна хварэць і памёр у 1956 годзе ў польскім горадзе Лодзь. Дарэчы, там дагэтуль жыве ягоны сын – пан Уладзіслаў Фарботка.
Здаецца, што можа зрабіць чалавек у гісторыі. Як паказвае прыклад Язэпа Фарботкі – шмат.
У нашага земляка ёсць верш пра рэха І сусветнай вайны ў Беларусі. Хто б мог падумаць, што праз 100 год ён будзе ізноў акутуальны.
| Язэп Фарботка |
Роднаму краю
Край мой радзімы, знішчаны, збіты,
Зліты крывёю, слязьмі абмыты, -
Дзе ж твае месцы, дзе ж твае сёлы?
Дзе ж тваіх дзетак песьня вясёла?
Упокат пустыня й сляды пажараў,
Пасека з’места лясных абшараў,
У ямах-акопах нівы і пашы,
Горы-магілы ворага й нашы.
Нашы касцёлы зрыты з зямлёю,
Памяткі нашы сплылі з вадою,
Скарбы народу ў землі схаваны.
З гнёздаў радзімых людзі сагнаны.
Па ўсіх дарогах косці людскія,
У грузах палацы й замкі былыя.
Трупы, калекі, удовы, сіроты.
Мільён бяздомных, мільён бядноты!
То сумны вобраз роднага краю
Гэта здабытак вайны звычаю!
Край мой радзімы, горам забіты.
Ці ж доўга будзеш Богам забыты?
Не - вайне. Слава Ўкраіне.
No comments:
Post a Comment