![]() |
| Волін. |
У 2003 годзе мой сардэчны сябра, з якім у студэнцтве мы здымалі кватэру ў Варшаве, паехаў на рыцарскі фэст на выспу Волін каля Свінавуйсця. Сам ён украінец і там, падчас “бітваў”, быў ва ўкраінскай кашулі. Да яго падыйшла пані старэйшых гадоў і спытала, ці ён выпадкова не з Беларусі, бо яна нарадзілася там і шукае кагосьці, хто можа штосьці ведаць пра яе родную вёску, якую немцы спалілі падчас вайны. “А адкуль Вы?” – спытаўся мой сябра. “Я з Налібак” - адказала пані. Так, дзякуючы сябру, мы пазнаёміліся з пані Тэрэсай Банасяк-Кажушка (дарэчы, гэта не адзіны выпадак, калі ён выпадкова зводзіў мяне з іншымі налібачанамі). Па маёй просьбе пані Тэрэса напісала невялікія, але шчырыя і шчымлівыя, успаміны ваенных гадоў.
6 жніўня споўніцца 70 год ад трагічных падзеяў у Налібаках падчас ІІ Сусветнай вайны. У гэты дзень, у 1943 годзе, немцы спалілі Налібакі, частку людзей забралі ў рабства ў ІІІ Рэйх, а частку, нямоглых і старых, спалілі разам з іх дамамі. З гэтай нагоды на нашым сайце будуць з’яўляцца ўспаміны тых трагічных дзён ад налібачан замежжа і тых, хто жыве ў Налібаках сёння, а таксама і тых, каго ўжо няма з намі. Узгадвае Тэрэса Банасяк-Кажушка:
Паўсюль і заўсёды, у любых сітуацыях, нашая дапамога гэта Гасподзь Бог. Падзеі ІІ Сусветнай вайны параскідалі жыхароў Налібак і ваколіцаў па ўсім свеце. Жахі вайны перажыла і я. У лютым 1943 года я страціла тату. Яго павесілі немцы. А на пачатку жніўня немцы выгналі мяне, маю маму і малодшых братоў з нашага дому ў Налібаках і разам з іншымі налібачанамі вывезлі ў глыб ІІІ Рэйху. Гэта быў час поўны пакутаў і небяспекі. Мая мама была адна з трыма дзецьмі. Я была найстарэйшая, мне было 7 гадоў. Бартэку было 3 гады, а Петрыку было ўсяго некалькі месяцаў.
![]() |
| Шлюб бацькоў пані Тэрэсы: Антося Кажушкі і Гэлены Карневіч. |
Нашае падарожжа было вельмі небяспечным, вельмі часта мы чулі, як непадалёк выбухаюць бомбы. Але яшчэ большая небяспека здарылася з намі падчас адной з перасадак у іншы цягнік. Маме паставілі ўмову: “бярэш з сабой толькі адно дзіця, а дваіх мы забіраем у дзіцячы дом”. Я цудоўна памятаю гэты момант. Усе ішлі на лева, а нас раптам адвялі ў правы бок. Мама была ў роспачы і галасіла. І ў гэты момант Бог спаслаў нам дапамогу. Дзьве налібацкія сям’і дапамаглі маме. Яны схапілі мяне і брата і пайшлі таксама на лева. Мяне ўзяла сям’я ў якой не было дзяцей. Яны сказалі немцам, што я іх дачка. Бартэка ўзяла сям’я з адной дачкой і бабуляй. Я і сёння не магу ўявіць, як адважна мы тады сябе паводзілі з Бартэкам. Немцы нічога не западозрылі.
![]() |
| Тэрэса Кажушка разам з бацькамі каля дому ў Налібаках. |
Усіх завялі ў чарговы цягнік, які давёз нас у маёнтак нямецкага гаспадара. Там мы працягвалі жыць у “новых сем’ях”. Напрыканцы вайны наш гаспадар зразумеў, што ў маёй мамы трое дзяцей, але ён нас не выдаў. Свабоду нам прынеслі амерыканскія войскі. Маёй маме прапанавалі выехаць у Амерыку. Там ужо даўно ў Нью-Ёрку жылі дзве сястры бабулі – Ганна і Марыя. Але мама адмовілася і прыняла рашэнне вяртацца дадому. Нас перадалі савецкаму войску і тады мама зразумела, што вяртацца ў Налібакі няма сэнсу, там быў СССР. У ліпені 1945 года мы прыехалі ў Польшчу, у Аляксандраў Куяўскі. Адразу пасля прыезду мама цяжка захварэла на тыф. Мы нават запрашалі святара, які адправіў абрад апошняга памазання. Я ўсім сэрцам маліла Божую Маці, каб мая мама выжыла. Мама неўзабаве акрыяла і вярнулася да нас.
![]() |
| Тата пані Тэрэсы Антось Кажушка (трэці злева) разам з братамі стварыў ансмабль у Налібаках. |
Божая апека і дабрыня заўсёды былі са мной. Дзякуючы Божаму провіду я сустрэла вашага сябра, які пазнаёміў мяне з Вамі і дзякуючы чаму я цяпер ведаю пра лёс Налібак.
![]() |
| Пані Тэрэса з мужам Станіславам на выспе Волін. 2003 год. |
Памяць пра свой родны кут я назаўжды захаваю ў сваёй памяці і сэрцы. Там заўсёды жылі і жывуць высакародныя людзі.
У Налібаках пахаваная мая бабуля Ядвіга Карневіч і мой тата Антось Кажушка, якога забілі немцы. Каля таты пахаваны яго брат Вітальд. Яго забілі бальшавікі ў траўні 1943 года.
Мае налібацкія сваякі жывуць сёння ў Польшчы, ЗША, Канадзе, Францыі й Англіі. У Налібаках нікога не засталося. Але засталіся ўспаміны пра жыццё там. Вясёлыя, сумныя і трагічныя.
Тэрэса Банасяк-Кажушка.





No comments:
Post a Comment