![]() |
| Налібацкія партызаны Арміі Краёвай. |
У гады ІІ сусветнай вайны нямала ўраджэнцаў Налібацкага краю змагалася ў шэрагах польскай Арміі Краёвай. Мясцовыя жыхары называлі жаўнераў гэтага вайсковага фармавання “легіёнамі”. Калі 1 жніўня 1944 года ў Варшаве пачалося паўстанне супраць нямецкіх акупантаў, да змагання дзясяткаў тысяч варшавян далучылася Стаўбцоўска-Налібацкая групоўка Арміі Краёвай.
Навіна пра планаванае паўстанне ў Варшаве заспела жаўнераў з Налібацкай пушчы напрыканцы ліпеня. На дапамогу варшаўскім паўстанцам накіраваліся 900 “легіянераў”.
Сярод іх была 21 асоба з Налібак, 5 чалавек з Янкавіч, 2 з Прудоў, 22 з Дзераўной, 10 з Хатавы, 5 з Пільніцы, 3 з Ніўнага, 15 з Пятрылавіч, а таксама жаўнеры з Налібацкай Рудні, Заброддзя, Кляцішча, Козлікаў, Каменя і іншых пушчанскіх мясцін. Агулам 861 жаўнер.
Для налібацкіх жаўнераў паўстанне пачалося на дзень раней, чым у Варшаве. 31 ліпеня ў вёсцы Аляксандраў, каля польскай сталіцы, яны напалі на нямецкі гарнізон, які разбілі ўшчэнт. У сутыкненні загінуў адзін пушчанец.
Галоўнай задачай Стаўбцоўска-Налібацкай групоўкі быў захоп лётнішча ў варшаўскім раёне Беляны. Гэта быў стратэгічны пункт у Варшаве, ад якога ў многім залежыў лёс паўстання.
![]() |
| Шыльда ў гонар налібацкіх партызанаў у варшаўскім касцёле святога Станіслава Косткі. |
Было забіта 27 жаўнераў атраду, а 49 чалавек былі параненыя. І хоць пушчанцам не ўдалося здабыць лётнішча, то знішчэнні былі настолькі моцныя, што яно не выкарыстоўвалася да канца вайны.
Сярод параненых быў Багуслаў Грыгарцэвіч з Налібак. Яму было ўсяго 16 гадоў. Цяжка параненага “Малога” даставлі ў шпіталь у мясцовасці Ляскі пад Варшавай. Там ён і памёр. У “апошні шлях” яго праводзіў ксёндз Стэфан Вышынскі, які пазней стаў прымасам Польшчы.
![]() |
| Магіла Багуслава Грыгарцэвіча. |
З першых дзён паўстання атрады Стаўбцоўска-Налібацкай групоўкі вялі бітвы на прадмесцях сталіцы, прыкрываючы паўстанцаў у горадзе з паўночнага захаду.
На другім тыдні паўстання нямецкае камандаванне скіравала свае сілы на Стары горад у Варшаве. 14 жніўня жаўнеры з Налібацкай пушчы атрымалі загад дапамагчы атрадам у раёне Старога гораду і Жалібажа. Так званы Налібацкі батальён быў узброены найлепшымі нямецкімі і аліянцкімі пісталетамі: шмайсерамі, бергманамі, стэнамі і томсанамі.
Сур’ёзны бой з немцамі адбыўся ў раёне Гданьскага вакзалу, непадалёк ад Старога горада. Як толькі пушчанцы пачалі пераходзіць чыгуначныя шляхі, каб накіравацца ў бок Старога гораду, немцы пачалі масавы абстрэл. Партазаны з Налібацкай пушчы прабіваліся наперад, знішчаючы нямецкія бункеры і пасты праціўніка. З боку вакзала пад’ехаў бронецягнік, з якога працягвалася масавая страляніна. Пушчанцы панеслі вялікія страты. Толькі нямногім удалося выйсці з гэтай аперацыі жывымі.
![]() |
| Помнік налібацкім варшаўскім паўстанцам побач з Гданьскім вакзалам у Варшаве. |
Варшаўскае паўстанне працягвалася 63 дні. Нягледзячы на тое, што сілы немцаў у дзясяткі разоў пераўзыходзілі паўстанцкія, варшавяне змагаліся амаль два месяцы. Варшаўскае паўстанне было крывава падаўленае, забіта 16 тысяч паўстанцаў, 200 тысяч мірных жыхароў, а каля паўмільёна жыхароў сталіцы немцы выгналі са сваіх дамоў.
Партызаны Стаўбцоўска-Налібацкага батальёна пакінулі Варшаву і выйшлі ў бок Свентакшыскіх гор. Пад мястэчкам Якатараў у іх адбылася крывавая бітва з немцамі. Падчас сутыкнення ў снежні 1944 года загінуў старэйшы брат Багуслава Люцыян Грыгарцэвіч.
![]() |
| Першы з правага боку - Люцік Грыгарцэвіч. |
ДГ, пры выкарыстанні ўспамінаў Адольфа Пільха і здымкаў Станіслава Карліка.





А ці ёсць спіс налібачан і жыхароў іншых мясцовасцяў сучаснай Стаўбцоўшчыны_(у т л. Івянеччыны), якія загінулі апдчас Варшаўскага паўстання?
ReplyDeleteТак, ёсць. Можа няпоўны, але каля сотні прозвішчаў будзе.
DeleteБыло б цікава іх (прозьвішчы загінулых) апублікаваць і заадно даведацца: ці ёсць яны ў кнізе "Памяць" (Стаўбцоўскі раён)
ReplyDelete